Сёння ў Варшаве стартаваў першы дзень Канферэнцыі «Новая Беларусь», прысвечаны сайд-івэнтам. Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у трох важных дыскусіях:
– «Роля Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны: прыцягненне вышэйшага кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі да адказнасці»
Удзельнікі абмеркавалі саўдзел рэжыму ў расійскай агрэсіі, збор доказаў і механізмы прыцягнення вышэйшага палітычнага і ваеннага кіраўніцтва да адказнасці праз Спецыяльны трыбунал. Святлана Ціханоўская падзякавала камандзе Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і асабіста Паўлу Латушку за тое, што тэма адказнасці застаецца высока ў міжнародным парадку дня. Яна таксама падкрэсліла, што за злачынствы павінны адказваць тыя, хто ператварыў Беларусь у плацдарм для агрэсіі. Яна нагадала, што беларусы з першых дзён поўнамаштабнай вайны асуджалі саўдзел рэжыму, і выказала ўпэўненасць, што міжнароднае правасуддзе давядзе гэтую справу да канца.
– «Соймікі: праз выбары да супрацы і вынікаў»
Дыскусія была прысвечана стварэнню мясцовых прадстаўнічых органаў — соймікаў — для беларусаў замежжа. Удзельнікі абмеркавалі, як такое прадстаўніцтва можа дапамагчы аб’яднанню дыяспары і вырашэнню агульных задач. Ціханоўская адзначыла ўменне беларусаў нават у самых складаных умовах знаходзіць рашэнні і рухацца наперад. Таксама яна прапанавала накіраваць прадстаўніка беларускай супольнасці ў Раду нацыянальных супольнасцяў Украіны.
– «Беларуская грамадзянская супольнасць: выстаялі. Што далей?»
Падчас панэлі былі прадстаўлены вынікі Індэксу ўстойлівасці грамадзянскай супольнасці і абмеркаваныя крокі, неабходныя для далейшага развіцця беларускіх арганізацый ва ўмовах рэпрэсій і эміграцыі. Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай, а таксама адказала на пытанні пра сваё першае знаёмства з грамадзянскай супольнасцю, ролю беларускіх арганізацый і тое, як з цягам часу змянілася яе ўспрыманне іх працы.
Заўтра стартуе асноўная праграма Канферэнцыі «Новая Беларусь». Сачыце за нашымі навінамі і далучайцеся да анлайн-трансляцыі, каб нічога не прапусціць!
