ВІЗІТ У ЛОНДАН
12–13 лістапада Святлана Ціханоўская знаходзілася з працоўным візітам у Лондане.
Падчас візіту яна правяла ўрадавыя і парламенцкія сустрэчы, а таксама прыняла ўдзел у панэльнай дыскусіі «Барацьба за свабоду ва Усходняй Еўропе».
- З міністрам па Еўропе Стывенам Доўці абмеркаваны білатэральныя кансультацыі і магчымасць удзелу Вялікабрытаніі ў Міжнародным гуманітарным фондзе дапамогі рэпрэсаваным.
- Сустрэчы з Кемі Бадэнок, Прыці Патэл і Вэндзі Мортан закранулі сітуацыю ў Беларусі, жаночае лідарства, падтрымку палітвязняў і планы парламенцкага альянсу.
- Ціханоўская абмеркавала супрацоўніцтва з Камітэтам па замежных справах Палаты абшчын і ініцыятывы для беларускай дыяспары.
- Прадстаўлены міжнародны праект падтрымкі палітвязняў #WeStandBYyou. Ціханоўская таксама заклікала спрашчаць афармленне беларускіх дакументаў за мяжой, у тым ліку прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты і мінімізаваць неабходныя дакументы.
Акрамя гэтага, у Лондане адбылася цырымонія ўзнагароджання прэміі Магніцкага, якую прысуджаюць журналістам, палітыкам і актывістам за абарону правоў чалавека з 2015 года. У гэтым годзе лаўрэатамі прэміі сталі Святлана і Сяргей Ціханоўскія.
Святлана Ціханоўская: «Для мяне вялікі гонар атрымаць прэмію Магніцкага і падзяліць яе з маім любым мужам Сяргеем. Мы прысвячаем гэтую ўзнагароду ўсім 1300 палітвязням. Іх узялі ў закладнікі за любоў да сваёй краіны і да свабоды».
ВІЗІТ У ЛІСАБОН
10–11 лістапада Святлана Ціханоўская знаходзілася з працоўным візітам у Лісабоне. Асноўныя падзеі:
— Сустрэча з Майклам О’Флаерці, камісарам Рады Еўропы па правах чалавека. Абмеркавалі працу Кантактнай групы ў Радзе Еўропы, пытанні падтрымкі палітвязняў і прыцягнення рэжыму да адказнасці.
— Сустрэча з Хеннай Марыяй Віркунен, віцэ-прэзідэнткай Еўракамісіі. Размова была прысвечаная падтрымцы беларускіх IT-кампаніяў у Еўрасаюзе, удзелу ў еўрапейскіх праграмах у сферы тэхналогіяў, грамадзянскай бяспекі і абароны, а таксама дапамозе медыя і ініцыятывам супраць дэзінфармацыі.
— Удзел у канферэнцыі Web Summit 2025. Ціханоўская выступіла ў дыскусіі «Прадпрымальніцтва як права чалавека» разам з заснавальніцай Imaguru Таццянай Марыніч.
— Адкрыццё стэнду Беларусы па ўсім свеце — «Тэхналогіі без межаў».
— Сустрэча з беларускай дыяспарай і прадстаўнікамі IT-сектару. Абмеркавалі праблемы беларусаў у Партугаліі. Офіс накіраваў адмысловы запыт ва ўрадавыя структуры гэтай краіны.
РАЗМОВЫ З ДЖОНАМ КОЎЛАМ І КРЫСАМ СМІТАМ
13 лістапада адбылася размова Святланы Ціханоўскай з Спецыяльным пасланнікам ЗША па Беларусі Джонам Коўлам і намеснікам памочніка дзяржсакратара па справах Усходняй Еўропы Крысам Смітам. Ціханоўская павіншавала спадара Коўла з прызначэннем і падзякавала прэзідэнту Трампу за дапамогу ў вызваленні беларускіх палітвязняў.
ПРЭЗЕНТАЦЫЯ КАНЦЭПЦЫІ ЛЮСТРАЦЫІ Ў ПРАЗЕ
12 лістапада дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў прадставіў Канцэпцыю прымянення інстытута люстрацыі ў Беларусі ў Празе. Прэзентацыя адбылася пры падтрымцы Офіса дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы і яго дырэктаркі Крысціны Шыянок. На прэзентацыі прысутнічалі дыпламаты з Партугаліі, Украіны, Фінляндыі, госці з Польшчы, прадстаўнік МЗС Чэшскай Рэспублікі і іншыя.
АКЦЫІ ПАМЯЦІ РАМАНА БАНДАРЭНКІ
12 лістапада мінула пяць гадоў з дня, калі загінуў Раман Бандарэнка. Каб ушанаваць памяць Рамана і выказаць павагу ўсім, хто пацярпеў ад рэпрэсіяў, беларусы ў розных краінах свету выйшлі на шматлікія акцыі. Офіс Святланы Ціханоўскай падрыхтаваў спіс мерапрыемстваў. На акцыі ў Вільнюсе каля будынку беларускай амбасады прысутнічалі дарадца па адукацыі і навуцы Павел Церашковіч, дарадца па моладзевай палітыцы і студэнцтву Маргарыта Ворыхава і прэс-сакратарка Ганна Красуліна.
Святлана Ціханоўская таксама звярнулася да беларусаў:
«Сённяшні дзень поўны смутку. Але мы памятаем усіх, хто пацярпеў ад гвалту і беспакаранасці, і настойваем: справядлівасць абавязкова прыйдзе. Беларусь стане краінай, дзе можна выйсці ў свой двор і адчуваць толькі спакой, павагу і бяспеку. Дзе «проста жыць» не будзе небяспечным для жыцця».
ФОРУМ АСТРОЖСКІХ–2025
11–15 лістапада ў Львове і Кіеве адбыўся беларуска-ўкраінскі форум Астрожскіх–2025. На мерапрыемстве прысутнічалі Франак Вячорка, Анатоль Лябедзька і Святлана Шаціліна. Форум быў прысвечаны развіццю супрацоўніцтва паміж беларускімі і ўкраінскімі дэмакратычнымі ініцыятывамі, адукацыйнымі і культурнымі праектамі.
ЦІХАНОЎСКАЯ ПАВІНШАВАЛА ПЕРАМОЖЦУ ПРЭМІІ ІМЯ ЕЖЫ ГЕДРОЦЯ
15 лістапада ў Гданьску назвалі пераможцу прэміі імя Ежы Гедройця — адной з галоўных незалежных узнагародаў беларускай літаратуры. Сёлета прэмію атрымаў Сяргей Дубавец, аўтар кнігі «Занзібар. Сталенне маладой душы». Святлана Ціханоўская павіншавала Дубаўца з атрыманнем прэміі:
«Менавіта дзякуючы такім людзям, як Сяргей, беларуская культура працягвае расці з кожным годам. Дзякуй за вашую натхняльную працу».
ПОЛЬШЧА АДКРЫВАЕ ДВА ПУНКТЫ ПРОПУСКУ НА МЯЖЫ З БЕЛАРУСЬЮ
14 лістапада стала вядома пра планы Польшчы адкрыць два пераходы для пасажырскага руху. Святлана Ціханоўская пракаментавала гэтае рашэнне:
«Гэты крок накіраваны на падтрымку людзей, бо гэтыя пераходы з’яўляюцца мяжой са свабодным светам».
МЕДЫЯ
Verdens Gang (Нарвегія), Kyiv Independent (міжнароднае), Renascença (Партугалія), Observador (Партугалія), RTP Noticias (Партугалія), Noticias ao Minuto (Партугалія), Expresso (Партугалія), O Jornal Economico (Партугалія), CM Jornal (Партугалія), CM Jornal (Партугалія), Wiadomosci (Польшча), ISNA News Agency (Іран), Swissinfo (Швейцарыя), The Veritas News (міжнароднае), AMAN (міжнароднае).
