– Працоўны тыдзень Святлана Ціханоўская правяла ў Вашынгтоне, дзе правяла перамовы ў Дзярждэпе і Белым доме – з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам і дарадцам Байдэна па нацыянальнай бяспецы Джэйкам Саліванам. Таксама яна сустрэлася з былой дзяржсакратаркай Мадлен Олбрайт, сенатарамі і кангрэсменамі, выступіла на адкрыцці беларускага кокуса ў Кангрэсе ЗША. Гэта першы ў гісторыі Беларусі візіт у ЗША такога ўзроўня.
– Цяпер у Палаце прадстаўнікоў ЗША ёсць беларускі кокус – група амерыканскіх кангрэсменаў, якія будуць працаваць па тэме Беларусі. Многія краіны маюць прадстаўнічыя групы ў ЗША дзясяткі гадоў. Ціханоўская працуе над тым, каб такая група з’явілася і ў Сенаце.
– Ціханоўская правяла сустрэчу з амбасадарамі і кіраўнікамі місій усіх 27 краін ЕС і амбасадаркай ЗША Джулі Фішэр. Прадстаўнікі Беларусі, ЗША і ЕС упершыню за адным сталом на трохбаковай сустрэчы абмяркоўвалі тэму Беларусі.
– Святлана Ціханоўская разам з амбасадаркай ЗША Джулі Фішэр, амбасадаркай Літвы Аўдрай Плепітэ і амбасадарам Польшчы Пятром Вільчэкам усклала кветкі да мемарыялу нацыянальнага героя Тадэвуша Касцюшкі і мемарыялу ахвяраў камунізму. Разам з амбасадаркай Украіны ў ЗША Аксанай Маркаравай Святлана Ціханоўская ўсклала кветкі і да мемарыялу ахвярам Галадамору.
– Ціханоўская падпісала і падарыла бібліятэцы Кангрэса ЗША кнігу пра беларускі пратэст «Я выходжу».
– Ціханоўская працягвае свой працоўны візіт у Нью-Ёрку. У нядзелю 25 ліпеня яна сустракаецца з беларусамі дыяспары і выступае ў Беларускай царкве ў Брукліне. У буднія дні беларуская лідарка правядзе сустрэчы з прадстаўнікамі палітычных і грамадзянскіх арганізацый, выступіць у Радзе па міжнародных адносінах. Падрабязнасці яе сустрэч будуць апублікаваныя пазней.
– Ціханоўская распавяла пра сітуацыю ў Беларусі амерыканскім СМІ The National Interest, PBS NewsHour, Голас Амерыкі, CNN (раз, два, тры), NPR, MSNBC, The Dispatch, AXIOS, CSMonitor і шоу Morning Joe. Іх агульны ахоп – некалькі мільёнаў чалавек. Таксама Ціханоўская прыняла ўдзел у дыскусіі Atlantic Council, адказала на пытанні POLITICO (ЕС) і Berlingske (Данія).
– Святлана Ціханоўская вядзе дзённік працоўнага візіту ў ЗША. Паглядзець выпускі можна на канале «Краіна для жыцця».
– Каманда Ціханоўскай заклікала дэлегаваць назіральнікаў у турмы Беларусі, паколькі пандэмія выкарыстоўваецца рэжымам як біялагічная зброя.
– Валанцёры Офіса адправілі больш за 1000 паштовак палітвязням. Офіс правёў сумеснае тэлефанаванне з актывістамі лакальных супольнасцяў і прадстаўнікамі плана «Перамога».