ВІЗІТ У СТАКГОЛЬМ
11–12 траўня Святлана Ціханоўская знаходзілася з візітам у Стакгольме, дзе сустрэлася з прадстаўнікамі МЗС Швецыі і абмеркавала падтрымку беларускага грамадства і дэмакратычных сілаў, а таксама важнасць міжнароднай салідарнасці з Беларуссю. Таксама Ціханоўская выступіла з прамовай на форуме «Моладзь, гендар і дэмакратыя для Беларусі» і на адкрыцці Моладзевай канферэнцыі Усходняга партнёрства, выступіла на круглым стале ў Стакгольмскім цэнтры даследаванняў Усходняй Еўропы, а таксама далучылася да штотыднёвага мітынгу ў падтрымку Украіны.
РАЗМОВА З ДЖОНАМ КОЎЛАМ І КРЫСАМ СМІТАМ
14 траўня Святлана Ціханоўская правяла тэлефонную размову з Джонам Коулам і Крысам Смітам: «Вельмі ўдзячная за сённяшнюю тэлефонную размову са спецыяльным пасланнікам прэзідэнта Злучаных Штатаў Джонам Коўлам і намеснікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Крысам Смітам. Я выказала шчырую падзяку прэзідэнту і яго камандзе за дапамогу ў вызваленні больш за 500 палітычных зняволеных у Беларусі. Прэзідэнт Трамп заявіў, што мэта — вызваліць іх усіх, і я ўпэўненая ў поспеху гуманітарных намаганняў у гэтым напрамку».
СУСТРЭЧА З УРСУЛАЙ ФОН ДЭР ЛЯЕН
14 траўня падчас візіту ў Аахен Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнткай Еўрапейскай камісіі Урсулы фон дэр Ляен і звярнулася з заклікам захаваць падтрымку беларускіх незалежных медыя, грамадзянскіх, культурніцкіх і адукацыйных ініцыятываў.
Цяпер у Еўрапейскім Саюзе абмяркоўваецца працяг фінансавання праграмаў падтрымкі для беларускіх арганізацыяў, журналістаў і дэмакратычных ініцыятываў. Ціханоўская падкрэсліла важнасць працы, якую працягваюць рабіць беларускія арганізацыі.
АДКРЫЦЦЁ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ПУНКТУ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ
12 траўня ў Вільнюсе адбылося адкрыццё Інфармацыйнага пункту для беларусаў — супольнай ініцыятывы Літвы і Рады Еўропы. Гэта першая сталая пляцоўка Рады Еўропы для беларусаў у выгнанні, якая будзе працаваць як мінімум пяць гадоў. Пункт стане месцам, дзе беларусы змогуць атрымліваць інфармацыю пра правы чалавека, праграмы падтрымкі, адукацыйныя і культурніцкія магчымасці, а таксама наладжваць супрацоўніцтва з еўрапейскімі інстытуцыямі.
СУСТРЭЧА З ГЕНЕРАЛЬНЫМ САКРАТАРОМ РАДЫ ЕЎРОПЫ
12 траўня ў Вільнюсе Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з генеральным сакратаром Рады Еўропы Аленам Берсэ. Разам з міністрам замежных справаў Літвы Кястуцісам Будрысам і спікерам Сейма Літвы Юозасам Олекасам быў адкрыты Інфармацыйны пункт Рады Еўропы ў Вільнюсе. Падчас сустрэчы з Аленам Берсэ абмеркавалі наступныя крокі па функцыянаванні Інфармацыйнага пункту — у прыватнасці, як зрабіць так, каб ён быў максімальна карысны для беларусаў і грамадзянскай супольнасці.
БРЫФІНГ ДЛЯ АМБАСАДАРАЎ І СПЕЦПРАДСТАЎНІКОЎ
13 траўня Святлана Ціханоўская правяла ў Вільнюсе брыфінг для прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу. У брыфінгу ўдзельнічалі прадстаўнікі Літвы, Ірландыі, Італіі, Малдовы, Латвіі, Нідэрландаў, Ізраіля, Фінляндыі, Эстоніі, Харватыі, Вялікабрытаніі, Швецыі, Францыі, Іспаніі, Нарвегіі, Румыніі, ЗША, Германіі, Японіі, Польшчы, Чэхіі, Украіны і Паўночнай Рады. Ціханоўская падкрэсліла, што Офіс працягвае працу, а Літва застаецца адным з найбліжэйшых і найважнейшых партнёраў дэмакратычных сілаў.
МЕДЫЯ: Радыё Свабода (Беларусь), Зеркало (Беларусь), AP News (міжнароднае), Зеркало (Беларусь), Nikkei (Японія), Svenska Dagbladet (Швецыя), Council of Europe (міжнароднае), БелСАТ (Беларусь), DW (Беларусь), 1st channel Public TV (Арменія).
