Сёння ў Варшаве беларусы і беларускі адзначалі Дзень Годнасці, прысвечаны падзеям 2020 года. Да акцыі далучылася і Святлана Ціханоўская, прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай Рады, пасол па асаблівых даручэннях (МЗС Украіны) Яраслаў Чарнагор, польскі грамадскі дзяяч і журналіст Адам Міхнік, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і беларуская дыяспара ў Варшаве.
Са сцэны беларуская лідарка нагадала пра сапраўдны беларускі цуд шэсць гадоў таму, калі ні эксперты, ні ўлады, ні спецслужбы не маглі прадказаць, што мільёны беларусаў выйдуць на вуліцы.
«Рэжым ламаў галаву: хто выводзіць людзей? Хто ўсё гэта арганізаваў? А адказ быў вельмі просты: беларусы самі.
Нас з вамі хавалі ўжо не адзін раз. Казалі: яшчэ пару месяцаў — і ўсё. Перасварацца, раз’едуцца, забудуцца. Але вось ужо шэсць гадоў — і беларускі рух жыве. Мы жывем! Прыходзяць новыя людзі, з’яўляюцца новыя ідэі, выходзяць палітвязні.
Таму калі ў некага цяпер апускаюцца рукі — згадайце пра дваццаты. Беларускае, жывое, свабоднае ўсё роўна прарасце, як бы яго ні спрабавалі задушыць. Мы проста павінны рабіць сваю справу і рыхтавацца да новага вакна магчымасцяў
Сёння я хачу сказаць усім вам ДЗЯКУЙ! Дзякуй што выстаялі. Што не апускаеце рук.І дзякуй, што працягваеце верыць у Беларусь.
Жыве Беларусь!».
А ў сваім Instagram Cвятлана Ціханоўская падзялілася вельмі кранальным і асабістым момантам з акцыі.
