ВІЗІТ У ЛОНДАН
2–5 чэрвеня Ціханоўская знаходзілася з працоўным візітам у Лондане. Падчас паездкі лідарка сустрэлася з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам, міністрам па справах Еўропы Стывенам Даўці, выступіла на адкрыцці сустрэчы Міжпарламенцкага альянсу «За дэмакратычную Беларусь», узяла ўдзел у экспертнай дыскусіі ў Chatham House, адкрыла экспертнае мерапрыемства, прысвечанае рэформе Канстытуцыйнага суда будучай дэмакратычнай Беларусі. Акрамя таго, Святлана Ціханоўская выступіла з лекцыяй ва Універсітэцкім каледжы Лондана (University College London, UCL).
ЗВАРОТ СВЯТЛАНЫ ЦІХАНОЎСКАЙ ДА МІЖНАРОДНАГА ДНЯ АБАРОНЫ ДЗЯЦЕЙ
1 чэрвеня па ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. З гэтай нагоды Ціханоўская звярнулася да беларусаў і беларусак: «Абарона дзяцей — гэта не толькі пра бяспеку. Гэта пра права жыць дома, быць побач з бацькамі і роднымі. Права на свабоду задаваць нязручныя пытанні, спрачацца, памыляцца і марыць. На тое, каб расці ў краіне, дзе сапраўды можна насалоджвацца дзяцінствам і не баяцца. І гэта менавіта тое, за што мы змагаемся — за лепшую будучыню для нашых дзяцей».
СУСТРЭЧА З КІРАЎНІЦАЙ МІЖНАРОДНАГА ГУМАНІТАРНАГА ФОНДУ БЕРЫТ ЛІНДЭМАН
Дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчу з Берыт Ліндэман, кіраўніцай Міжнароднага гуманітарнага фонду падтрымкі рэпрэсаваных у Беларусі. Падчас сустрэчы абмеркавалі вынікі працы фонду за апошнія два гады, падтрымку былых палітвязняў і рэпрэсаваных беларусаў, а таксама стратэгію далейшай працы, каб больш краінаў далучылася да фонду.
ВЫСТУП НА ФОРУМЕ ІМЯ КАСЦЮШКІ
2 чэрвеня ў Гданьску прайшоў Форум імя Касцюшкі, прысвечаны ролі культуры і ідэнтычнасці ў часы палітычнага тупіку. Да адкрыцця форуму анлайн далучылася Святлана Ціханоўская. У сваёй прамове Ціханоўская падзякавала Еўрапейскаму цэнтру салідарнасці, польскім уладам і міжнародным партнёрам за падтрымку беларускай культуры, палітвязняў і беларусаў у выгнанні. Яна падкрэсліла, што культура сёння дапамагае беларусам захоўваць сувязь адно з адным і супрацьстаяць русіфікацыі.
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ ПЕРАДАЛА ЛІСТ ПАТРЫЯРХУ ВАРФАЛАМЕЮ
7 чэрвеня ў Вільнюсе дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі наведаў Боскую літургію, якую ўзначаліў Яго Святасць Усяленскі Патрыярх Варфаламей. Пасля заканчэння набажэнства Кучынскі прывітаў Патрыярха ад імя Святланы Ціханоўскай і беларускіх вернікаў у Літве і перадаў Яго Святасці ліст ад Ціханоўскай.
Беларуская лідарка падзякавала патрыярху за благаслаўленне на стварэнне Беларускага праваслаўнага прыходу ў Вільнюсе, а таксама за падтрымку праваслаўных беларусаў у выгнанні.
ЛЕАНІД МАРОЗАЎ — ПРА ПЕРАТРУСЫ Ў СТУДЭНТАЎ
3 чэрвеня па ўсёй Беларусі прайшлі ператрусы і допыты ў людзей, якія так ці інакш звязаныя з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам. Паводле паведамленняў, сілавікі пагражаюць сваякам студэнтаў крымінальным пераследам, калі іх дзеці не адлічацца з ЕГУ.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў: «Тое, што ўлады сапраўды пачалі крымінальны пераслед людзей за сувязь з ЕГУ, — гэта чарговае пацверджанне таго, што рэпрэсіі ў Беларусі ўжо даўно накіраваныя не толькі супраць палітычных апанентаў, але і супраць адукацыі, акадэмічнай свабоды і права чалавека на атрыманне адукацыі».
СПІС ВЫНІКАЎ І ДАСЯГНЕННЯЎ ТРАЎНЯ
Офіс Святланы Ціханоўскай сабраў галоўныя вынікі апошніх тыдняў: важныя сустрэчы, міжнародныя рашэнні, новыя ініцыятывы і вынікі працы для беларусаў.
МЕДЫЯ: The News Agents, Суспільне Новини (Украіна), APNews (міжнароднае), Радіо Свобода (Украіна), Radio NOS (Нідэрланды), Times Radio (Вялікабрытанія), Зеркало (Беларусь), Зеркало (Беларусь), Наша Ніва (Беларусь).
