ЭСКАЛАЦЫЯ НА БЕЛАРУСКА-УКРАІНСКАЙ МЯЖЫ
Святлана Ціханоўская асудзіла спробы рэжыму па эскалацыі сітуацыі на беларуска-ўкраінскай мяжы і заявы дыктатара пра сцягванне беларускіх войскаў у памежныя раёны. Таксама 5 верасня ў Беларусі былі збітыя два дроны расійскія дроны-камікадзэ тыпу «Шахед». Гэта не першы выпадак: апошнімі месяцамі неба над Беларуссю рэгулярна прасякалі «Шахеды». Святлана Ціханоўская пракаментавала сітуацыю: «Я патрабую ад Расіі спыніць парушэнне нашых межаў і заклікаю вайсковае кіраўніцтва Беларусі спыніць супрацоўніцтва з расійскімі вайскоўцамі, зрабіць усё, каб абараніць нашую зямлю і нашых людзей».
ПЛАНЫ НА 2025 ГОД
Аб’яднаны Пераходны Кабінет, Офіс Святланы Ціханоўскай і Каардынацыйная Рада, а таксама беларускія НДА працягваюць сустрэчы і кансультацыі на тэму так званых выбараў 2025 году, якія могуць прайсці ў лютым 2025 году. Ёсць супольная пазіцыя: гэтыя «выбары» не могуць быць прызнаныя свабоднымі і справядлівымі. Дэмакратычныя сілы выпрацуюць супольную пазіцыю і правядуць агульную кампанію.
СУСТРЭЧЫ З БЕЛАРУСКІМІ УЦЕКАЧАМІ І БЫЛЫМІ ПАЛІТЗНЯВОЛЕНЫМІ
Святлана Ціханоўская наведала шэлтар «Замак» беларускай арганізацыі «Дапамога» ў Вільні, дзе сустрэлася з беларускімі палітычнымі ўцекачамі ў Літве. Падчас сустрэчы абмеркавалі праблемы легалізацыі беларусаў у Літве, а таксама правядзенне супольных акцыяў. Таксама Святлана Ціханоўская сустрэлася з былымі беларускімі палітзняволенымі. Падчас сустрэчы абмеркавалі праграмы падтрымкі палітвязняў, намаганні па іх вызваленні, а таксама планы дэмакратычных сілаў.
ПАМІЛАВАННЕ ПАЛІТВЯЗНЯЎ
4 верасня было анансавана вызваленне яшчэ 30 палітзняволеных з беларускіх турмаў, большасць з якіх – бацькі непаўналетніх дзяцей. Святлана Ціханоўская прывітала вызваленне і заклікала змагацца за вызваленне ўсіх астатніх. Раней, у жніўні былі вызвалены 30 палітзняволеных, якія маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем. На 31 жніўня ў месцах пазбаўлення волі ўтрымліваюцца 1376 палітвязняў. Сярод іх 177 жанчын і не менш за 15 чалавек з інваліднасцю.
МАРЫЯ КАЛЕСНІКАВА І ПАЛІНА ШАРЭНДА-ПАНАСЮК
Святлана Ціханоўская заклікала змагацца за вызваленне палітзняволеных Марыі Калеснікавай і Паліны Шарэнды-Панасюк. 4 верасня стала вядома пра пагаршэнне стану Паліны Шарэнды-Панасюк, якой не аказваюць медычную дапамогу і трымаюць у жудасных умовах. Днямі раней з’явіліся навіны пра катаванні над Машай Калеснікавай, якая праз здзекі схуднела да 45 кілаграмаў пры росце 175 см.
ВЫЗВАЛЕННЕ БЕЛАРУСКІ Ў АРМЕНІІ
Офіс Святланы Ціханоўскай дзякуе кіраўніцтву Арменіі за спрыянне ў вызваленні беларускі Дзіяны Маісеенкі, якая была затрыманая на запыт рэжыму Лукашэнкі 2 верасня пры перасячэнні мяжы Грузія-Арменія. Офіс Святланы ЦІханоўскай звязаўся з прадстаўнікамі Арменіі, праз некаторы час Дзіяна Маісеенка была вызваленыя, а абмежаванні на яе перамяшчэнне былі знятыя.
НАПАДЫ НА БЕЛАРУСКІЯ АРГАНІЗАЦЫІ Ў ЛІТВЕ
Цягам апошняга тыдня адбыліся некалькі нападаў на беларускія арганізацыі і ўстановы ў Літве, былі абстраляныя вокны беларускай праваслаўнай царквы і беларускага музея. Офіс: «Такія дзеянні, відавочна, накіраваныя на тое, каб пасеяць варожасць паміж беларусамі і літоўцамі. Мы ўпэўненыя: за гэтым стаіць рэжым Лукашэнкі, які пастаянна спрабуе стварыць атмасферу страху і нянавісці ў беларускім грамадстве і ў суседніх краінах».
ДЗЕНЬ ВАЙСКОВАЙ СЛАВЫ
8 верасня адзначаецца Дзень беларускай вайсковай славы – у гонар бітвы пад Воршай 1514 года. Святлана Ціханоўская: «Я веру, што дух нашых продкаў жыве ў кожным з нас. І менавіта сёння кожны з нас можа рабіць унёсак у гэтую барацьбу – праз выхаванне дзяцей, вывучэнне мовы, дапамогу вайскоўцам ва Украіне. Памятайце: як і 500 гадоў таму, праўда і справядлівасць на нашым баку».
ДЗЕНЬ НАРОДЗІНАЎ МАКСІМА ЗНАКА
Чацвёрты Дзень народзінаў сустрэў за кратамі Максім Знак. Святлана Ціханоўская – да яго Дня народзінаў: «Максім заўсёды здзіўляў мяне здольнасцю аб’ядноўваць у сабе мяккасць і душэўнасць з нязломнасцю характару і ўнутранай сілай. Ён здольны слухаць і спачуваць, і пры гэтым заставацца цвёрдым і прынцыповым. Падчас сумеснай працы ў яго словах я чула непахіснасць і глыбокую ўпэўненасць у правільнасці абранага шляху».
ПАДТРЫМКА ПАЛІТЗНЯВОЛЕНЫХ
На гэтым тыдні каманда Офіса выпусціла новую старонку на сайце, дзе размешчаныя магчымыя спосабы дапамагчы палітвязням і іх сем’ям. Святлана Ціханоўская: «Нават самая невялікая падтрымка мае вялікае значэнне, таму пішыце лісты палітвязням, дасылайце пасылкі і рабіце данаты, калі гэта бяспечна для вас. Вашая дапамога – гэта іх надзея вярнуцца дадому».
СТЫПЕНДЫІ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ У ЧЭХІІ
Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі склаў спіс стыпендый, якія дазволіць вучыцца бясплатна беларусам у Чэхіі. Раней каманда Офіса падрыхтавала спіс адукацыйных магчымасцяў па ўсім свеце.
МЕДЫЯ
На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю каналу Дзмітрыя Гардона (Украіна): відэаразмова і тэкст, PAP (Польшча), Диалог (Украіна), EuroZprávy (Чэхія), Avisen Danmark (Данія).