• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Выступ Святланы Ціханоўскай на пасяджэнні Палітычнага камітэта Рады Еўропы ў Страсбургу, 2023

    20 чэрвеня, 2023

    «Паважаны старшыня Жолт Немет,
    Паважаныя чальцы ПАРЕ,
    Дарагія сябры з Беларусі,

    Я радая бачыць, што супраца паміж беларускім дэмакратычным рухам і ПАРЕ з кожным годам робіцца ўсё мацнейшай. І вельмі прыемна бачыць, што прадстаўнікі беларускіх партыяў рэгулярна ўдзельнічаюць у паседжаннях паліткамітэта. Гэта добра, што тут гучыць голас беларусаў, а не рэжыму.

    Я хачу падзякаваць Палітычнаму камітэту і дакладчыку – паважанаму Эмануэлісу – за моцныя і ўпэўненыя фармулёўкі, выкарыстаныя ў праекце рэзалюцыі. Гэтая рэзалюцыя і выніковая дэкларацыя саміту ў Рэйк'явіку ўсяляюць у мяне ўпэўненасць, што Беларусь застанецца на парадку дня Парламенцкай асамблеі.

    Пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года нашая мэта не змянілася: гэта па-ранейшаму свабодная, незалежная і еўрапейская Беларусь. Мы застаемся адзінымі ў барацьбе з рэжымам Лукашэнкі, а таксама з расійскім імперыялізмам. Мы застаемся адзіныя ў нашых патрабаваннях: усе палітычныя вязні павінны быць вызваленыя. Усе расійскія войскі павінны пакінуць Беларусь. Павінны быць праведзеныя новыя свабодныя і сумленныя выбары.

    Гэтыя мэты сёння могуць здацца цяжкадасягальнымі, але мы спынімся толькі тады, калі вернем нашую краіну.

    Дарагія сябры,

    Мне б вельмі хацелася, каб сітуацыя ў Беларусі стала лепшай. На жаль, гэта не так. Ёсць дзве важныя тэндэнцыі. Першая: паскарэнне паглынання Беларусі Расіяй. Другая: узмацненне рэпрэсій і жорсткага абыходжання з палітвязнямі.

    Рэжым стварае невыносныя ўмовы для палітвязняў. Я не атрымлівала вестак ад майго мужа Сяргея з 10 сакавіка. З красавіка мы нічога не чулі ад Віктара Бабарыкі, якога шпіталізавалі з турмы са слядамі збіцця. Да яго не пускаюць ні чальцоў сям'і, ні адвакатаў. Яшчэ адзін палітвязень, Мікалай Клімовіч, памёр у турме ў мінулым месяцы.

    У сярэднім кожны дзень затрымліваецца 15 чалавек. Актывісты, журналісты, студэнты, чыноўнікі, настаўнікі, дактары, прадпрымальнікі. Праваабаронцы страцілі лік палітвязням. Нам вядомыя імёны 1500 з іх, але рэальная колькасць можа даходзіць да 5000. Людзі, якім пагражае крымінальны пераслед, не могуць бяспечна пакінуць краіну і ўжо сапраўды не могуць разлічваць ні на які справядлівы суд.

    На жаль, адсутнасць міжнароднай рэакцыі развязвае рукі рэжыму. Больш за год не ўводзілася ніякіх моцных санкцый. Хоць уведзеныя санкцыі і моцныя, але яны не выконваюцца ў поўным аб'ёме з-за шчылінаў. Усё гэта стварае ў прыхільнікаў рэжыму адчуванне беспакаранасці.

    Тым часам рэжым працягвае дапамагаць Расіі ў яе вайне супраць Украіны. Ён працягвае даваць тэхніку і палігоны для навучання. Толькі сёлета Лукашэнка паставіў расійскаму войску больш за 130 тысячаў тонаў боепрыпасаў. Праводзяцца пастаянныя ваенныя вучэнні, каб адцягнуць украінскія сілы ад контрнаступу.

    У мінулую пятніцу Пуцін аб'явіў пра размяшчэнне расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Калі гэта праўда, то гэта было зроблена насуперак беларускай Канстытуцыі, міжнароднаму рэжыму нераспаўсюджвання зброі масавай паразы і волевыяўленню беларускага народа. З аднаго боку, Пуцін імкнецца шантажаваць Захад, прымусіць яго зменшыць падтрымку Украіны. З іншага боку, ён імкнецца забяспечыць кантроль Расіі над Беларуссю.

    Расія адкрыта ўмешваецца ва ўнутраныя справы Беларусі. Там хочуць падпарадкаваць сабе нашую краіну. Там хочуць паставіць нас на шлях супрацьстаяння з нашымі суседзямі. Размова ідзе не пра двухбаковыя адносіны двух народаў. Гэта ціск, які працягваецца, з мэтай знішчыць Беларусь як незалежную дзяржаву. Расіі трэба атрымаць выразны сігнал: тое, што яе ўлады робяць супраць Беларусі, незаконна.

    Беларусы ніколі не пагодзяцца на рускае ярмо. Беларусы не падтрымліваюць вайну Расіі супраць Украіны. Беларусы дэманструюць адвагу, змагаючыся з рэжымам Лукашэнкі, а таксама дапамагаючы Украіне на палях бояў. Многія адправіліся ва Украіну ў якасці добраахвотнікаў. Іх найбуйнейшае фармаванне – Полк Кастуся Каліноўскага, які зараз удзельнічае ва ўкраінскім контрнаступе.

    Мы зможам перамагчы, толькі калі будзем адзіныя. У мінулым годзе мы стварылі Аб'яднаны Пераходны Кабінет, да якога далучыліся вядомыя палітычныя лідары. Мы супрацоўнічаем з палітычнымі партыямі. Нядаўна рэфармаваная Каардынацыйная рада стала платформай для каардынацыі паміж палітычнымі дзеячамі і грамадзянскай супольнасцю. Мы працуем над сумеснай стратэгіяй, каб усе актары дзейнічалі ўзгоднена.

    Каб узмацніць сувязі паміж беларусамі ўнутры краіны і ў выгнанні, мы запусцілі лічбавую платформу «Новая Беларусь». Там беларусы могуць удзельнічаць у палітычным працэсе, галасаваць і супрацоўнічаць адно з адным. У гэтым годзе мы плануем пачаць выдачу новых нацыянальных пашпартоў Беларусі. Такім чынам мы хочам вырашыць праблему праязных дакументаў для дзясяткаў тысячаў людзей у вымушанай эміграцыі. Спадзяюся, вельмі хутка праект будзе гатовы і вы зможаце прызнаць новыя пашпарты. Так, у рэжыма больш не будзе магчымасці кантраляваць жыццё людзей, нават калі яны жывуць у свабодных краінах.

    Мы разумеем, што змены ў Беларусь мусяць прынесці самі беларусы. Але мы не можам зрабіць гэта ў адзіночку. Нам патрэбная падтрымка міжнароднай супольнасці.

    Міжнародная стратэгія ў дачыненні да Беларусі павінна ўключаць чатыры асноўныя напрамкі: 1) ціск на рэжым; 2) дапамога дэмакратычнаму руху; 3) прыцягненне вінаватых да адказнасці; 4) праца па стварэнні еўрапейскай будучыні Беларусі.

    • Па-першае, ціск. Мы павінны ўзмацніць эканамічны і палітычны ціск на рэжым Лукашэнкі і Расію. Трэба кантраляваць і забяспечваць выкананне санкцый. Таксама неабходна накласці санкцыі на суддзяў, прапагандыстаў і вайсковых чыноўнікаў. Спартоўцам, якія падтрымліваюць рэжым і вайну, павінна быць адмоўлена ва ўдзеле ў спартовых спаборніцтвах.
    • Другое: адказнасць. Лукашэнка павінен быць аддадзены пад трыбунал разам з Пуціным. Нядаўна мы даведаліся, што Лукашэнка быў саўдзельнікам у дэпартацыі ўкраінскіх сіротаў у Беларусь. І я ведаю, што ўкраінская дэлегацыя ў ПАРЕ ўжо падрыхтавала рэзалюцыю па гэтай справе. Лукашэнка мае доўгі спіс злачынстваў, у тым ліку злачынствы супраць чалавечнасці, злачынствы агрэсіі, арганізацыю міграцыйнага крызісу і ўгон самалёта. Мы павінны пазбавіць Лукашэнку недатыкальнасці і аб'явіць яго рэжым злачынным.
    • Па-трэцяе, падтрымка. Вельмі важна падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць, СМІ і дэмакратычныя сілы. У нас ёсць рэсурсы для выжывання, але нам патрэбныя рэсурсы для перамогі. Падтрымайце беларускую культуру і мову. Расія робіць усё магчымае, каб выкараніць нашую нацыянальную ідэнтычнасць, як яна гэта робіць на акупаваных тэрыторыях Украіны. Моцная нацыянальная ідэнтычнасць – найлепшае проціяддзе ад «рускага свету». Як парламентары, вы можаце выказаць сваю салідарнасць з палітычнымі вязнямі. Вы можаце стаць сімвалічнымі хроснымі для іх. Таксама вы можаце дапамагчы нашым добраахвотнікам ва Украіне: сустрэньцеся з байцамі ці жонкамі загінулых у баях.
    • Чацвёртае: доўгатэрміновы курс. Нам патрэбная еўрапейская перспектыва для Беларусі. Мы павінны вярнуць Беларусь у Еўропу, а Еўропу – у Беларусь. Далучэнне да Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека і сяброўства ў Радзе Еўропы павінны стаць нашым першым крокам. Мы ўжо стварылі Кантактную групу ў Радзе Еўропы. Таксама трэба аформіць прысутнасць беларускіх палітычных партыяў у ПАРЕ. Вы можаце даць ім статус назіральнікаў ці спецыяльных гасцей. Гэта стала б правільным сігналам для беларусаў, а таксама ўдарыла б па легітымнасці Лукашэнкі.

    Запрашайце беларусаў на міжнародныя форумы і мерапрыемствы, арганізуйце слуханні ў сваіх Парламентах. Далучайцеся да парламенцкіх групаў сяброў дэмакратычнай Беларусі, яны ёсць ужо ў 18 краінах.

    Нам трэба быць гатовымі да новага вакна магчымасцяў. Рэжым Лукашэнкі значна больш крохкі, чым падаецца. Мы павінны зрабіць так, каб Беларусь пайшла па еўрапейскім шляху і стала незалежнай ад Расіі. Беларусь выйдзе з Саюзнай дзяржавы і АДКБ. Неабходна будзе хутка правесці рэформы і прыняць новую Канстытуцыю, якая не дапусціць у будучыні вяртання тыраніі ў Беларусь.

    Нам спатрэбіцца план Маршала для Усходняй Еўропы, у які ўвойдзе і Беларусь. Да нашага рэгіёну патрэбны комплексны падыход – толькі так можна гарантаваць поспех стратэгіі ва ўсіх краінах рэгіёну. Беларусь павінна стаць важнай апорай бяспекі і стабільнасці Еўропы, а не сталай пагрозай.

    Дарагія сябры,

    Дазвольце мне яшчэ раз падзякаваць вам за ваш час і ўвагу. Калі ласка, дапамажыце нам вярнуць Беларусь у сусветны парадак дня. Не забывайцеся Беларусь ні на адзін дзень. У іншы дзень можа не аказацца шанцу. Свабодная Беларусь стане мацнейшай за любыя санкцыі супраць Пуціна і будзе вырашальнай падмогай у перамозе Украіны.

    Слава Украіне!
    Жыве Беларусь!»

     

    Апошнія навіны