Раніцай у Стакгольме распачаўся форум «Моладзь, гендар і дэмакратыя для Беларусі». Праграма форуму ўключае панэльныя дыскусіі і рабочыя групы па ўдзеле моладзі, гендарнай роўнасці, правах ЛГБТК+, а таксама практычныя інструменты для развіцця моладзевых ініцыятываў і супрацоўніцтва.
У межах адкрыцця форуму Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай перад беларускімі моладзевымі лідарамі і лідаркамі, прадстаўнікамі шведскіх дзяржаўных інстытутаў, грамадзянскай супольнасці і міжнародных арганізацыяў. У мерапрыемстве бяруць удзел каля 60 чалавек.
Сярод удзельнікаў форуму — дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных справаў Швецыі Даг Хартэліус, амбасадар па Усходнім партнёрстве і прадстаўнік па сувязях з беларускімі дэмакратычнымі сіламі Патрык Свенсан, дырэктар Стакгольмскага цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Фрэдрык Лёдквіст, выконваючая абавязкі генеральнага дырэктара SIDA Ханна Хельквіст, міністр міжнароднага супрацоўніцтва ў мэтах развіцця і знешняга гандлю Швецыі Бен’ямін Дуса, дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава, міжнародная сакратарка Аб’яднання беларускіх студэнтаў Аліна Харысава, сузаснавальнік «Ліхтара» Віктар Баранаў, сябра Савету рады РАДА Дзмітрый Радзіеўскі, гендарная экспертка FemGroup Лена Агарэлышава, полісі-сакратар па палітыцы РАДА Зміцер Герыловіч, старшыня Савета РАДА Аляксандра Дойніч, кіраўніца даследчай групы Цэнтра Новых ідэй Дар’я Урбан і іншыя.
У сваёй прамове беларуская лідарка падзякавала Швецыі за падтрымку Беларусі:
«Ваша падтрымка — гэта не дабрачыннасць, а інвестыцыя, у тым ліку і ў вашу ўласную бяспеку. Мірная, незалежная, дэмакратычная Беларусь адпавядае нацыянальным інтарэсам Швецыі. Для гэтага мы павінны прынесці ў Беларусь рэальныя змены — ліквідаваць дыктатуру, правесці дэмакратычныя выбары і вярнуць Беларусь у еўрапейскую сям’ю».
Асобна Святлана Ціханоўская падкрэсліла ролю беларускай моладзі ў будучых пераменах:
«Я ўпэўненая, што маладыя людзі з Беларусі стануць рухаючай сілай гэтых зменаў. Таму мы павінны ўкладваць у іх. Беларуская моладзь адхіляе тыранію. Яна не хоча быць часткай так званай «рускага свету». Яны глядзяць на Швецыю як на ўзор — як на прыклад таго, якой можа стаць Беларусь.
Беларуская моладзь адыграла ключавую ролю ў 2020 годзе. Студэнты выйшлі на страйк, далучыліся да пратэстаў і змагаліся за свабоду. Калі пачалася вайна, маладыя людзі выступілі супраць яе. Многія пайшлі абараняць Украіну — і некаторыя заплацілі за гэта сваім жыццём. Як Марыя Зайцава, якой было ўсяго 24 гады, калі яна загінула, абараняючы Украіну.
І сёння беларуская моладзь працягвае супраціўляцца — як у краіне, так і ў выгнанні. Яны плацяць высокую цану: турэмнае зняволенне, выгнанне, рэпрэсіі. Але нішто іх не спыніць».
Форум арганізаваны Офісам Святланы Ціханоўскай, Беларускім нацыянальным моладзевым саветам «РАДА» і Прадстаўніцтвам па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета пры падтрымцы Міністэрства замежных справаў Швецыі.
