9 чэрвеня 2023 г. Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў скаргу Святланы Ціханоўскай. Яна была падрыхтаваная праваабарончай арганізацыяй Respect – Protect – Fulfill, якая таксама прадстаўляе Ціханоўскую ў Камітэце.
У скарзе сцвярджаецца, што ўлады Беларусі парушылі права Святланы Ціханоўскай быць абранай на сумленных выбарах, права на справядлівае судовае разбіральніцтва і права не быць катаваным, што выявілася ў гвалтоўным выгнанні яе з краіны. У скарзе сабраныя шматлікія сведчанні таго, як улады перашкаджалі выбарчай кампаніі Ціханоўскай у 2020 годзе, а таксама прадстаўленыя дадзеныя ад ініцыятываў Голас, Зубр і Сумленныя людзі, якія даказваюць, што вынікі выбараў, абвешчаныя ЦВК, не адпавядаюць таму, як галасавалі беларусы насамрэч.
Па словах Мікіты Мацюшчанкава, юрыста RPF, няма сумневаў у тым, што Камітэт усталюе парушэнне правоў Святланы Ціханоўскай. Рашэнне па гэтай скарзе мае вялікае значэнне для ўсіх нас, бо яно з'яўляецца юрыдычным пацвярджэннем нелегітымнасці Лукашэнкі, у адрозненне ад палітычных заяваў. А высновы Камітэта могуць быць скарыстаныя ў розных міжнародных кантэкстах, напрыклад, пры вызначэнні абавязальніцтваў і адказнасці Беларусі, якія ўзнікаюць у выніку дзеянняў рэжыму Лукашэнкі.