15 мая 2025 года ў Французскім інстытуце ў Празе адбылася знакавая імпрэза “Яе гісторыя — наша будучыня: беларускія жанчыны, якія мяняюць свет” | “Her Story, Our Future: Belarusian Women Making a Difference”. Мерапрыемства аб’яднала на адной сцэне лідарак і актывістак беларускай дэмакратычнай супольнасці, каб ушанаваць ролю жанчын у барацьбе за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. Трохгадзінная падзея выклікала непадробны інтарэс у дыпламатаў з ЗША, Францыі, Эстоніі, якія засталіся да самага канца, як і прадстаўнікі міжнародных арганізацый.
Арганізатарам мерапрыемства выступіў Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы на чале з дырэктаркай Крысцінай Шыянок. Ва ўступным слова яна выказала асаблівую падзяку Французскаму інстытуту ў Празе за гасціннасць, а таксама асобна прывітала д-ра Ларса-Андрэ Рыхтэра, дырэктара Цэнтральнаеўрапейскага офіса Friedrich Naumann Foundation for Freedom, і яго жонку Анэ-Кароліне Рыхтэр, падкрэсліўшы, што фонд з’яўляецца галоўным спонсарам імпрэзы.
Праграма мерапрыемства
Вечар адкрыўся спецыяльным відэазваротам абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай. У сваёй прамове яна адзначыла, што сапраўдная роўнасць і поўная самарэалізацыя беларускіх жанчын магчымыя толькі ў дэмакратычнай Беларусі.
Пасля відэазвароту госіц ўбачылі моцны сольны тэатральны выступ “Сувязь” | “Connection” у выкананні вядомай беларускай акторкі Марыны Якубовіч.
Монаспектакль паказвае пакуты, роздумы і пачуцці шматлікіх палітзняволеных жанчын у Беларусі — у тым ліку Марыі Калеснікавай — і створаны на аснове лістоў, а таксама гісторый тых, хто апынуўся на волі. Паводле Марыны Якубовіч, яе „перфоманс“ прысвечаны ўсім беларускім палітвязняволеным, асабліва жанчынам, якія апынуліся за кратамі за сваю грамадзянскую пазіцыю, але галоўнай мэтавай аўдыторыяй спектакля з’яўляюцца менавіта еўрапейскі глядач, якога ўбачанае не павінна пакінуць абыякавым у кантэксце дапамогі беларусам і беларуская.
У другой частцы мерапрыемства прагучалі асабістыя гісторыі выбітных жанчын з розных сфер — акадэмічнай, культурніцкай, медыйнай, а таксама адбылася панэльная дыскусія пра ролю беларускіх жанчын у пратэстах і пасля іх. Мадэравала дыскусію журналістка Радыё Свабода Ганна Соўсь, якая раней вяла перадачу Толькі жанчынык, а асноўнымі спікеркамі сталі:
Вольга Шпарага — філосафка і аўтарка кнігі “У рэвалюцыі жаночы твар. Выпадак Беларусі”, прысвечанай беларускім пратэстам, даследчыца у Цэнтры гісторыі трансфармацыі ў Вене і выкладчыца ва Ўнівэрсытэце дыстанцыйнага навучаньня ў Гаґене (Нямеччына). Яна разважала пра ўнікальную ролю беларускіх жанчын у цяперашнім змаганні за свабоду і дэмакратыю.
Галіна Казіміроўская — кіраўніца “Вольнага хору” і Мастацкай школы імя Равенскага ў Варшаве. Яна распавяла пра культурны супраціў і захаванне беларускай ідэнтычнасці праз музыку і мастацкія акцыі.
Аліна Коўшык — галоўная рэдактарка тэлеканалу “Белсат”, былая прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні ў Аб’яднаным пераходным кабінеце Святланы Ціханоўскай. Яна падзялілася гісторыямі сваіх калег-журналістак — Кацярыны Андрэевай, Ларысы Шчыраковай і Ірыны Слаўнікавай — якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зняволення за прафесійную дзейнасць і вернасць праўдзе.
Марына Якубовіч — выкладчыца акторскага майстэрства ва ўнівэрсытэце Моцартэум у Зальцбургу (Аўстрыя), якая больш за 15 гадоў зʼяўлялася вядучай акторкай Беларускага свабоднага тэатра. Яна раскрыла падрабязнасці стварэння вышэйзгаданага монаспектаклю “Сувязь” і сваіх кантактаў з палітзняволенымі беларускамі.
Асноўныя пасылы і заклікі
Пражская імпрэза стала не толькі пляцоўкай для адкрытага дыялогу і абмену досведам, але і важным напамінам: пакуль у Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, міжнародная салідарнасць і падтрымка застаюцца ключавымі для змагання за справядлівасць і годнасць.
Арганізатаркі мерапрыемства разам са спікеркамі панэльнай дыскусіі заклікалі ўсіх неабыякавых:
- патрабаваць неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняволеных;
- падтрымліваць іх сямейнікаў;
- распаўсюджваць інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі;
- узмацняць галасы беларускіх жанчын на міжнароднай арэне;
- не спыняць барацьбу за дэмакратычную будучыню, дзе кожная жанчына зможа быць свабоднай і рэалізаванай.
“Сёння роўна пяць гадоў з пачатку прэзідэнцкай кампаніі Святланы Ціханоўскай. Гэта быў сапраўдны прамень надзеі, сігнал, што перамены магчымыя. Гэта быў пачатак нашай мірнай рэвалюцыі, якая ўсё яшчэ працягваецца. І жанчыны застаюцца на першай лініі барацьбы за свабоду, дэмакратыю і роўнасць.
Мы не маем права забываць пра тых, хто заплаціў за гэтую барацьбу самым дарагім — такіх як Ганна Кандраценка і Тамара Каравай, якія памерлі пасля зняволення, і чые лёсы сталі сімвалам цаны, якую плацяць беларускія жанчыны за права на годнасць і волю”, — заявіла дырэктарка Офісу дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы Крысціна Шыянок.