Святлана Ціханоўская наведала шэлтар «Замак» беларускай арганізацыі «Дапамога» ў Вільні.
Падчас сустрэчы для беларускай лідаркі правялі экскурсію па шэлтару. Гэтае месца стала домам для беларусаў і беларусак, што вымушана з’ехалі з краіны па палітычных матывах. Галоўнай падзеяй вечара стала шчырая размова Святланы Ціханоўскай з жыхарамі «Замка».
Вось што абмеркавалі:
📎 як ментары ствараюць сямейную атмасферу, атачаюць людзей падтрымкай, дапамагаюць вяртацца да жыцця ў новай краіне. Важна адзначыць, што ўсе ментары шэлтара – валанцёры.
📎 пытанні і запыты, з якімі беларусы і беларускі могуць звярнуцца да Офіса.
📎 спосабы падтрымкі і метады вызвалення палітзняволеных.
📎 пытанні юрыдычнай легалізацыі ў Літве, а таксама бяспечнага пражывання нашых грамадзян у гэтай краіне
Святлана Ціханоўская: «Я добра разумею, як багата вы робіце для беларусаў і беларусак – і цешуся гэтай працай. Асабліва прыемна была адчуць атмасферу сяброўскага цяпла і ўтульнасці, што пануе ў шэлтары. Усім беларусам за мяжой гэтага так не хапае! Дзякуй кіраўніцы «Дапамогі» Наталлі Калегавай за адданасць справе і веру ў людзей. Тут сапраўды адчуваеш – «беларус беларусу беларус!»
У суботу, 7 верасня, «Дапамога» святкуе Дзень Народзінаў і запрашае далучыцца ўсіх жадаючых.