РЭЗАЛЮЦЫЯ ПАРЕ. 20 чэрвеня Святлана Ціханоўская выступіла на паседжанні Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, дзе заклікала дэпутатаў ПАРЕ прагаласаваць за прыняцце рэзалюцыі аб абароне беларусаў у выгнанні. На галасаванні па рэзалюцыі абсалютная большасць дэпутатаў выступіла за яе прыняцце. Тэкст рэзалюцыі падрыхтаваны на падставе даклада дэпутата з Люксембурга Пола Галя. У рэзалюцыі гаворыцца пра неабходнасць ліквідаваць адміністрацыйныя і юрыдычныя перашкоды для беларусаў у выгнанні і забяспечыць людзям адпаведны ўзровень абароны. Таксама прапануецца выдаваць гуманітарныя візы ва ўсіх амбасадах/консульствах, якія працягваюць працаваць у Мінску.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр распавядае пра тое, якія праблемы былі акрэсленыя ў рэзалюцыі і якія будуць наступныя крокі.
СКАРГА Ў КПЧ ААН. Камітэт па правах чалавека ААН разгледзіць скаргу Святланы Ціханоўскай – 9 чэрвеня 2023 г. скарга была зарэгістраваная. Яна была падрыхтаваная праваабарончай арганізацыяй Respect – Protect – Fulfill. Па словах Мікіты Мацюшчанкава, юрыста RPF, рашэнне па гэтай скарзе мае вялікае значэнне для ўсіх нас, бо яно з'яўляецца юрыдычным пацвярджэннем нелегітымнасці Лукашэнкі, у адрозненне ад палітычных заяваў.
СЛУХАННІ Ў КААРДЫНАЦЫЙНАЙ РАДЗЕ. Кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская прыняла рашэнне правесці слуханні ў Каардынацыйнай Радзе да 1 жніўня, каб заслухаць справаздачы і ўзгадніць кандыдатуры прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета.
ВІЗІТ У СТРАСБУРГ. 19-20 чэрвеня Святлана Ціханоўская знаходзілася ў Страсбургу, дзе ўзяла ўдзел у слуханнях ПАРЕ, выступіла перад Палітычным камітэтам ПАРЕ, жанчынамі ПАРЕ, а таксама амбасадарамі краінаў Рады Еўропы. Беларуская лідарка сустрэлася з нацыянальнымі дэлегацыямі, партыйнымі групамі і кіраўніцтвам Рады Еўропы. Пра вынікі візіту чытайце па спасылцы.
САЛІДАРНАСЦЬ З ПАЛІТВЯЗНЯМІ. 20 чэрвеня беларускі «суд» вынес чарговы вырак за сумленную працу і жаданне дапамагаць людзям – 7 гадоў калоніі атрымала праваабаронца Наста Лойка. Святлана Ціханоўская пракаментавала: «Яна гучна казала пра тыя праблемы, якія любіць ігнараваць рэжым. Наста – моцная жанчына з вялікім сэрцам, але ёй, як і тысячам беларускіх палітзняволеных, патрэбная нашая ўвага і падтрымка».
ІМПРЭЗА «ЯДНАЙСЯ!». 14 чэрвеня ў Варшаве прайшла імпрэза «Яднайся!», якая сабрала больш за 20 беларускіх грамадскіх арганізацыяў і ініцыятываў. Падчас імпрэзы выступалі беларускія музыкі, былі праведзеныя панельныя дыскусіі, а ініцыятывы распавядалі беларусам пра сваю дзейнасць. Падрабязней пра тое, як прайшла імпрэза – глядзіце ў відэа.
ПРЫСУД СВЯТЛАНЫ ЦІХАНОЎСКАЙ. 6 сакавіка беларускі «суд», у асобе Пятра Арлова, вынес Святлане Ціханоўскай завочны прысуд – 15 гадоў пазбаўлення волі. 20 чэрвеня стала вядома, што Вярхоўны Суд Беларусі разгледзеў яе апеляцыйныя скаргі і пакінуў прысуд без зменаў. Святлана Ціханоўская пракаментавала: «Падаючы гэтую апеляцыю, я не спадзявалася на адмену прысуду, а фіксавала беззаконне».
РЭАКЦЫЯ НА ПАДЗЕІ Ў РАСІІ. 24 чэрвеня ПВК пад кантролем Яўгена Прыгожына кінула выклік афіцыйнай уладзе Расіі і менш чым за суткі «вагнераўцы» занялі Растоў і Варонеж.
Святлана Ціханоўская звярнулася да беларускай арміі, чыноўнікаў і сілавікоў: «Зараз найлепшы шанец выгнаць расійскіх вайскоўцаў з нашай краіны». Таксама Ціханоўская звярнулася да беларусаў і беларусак: «Прычына нашых праблемаў – сядзіць у палацы Незалежнасці».
МАГЧЫМАСЦІ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ. Еўрапейскі Саюз абвяшчае конкурс заявак на атрыманне стыпендыяў на навучанне ва ўніверсітэтах Літвы, Латвіі, Чэхіі і Польшчы для беларускіх студэнтаў і абітурыентаў, якія знаходзяцца пад пераследам з-за сваёй грамадска-палітычнай пазіцыі ці дзейнасці, або ўжо трапілі пад рэпрэсіі. Для ўдзелу ў конкурсе неабходна не пазней за 30 чэрвеня 2023 запоўніць анкету. Падрабязней пра конкурс і яго ўмовы – чытайце тут.
ВАЛАНЦЁРЫ ОФІСА. Валанцёры Офіса правялі вялікую размову з прэс-сакратаркай Святланы Ціханоўскай Ганнай Красулінай. Як Офіс выпрацоўвае пазіцыі, якія камунікуе беларусам і свету, і што можа рабіць кожны і кожная, каб прасоўваць беларускі парадак дня – чытайце тут. Таксама валанцёры Офіса ўдзельнічалі і дапамагалі на імпрэзе «Яднайся!», падрабязней чытайце па спасылцы. Далучыцца да валанцёрскай праграмы і пачаць дапамагаць нам можна праз тэлеграм-бот, а падтрымаць валанцёраў – праз збор на BYSOL.
РАЗМОВЫ З БЕЛАРУСАМІ. У чацвер, 22 чэрвеня, Святлана Ціханоўская правяла штотыднёвыя асабістыя размовы з беларусамі. Прачытаць пра тое, што такое асабістыя размовы і як яны праходзяць можна тут.
ПРЭЗЕНТАЦЫЯ КНІГІ. 22 чэрвеня, у 18:00 (па беларускім часе) Даследчы цэнтр Офіса Святланы Ціханоўскай і Оксфардская абсерваторыя па Беларусі прадставілі кнігу «Беларусь у XXI стагоддзі: паміж дыктатурай і дэмакратыяй», для якой Святлана Ціханоўская напісала прадмову.
ПОЛІСІ-БРЫФЫ. Оксфардская абсерваторыя па Беларусі пры дапамозе Даследчага цэнтра Офіса Святланы Ціханоўскай ды Інстытута глабальнага ўстойлівага развіцця Уорыцкага ўніверсітэта склала полісі-брыфы на тэмы: «Рэпрэсіі і культурны супраціў: як дапамагаць беларусам змагацца з культурным прыгнётам?»; «Беларускі антыаўтарытарны рух і правы жанчын: жаночы актывізм падчас тэрору і вайны»; «Беларусь у знешняй палітыцы Украіны».
МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю PACE (Міжнароднае), Наталія Мосейчук (Украіна), Polskie Radio 24 (1, 2) (Польшча), Express (1, 2) (Вялікабрытанія).