КАНСУЛЬТАТЫЎНАЯ ГРУПА «БЕЛАРУСЬ – ЕЎРАСАЮЗ»
25 – 26 чэрвеня Святлана Ціханоўская знаходзілася ў Бруселі, дзе ўзяла ўдзел у трэцім пасяджэнні Кансультатыўнай групы «Беларусь – Еўрасаюз». З беларускага боку ўдзельнічалі прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады, Аб’яднанага пераходнага кабінета, НДА, праваабаронцаў і медыя. З боку заходніх партнёраў да яе далучыліся палітыкі, праваабаронцы і эксперты па міжнародных адносінах. Абмеркавалі пытанні легалізацыі (спрашчэнне правілаў для беларусаў у краінах ЕС), візаў (працяг выдачы візаў у Беларусі), стыпендый (больш абменаў для моладзі), санкцый (новы пакет і гарманізацыя санкцый супраць Беларусі і Расіі), дапамогі медыя, культуры і рэпрэсаваным.
У новым офісе Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі адбылася імпрэза – выстава «Сукенкі за свабоду», якую адкрыла нацыянальная лідарка.
СУСТРЭЧА З ЖАЗЭПАМ БАРЭЛЕМ
Святлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета правяла размову з Вярхоўным прадстаўніком па замежнай палітыцы ЕС Жазэпам Барэлем у Бруселі. Абмеркавалі пытанні падтрымкі незалежных медыя, рэпрэсаваных, спрашчэнне легалізацыі для беларусаў у ЕС.
СУСТРЭЧА З КІРАЎНІЦТВАМ ПАРЕ
Дэлегацыя дэмакратычных сілаў узяла ўдзел у Летняй Сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы і сустрэлася з Прэзідэнтам ПАРЕ Тэодарасам Русопуласам і Генеральнай Сакратаркай ПАРЕ Дэспінай Хадзівасіліу-Цавіліс.
Анатоль Лябедзька, дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкаму супрацоўніцтву і Канстытуцыйнай рэформе адзначыў, што яны абмеркавалі падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве ПАРЕ і дэмакратычных сілаў Беларусі, а таксама прававую экспертызу праекта Канстытуцыі новай Беларусі Венецыянскай камісіяй.
МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ У ПАДТРЫМКУ АХВЯРАЎ КАТАВАННЯЎ
26 чэрвеня беларуская лідарка звярнулася з нагоды Міжнароднага дня ў падтрымку ахвяраў катаванняў. Па сукупных дадзеных праваабаронцаў, сёння ў Беларусі за кратамі знаходзяцца больш за 1500 палітвязняў і звыш 1600 зняволеных адбылі тэрмін і выйшлі на волю. Як мінімум сем чалавек знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада, 517 чалавек – гэта моладзь, а 6 палітзняволеных рэжым закатаваў да смерці ў засценках. Святлана Ціханоўская падкрэсліла неабходнасць найхутчэйшага вызвалення ўсіх палітвязняў, якіх рэжым трымае ў закладніках.
КАНФЕРЭНЦЫЯ WARWICK UKRANIAN–BELARUS HUB
28 чэрвеня галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка і дарадца па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі прынялі ўдзел у беларуска-ўкраінскай канферэнцыя па пытаннях еўраінтэграцыі The Warwick Ukraine-Belarus Hub’s high-profile international conference у Лондане. Яны выступілі ў якасці спікераў на панэльнай дыскусіі. У канферэнцыі бралі ўдзел эксперты, дыпламаты, актывісты, спецпасланнікі па супрацоўніцтву з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі ўкраінскай амбасады ў Лондане і прадстаўнікі брытанскага МЗС. Падчас дыскусій абмяркоўвалі стратэгіі і сцэнары развіцця падзеяў ва Украіне, у тым ліку яе адбудову пасля вайны, настроі ў беларускім грамадстве і шляхі папулярызацыі еўрапейскай перспектывы, падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя.
КАНФЕРЭНЦЫЯ НОВАЯ БЕЛАРУСЬ
Напярэдадні 4-й гадавіны Рэвалюцыі 2020 года Офіс Святланы Ціханоўскай запрашае прыняць удзел у трэцяй канферэнцыі «Новая Беларусь», якая пройдзе 3–4 жніўня ў Вільні. Акрамя канферэнцыі запланаваны шэраг сайд-івэнтаў. На канферэнцыі плануецца абмеркаванне стратэгіі на 2025 год з шырокім прадстаўніцтвам дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці. Адкрыта рэгістрацыя для ўдзельнікаў і прадстаўнікоў медыя. Уся афіцыйная камунікацыя па Канферэнцыі Новай Беларусі праходзіць праз пошту confnewbelarus@tsikhanouskaya.org.
НОВЫ ПРАДСТАЎНІК У КАБІНЕЦЕ
Амбасадар Уладзімір Астапенка, які ў цяперашні час узначальвае місію ў Бруселі, становіцца выконваючым абавязкі прадстаўніка па замежных справах у Аб’яднаным Пераходным Кабінеце, пераймаючы пасаду ад Валера Кавалеўскага, які раней абвясціў аб сваім рашэнні пакінуць Кабінет.
СУСТРЭЧА З БЕЛАРУСАМІ Ў ВІЛЬНІ
28 чэрвеня Святлана Ціханоўская наведала ў Вільні беларускую прастору «Кропка» – дзе сустрэлася з беларускамі майстрамі, якія вырабляюць унікальныя беларускія рэчы і сувеніры Прастору «Кропка» адкрылі былы палітвязень Зміцер Фурманаў і яго жонка Вольга.
ТОП-5 КУЛЬТУРНІЦКІХ ПАДЗЕЯЎ ЛЕТА
Каманда Офіса Святланы Ціханоўская падрыхтавала спіс буйнейшых беларускіх фестываляў на лета. Гэта не толькі спрыяе аб’яднанню беларускай супольнасці ў розных краінах свету, але і падтрымлівае цікаўнасць да нацыянальнай культуры і традыцый.
СВЯТКАВАННЕ КУПАЛЛЯ Ў ВІЛЬНІ
29 чэрвеня Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у святкаванні традыцыйнага беларускага свята Купалле ў Вільні, арганізаванага беларускімі культурнымі арганізацыямі і ініцыятывамі. Ціханоўская адзначыла важнасць падтрымкі і захавання беларускай культурнай спадчыны.
СПРАВА АНДРЭЯ ГНЁТА
Офіс Святланы Ціханоўскай уважліва сочыць за справай Андрэя Гнёта ў Сербіі і працягвае змагацца супраць яго экстрадыцыі ў Беларусь, дзе актывісту пагражае сур’ёзны турэмны тэрмін за грамадзянскую дзейнасць. Адвакаты Гнёта накіравалі апеляцыю і дапамагаюць звярнуцца ў Еўрапейскі Суд па Правах Чалавека. Офіс накіраваў лісты ў Еўракамісію і дыпламатам краінаў-сябраў ЕС. Святлана Ціханоўская заклікала міжнародную супольнасць спыніць экстрадыцыю Гнёта і даць яму прытулак у краіне Шэнгенскай зоны.
МЕДЫЯ
На гэтым тыдні былі апублікаваны інтэрв’ю, якія Святлана Ціханоўская дала наступным медыя Deutsche Welle (Міжнароднае), TN Nova (Чэхія), Chamber-TV (Люксембург) і Spanish news agency Agencia EFE (Іспанія). Дарадца Святланы Ціханоўская па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова дала інтэрв’ю медыя «Позірк» пра закрыццё ў Беларусі недзяржаўных ВНУ.