• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Поўны тэкст звароту Святланы Ціханоўскай з нагоды шостай гадавіны 9 жніўня

    09 жніўня, 2026

    «Шэсць гадоў — гэта вельмі шмат. За гэты час у кагосьці нарадзіліся дзеці. Хтосьці месяцамі чакаў лістоў з турмы. Хтосьці навучыўся хаваць трывогу ад бацькоў і дзяцей — працаваць, усміхацца, адказваць «усё нармальна», калі насамрэч зусім не нармальна. 

    Амаль у кожнай беларускай сям’і з’явілася сваё «да» і «пасля». Затрыманні, ператрусы, хуткі ад’езд з адной валізкай. Змянілася і само штодзённае жыццё. Краіна кожны год губляе найважнейшых спецыялістаў: з’язджаюць лекары, настаўнікі, ІТ-спецыялісты. У аптэках няма патрэбных медыкаментаў. Праблемы з банкамі і картамі. Складанасці з візамі і падарожжамі. Да таго ж у Беларусі людзі былі вымушаныя навучыцца ўважліва падбіраць словы і кожны дзень правяраць, ці ўсё ў парадку з блізкімі.

    Вось як сёння выглядаюць наступствы рэпрэсій. Нам па-ранейшаму балюча. І шэсць гадоў — дастаткова доўга, каб стаміцца і засумнявацца, ці мае ўсё гэта сэнс. Але з кожным годам становіцца ўсё больш відавочна: 2020-ы незваротна змяніў Беларусь.

    Нас прымушаюць маўчаць, але гэта не значыць, што мы пагадзіліся. Нас раскідала па розных гарадах і краінах, але мы не сталі чужымі адно аднаму. Нас спрабуюць пераканаць, што ўсё было дарэмна, але мы ўжо ведаем, якой можа быць Беларусь і якімі можам быць мы самі. 

    Для мяне 9 жніўня — гэта абяцанне не забыць. Не забыць, што мы — адна нацыя. Не забыць таго самага моманту, калі ў натоўпе з дзясяткаў тысяч чалавек з’явілася адчуванне, што мы здольныя на ўсё. Хтосьці ўсміхаецца, хтосьці падае ваду, людзі клапоцяцца адно пра аднаго. І нас шмат. І мы ўсе хочам аднаго — быць вольнымі ды людзьмі звацца.

    Мабыць, сёння гэтае адчуванне выглядае інакш. Не патрабаваць геройства ад тых, хто штодня жыве ў страху за сябе і блізкіх. Дапамагчы камусьці з працай ці пераездам. Не вырашаць, хто зрабіў дастаткова, а хто не. Не даваць цяжкім гадам зрабіць нас чужымі і недаверлівымі.

    Мне важна, каб 9 жніўня не засталося толькі на старых фотаздымках і відэа. Каб яно захавалася ў нашай здольнасці дамаўляцца, дзякаваць за дапамогу і самім дапамагаць, калі можам.

    Мы не ведаем, якія падзеі чакаюць нас наперадзе. І мы не ведаем, калі адкрыецца новае вакно магчымасцяў. Але мы павінны быць да яго падрыхтаваныя. І рабіць усё, што ад нас залежыць, кожны ў сваёй сферы, каб набліжаць перамены. І працягваць рабіць беларускую справу. 

    Мы мусім шукаць тое, што нас яднае, узмацняе, натхняе. Падтрымліваць адно аднаго, і не баяцца браць на сябе адказнасць. Мы ўжо прайшлі вялікую дарогу разам, і я ўпэўнена, разам усё адолеем».

    Апошнія навіны