Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у акцыі салідарнасці з Украінай, якая праходзіць у Стакгольме кожны панядзелак. У сваёй прамове яна казала пра адказнасць рэжыму Лукашэнкі за саўдзел у вайне супраць Украіны:
«Што я адчуваю? Мне сорамна, што, нягледзячы на ўсю моц свабоднага свету, мы не можам спыніць Расію і аказаць Украіне ўсю неабходную падтрымку. Мне сорамна, калі я бачу Лукашэнку, які стаіць побач з Пуціным на ваенным парадзе, як расійскі губернатар.
Мне сорамна, што расійская ядзерная зброя разгортваецца на беларускай зямлі. Што ракеты і беспілотнікі ўсё яшчэ ляцяць з нашай тэрыторыі і забіваюць украінцаў.
Мне сорамна, што мая любая Беларусь — еўрапейская, міралюбівая, любячая свабоду Беларусь — сёння ўспрымаецца як дзяржава-ізгой, як саўдзельнік і агрэсар. І куды б я ні паехала, мне даводзіцца зноў і зноў тлумачыць: што Беларусь — гэта не Расія, і што беларускі народ — гэта не рэжым».
У той жа час Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што беларусы працягваюць барацьбу — у падполлі, у выгнанні, на фронце і ў медыя:
«І ўсё ж, нягледзячы на ўсё, я таксама глыбока ганаруся.
Я ганаруся тым, што, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі, беларускі народ працягвае супраціўляцца: адныя — у падполлі, іншыя — у выгнанні. Я ганаруся чыгуначнікамі, якія сабатавалі расійскую ваенную лагістыку. Беларускімі байцамі, якія далучыліся да абароны Украіны. Журналістамі, якія працягвалі расказваць праўду з выгнання.
Я ганаруся нашымі палітычнымі зняволенымі, якія пасля гадоў ізаляцыі і катаванняў не здалі сваёй годнасці і прынцыпаў.
Я ганаруся ўкраінскім народам. Я ганаруся прэзідэнтам Зяленскім і мужнасцю, годнасцю Украіны.
І, вядома, я ганаруся тым, што Швецыя засталася прынцыповай і моцнай у адносінах да дыктатараў. Ганаруся тым, што Швецыя з’яўляецца адным з вядучых сусветных прыхільнікаў Украіны. Ганаруся тым, што Швецыя паслядоўна падтрымлівае нашую барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі».
