КАНФЕРЭНЦЫЯ «НОВАЯ БЕЛАРУСЬ»
7–9 жніўня ў Варшаве прайшла штогадовая Канферэнцыя «Новая Беларусь», якая сабрала каля 300 удзельнікаў: беларусы і беларускі, дэмакратычныя сілы, палітыкі і міжнародныя партнёры. 7 жніўня Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у трох сайд-івэнт дыскусіях, 8 жніўня выступіла з вітальнай прамовай, узяла ўдзел у панэльных дыскусіях, а таксама завершыла канферэнцыю заключным выступам, у якім акрэсліла галоўныя вынікі мерапрыемства.
ЖАНОЧЫ СНЯДАНАК СА СВЯТЛАНАЙ ЦІХАНОЎСКАЙ У ВАРШАВЕ
9 жніўня ў Варшаве напярэдадні другога дня Канферэнцыі «Новая Беларусь» адбыўся Жаночы сняданак са Святланай Ціханоўскай. Нефармальная сустрэча аб’яднала больш за 50 беларускіх жанчын і міжнародных партнёрак, стварыўшы прастору для ўмацавання супольнасці, салідарнасці і абмену досведам. Мерапрыемства сабрала больш за 50 ўдзельніц: прадстаўніц беларускіх арганізацый і ініцыятыў, выпускніц Акадэміі жаночага палітычнага лідарства, спікерак і мадэратарак Канферэнцыі, былых палітзняволеных, а таксама замежных дыпламатак і партнёрак.
АКЦЫЯ З НАГОДЫ 9 ЖНІЎНЯ Ў ВІЛЬНЮСЕ
У Вільнюсе прайшоў мітынг, прысвечаны падзеям 9 жніўня. Беларусы і беларускі, а таксама сябры Беларусі сабраліся на Кафедральнай плошчы, каб успомніць падзеі 2020 года і яшчэ раз нагадаць: Беларусь і беларусы па-ранейшаму выбіраюць свабоду. Пасля ўдзельнікі акцыі рушылі шэсцем праз цэнтр горада да будынка беларускай амбасады.
Падчас мітынгу з прамовай выступіў дырэктар Офіса Святланы Ціханоўскай у Вільнюсе Дзяніс Кучынскі.
ДЗЕНЬ ГОДНАСЦІ Ў ВАРШАВЕ
9 жніўня ў Варшаве беларусы і беларускі адзначалі Дзень Годнасці, прысвечаны падзеям 2020 года. Да акцыі далучылася і Святлана Ціханоўская, прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай Рады, амбасадар па асаблівых даручэннях (МЗС Украіны) Яраслаў Чарнагор, польскі грамадскі дзяяч і журналіст Адам Міхнік, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і беларуская дыяспара ў Варшаве. Са сцэны беларуская лідарка нагадала пра сапраўдны беларускі цуд шэсць гадоў таму, калі ні эксперты, ні ўлады, ні спецслужбы не маглі прадказаць, што мільёны беларусаў выйдуць на вуліцы.
СУСТРЭЧА ДЗЯНІСА КУЧЫНСКАГА З КІРАЎНІЦАЙ ДЭПАРТАМЕНТА МІГРАЦЫІ ПРЫ МІНІСТЭРСТВЕ ЎНУТРАНЫХ СПРАЎ ЛІТОЎСКАЙ РЭСПУБЛІКІ
У Офісе Святланы Ціханоўскай адбылася сустрэча дырэктара віленскага офіса Дзяніса Кучынскага з кіраўніцай Дэпартамента міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў Літоўскай Рэспублікі Індрэ Гаспарэ. Бакі абмеркавалі бягучую міграцыйную сітуацыю, узмацненне гуманітарнай падтрымкі беларусаў, якія ратуюцца ад рэпрэсій, а таксама практычныя крокі па спрашчэнні адміністрацыйных працэдур і інтэграцыі беларускай супольнасці ў Літве.
ЗВАРОТ СВЯТЛАНЫ ЦІХАНОЎСКАЙ З НАГОДЫ 9 ЖНІЎНЯ
З нагоды шостай гадавіны падзеяў 9 жніўня Ціханоўская звярнулася да беларусаў з асабістымі словамі пра тое, як мы змяніліся за гэтыя гады і што важна нам усім захаваць у сабе цяпер: «Нам па-ранейшаму балюча. І шэсць гадоў — дастаткова доўга, каб стаміцца і засумнявацца, ці мае ўсё гэта сэнс. Але з кожным годам становіцца ўсё больш відавочна: 2020-ы незваротна змяніў Беларусь».
МЕДЫЯ: Frontline (Times Radio), Euroradio (Беларусь), «И грянул Грэм» (міжнароднае), «Салідарнасць» (Беларусь), БелСАТ (Беларусь), Польскае радыё (Беларуская служба), Euronews (міжнароднае), TVP World (міжнароднае), Polskie Radio (Польшча), Polskie Radio (Польшча), Польскае радыё (Беларуская служба), Еўрарадыё (Беларусь).
