9 жніўня ў Варшаве завяршылася Канферэнцыя «Новая Беларусь». На працягу двух дзён удзельнікі і ўдзельніцы абмяркоўвалі стратэгію дэмакратычных сілаў, беларуска-ўкраінскую супрацу, еўрапейскую будучыню Беларусі, падтрымку беларусаў унутры краіны і за мяжой, культуру, адукацыю, эканоміку, транснацыянальныя рэпрэсіі і падрыхтоўку да будучых зменаў.
У дыскусіях удзельнічалі палітычныя лідары, у тым ліку тыя, хто яшчэ нядаўна быў за кратамі, прадстаўнікі і прадстаўніцы медыяў, грамадзянскай супольнасці, праваабаронцы, журналісты, культурныя дзеячы, беларускія ініцыятывы і міжнародныя партнёры.
Беларуска-ўкраінская супраца
Адным з ключавых напрамкаў Канферэнцыі стала супраца з Украінай. У каардынацыі з украінскімі партнёрамі была падрыхтаваная рэзалюцыя «Прыярытэты беларуска-ўкраінскай супрацы».
Галоўны прыярытэт, зафіксаваны ў дакуменце, — не дапусціць поўнага ўцягвання Беларусі ў вайну. Наступны крок — напоўніць гэтыя прыярытэты канкрэтнымі праектамі і вывесці супрацу з Украінай на новы ўзровень.
На Канферэнцыі таксама было абвешчана пра ўзмацненне ўкраінскага напрамку. Вольга Зазулінская афіцыйна прызначаная кіраўніцай Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве. Яна будзе працаваць з украінскімі ўладамі, палітыкамі, мясцовымі структурамі, беларусамі ва Украіне, беларускімі добраахвотнікамі, Палком Каліноўскага і іншымі падраздзяленнямі.
Святлана Шаціліна, якая была абраная ў Каардынацыйную раду, працягне працу ў тым ліку па ўкраінскім напрамку.
Рэзалюцыі і агульныя пазіцыі дэмакратычных сілаў
Да Канферэнцыі былі прынятыя дзевяць рэзалюцый, якія фіксуюць ключавыя пазіцыі беларускіх дэмакратычных сілаў. Дакументы былі прынятыя Офісам Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаным пераходным кабінетам, Каардынацыйнай радай і Платформай беларускіх палітычных партый.
Усе рэзалюцыі будуць даступныя на сайце.
Палітычная рэзалюцыя:
Аб комплекснай падрыхтоўцы дэмакратычнага пераходу і публічным абмеркаванні праектаў рэформаў:
Аб абароне суверэнітэту і недапушчэнні ўцягвання Беларусі ў вайну:
Аб прыярытэтах беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва:
Аб падтрымцы беларусаў, якія сталі на абарону Украіны, беларускіх ветэранаў і іх сем’яў:
Аб спыненні палітычнага пераследу ў Беларусі, вызваленні палітвязняў, падтрымцы рэпрэсаваных і іх сем’яў:
Аб супрацьдзеянні транснацыянальным рэпрэсіям і абароне беларусаў за мяжой:
Аб абароне адукацыі ад палітычнай індактрынацыі, мілітарызацыі і русіфікацыі:
Аб падтрымцы незалежных беларускіх медыя:
Практычныя інструменты і новыя праекты
Падчас Канферэнцыі былі прадстаўленыя практычныя інструменты для беларусаў і беларускіх арганізацый. Частка з іх павінна дапамагчы беларусам бяспечна падарожнічаць, іншыя — грамадскім арганізацыям абменьвацца рэсурсамі.
Таксама былі прадстаўленыя абнаўленні праекта «Тры сланы» і платформы «Прастора». На платформе ўжо можна знайсці праекты рэформаў для будучай Беларусі, у тым ліку законапраекты пра люстрацыю, мясцовае самакіраванне і новую Канстытуцыю.
Аліса Рыжычэнка прапанавала мадэль фінансавання дэмакратычных структур з выкарыстаннем лічбавых токенаў. Станіслаў Салавей прэзентаваў «Раёнку» — сістэму дыстанцыйнай медыцынскай дапамогі для беларусаў унутры краіны.
Віктар Бабарыка анансаваў новы праект Belarus Network, які павінен дапамагаць беларусам самастойна вырашаць практычныя праблемы і будаваць свае супольнасці.
Дыялог, Беларусь пасля Лукашэнкі і еўрапейская будучыня
Падчас Канферэнцыі беларускія дэмакратычныя сілы пацвердзілі гатоўнасць да дыялогу і працяг кампаніі «Круглы стол». Яе мэта — звярнуцца да людзей унутры сістэмы і паказаць гатоўнасць размаўляць дзеля выхаду Беларусі з крызісу і захавання незалежнасці краіны.
Таксама пачынаецца новая кампанія «Постлукашэнкаўская Беларусь». Яна павінна паказаць беларусам і міжнародным партнёрам, якой можа быць Беларусь пасля дыктатуры, і прапанаваць альтэрнатыву расійскаму ўплыву.
Асобны напрамак працы — еўрапейская будучыня Беларусі. Дзмітрый Крук і цэнтр BEROC прадставілі канцэпцыю дарожнай карты еўрапейскай інтэграцыі Беларусі. Яна паказвае, якія крокі патрэбныя, каб Беларусь устойліва стала на шлях еўраінтэграцыі, што Еўрасаюз можа даць Беларусі і што Беларусь можа даць Еўрасаюзу.
Дэмакратычныя сілы прапануюць Еўрасаюзу стварыць асобны інструмент для падтрымкі дэмакратычнага транзіту і будучай еўрапейскай інтэграцыі Беларусі.
Падтрымка беларусаў і вызваленне палітвязняў
Дэмакратычныя сілы працягнуць працу з амерыканскім бокам па вызваленні палітвязняў. Працэс працягваецца, і каманды рыхтуюцца сустракаць новых людзей на волі.
Таксама будзе працягвацца праца па спыненні рэпрэсій, поўнай амністыі і стварэнні ўмоваў, каб беларусы маглі вярнуцца дадому.
Асобная ўвага на Канферэнцыі была нададзеная сацыяльнай дапамозе. За апошнія гады беларусам удалося пабудаваць інфраструктуру падтрымкі, якая дапамагае людзям па абодва бакі мяжы. Адзін з прыкладаў такой працы — дапамога з лячэннем зроку для беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.
Змены ў структурах і міжнародная праца
Акрамя прызначэння Вольгі Зазулінскай кіраўніцай Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве, былі абвешчаныя і іншыя змены.
Выканаўцай абавязкаў прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы становіцца Юлія Міцкевіч. Маргарыта Ворыхава стала старшынёй міжнароднай камісіі Каардынацыйнай рады і пакінула пасаду ў Кабінеце. Абавязкі па моладзевым напрамку цяпер выконвае Аляксей Грахоўскі.
У бліжэйшы час будуць сфармаваныя новыя беларускія дэмакратычныя дэлегацыі ў ПАРЕ і Парламенцкую асамблею АБСЕ. Таксама будзе ўзмацняцца праца місій і прадстаўніцтваў у Кіеве, Таліне, Празе і Бруселі, працягнуцца стратэгічныя дыялогі з краінамі-партнёрамі.
Напрыканцы Канферэнцыі Аб’яднаны пераходны кабінет правёў цырымонію ўзнагароджання беларусаў і замежных сяброў, якія зрабілі асаблівы ўнёсак у беларускую справу.
