• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Пашырэнне Офіса ў Польшчы, сустрэча з Віктарам Бабарыкам, слуханні ў Каардынацыйнай Радзе. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 2–8 лютага

    10 лютага, 2026

    ПАШЫРЭННЕ ОФІСА Ў ПОЛЬШЧЫ 

    На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская распачала працу ў Варшаве, дзе неўзабаве адкрыецца Офіс Святланы Ціханоўскай. У Варшаву пераедзе частка каманды, у прыватнасці тыя, хто валодае польскай мовай і добра ведае польскі кантэкст — галоўны дарадца Франак Вячорка і старэйшы дарадца Аляксандр Дабравольскі. Цяпер адбываюцца сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай супольнасці, а таксама падрыхтоўка фізічнай прасторы да пачатку працы.


    Святлана Ціханоўская: «Мы пашыраем дзейнасць на Варшаву, і спадзяюся, нашая прысутнасць тут узмоцніць каардынацыю з польскімі і міжнароднымі саюзнікамі, а таксама з беларускай супольнасцю ў Польшчы. Менавіта ў Польшчы цяпер знаходзіцца найбольшая беларуская супольнасць у выгнанні. Разам з тым мы працягваем працу ў Літве і з літоўскім урадам. Мы ўдзячныя польскаму і літоўскаму ўрадам за няспынную падтрымку нашага руху і салідарнасць».

    СУСТРЭЧА З ВІКТАРАМ БАБАРЫКАМ

    3 лютага адбылася першая сустрэча Святланы Ціханоўскай з Віктарам Бабарыкам пасля яго вызвалення. Перад пачаткам рабочай часткі сустрэчы Святлана і Віктар мелі асабістую размову.

    Пасля гэтага адбылося абмеркаванне актуальнай павесткі, магчымых крокаў для розных актараў дэмакратычных сілаў, а таксама падыходаў да фармавання агульнага бачання будучыні Беларусі. Таксама абмяркоўваліся пытанні стратэгіі дзеянняў дэмакратычных сілаў.

    СЛУХАННІ Ў КААРДЫНАЦЫЙНАЙ РАДЗЕ

    7 лютага ў Варшаве кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у публічных слуханнях у Каардынацыйнай Радзе. У фармаце пытанняў і адказаў чальцы фракцыяў і беларуская лідарка абмеркавалі вынікі працы дэмакратычных сілаў і прыярытэты на 2026–2027 гады. Слуханні прайшлі публічна, з жывой трансляцыяй на афіцыйным YouTube-канале Каардынацыйнай Рады. Мадэравалі слуханні спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан і віце-спікерка Лізавета Пракопчык.

    Падчас слуханняў Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай.

    ВІЗІТ У ШЭЛТАР ДЛЯ БЫЛЫХ ПАЛІТЗНЯВОЛЕНЫХ

    Святлана Ціханоўская наведала беларускі шэлтар для былых палітзняволеных у Варшаве. Падчас візіту ў шэлтар беларуская лідарка сустрэлася з яго заснавальніцай, былой палітзняволенай і сузаснавальніцай фонду «Прытуляй мяне» Ганнай Федаронак, азнаёмілася з прасторай і ўмовамі шэлтара, а таксама паразмаўляла з яго жыхарамі. На сустрэчы абмеркавалі, у чым шэлтар мае найбольшую патрэбу і як можна дапамагчы яму працаваць далей. Былыя палітвязні падзяліліся сваімі гісторыямі і распавялі пра ўмовы, у якіх ім давялося знаходзіцца за кратамі.

    Каманда Святланы Ціханоўскай перадала ў шэлтар неабходныя бытавыя рэчы.

    СУСТРЭЧА З АЛЯКСАНДРАМ ФЯДУТАМ

    6 лютага адбылася сустрэча Святланы Ціханоўскай з Аляксандрам Фядутам. Аляксандр Фядута — беларускі літаратуразнаўца, палітолаг і публіцыст, які быў асуджаны паводле палітычна матываваных абвінавачанняў і правёў некалькі гадоў у зняволенні. На волю ён выйшаў пасля працяглага турэмнага тэрміну 13 снежня 2025 года.

    Падчас сустрэчы абмяркоўвалі сітуацыю ў Беларусі — умовы ўтрымання ў турмах, ціск і рэпрэсіі, а таксама магчымасці падтрымкі палітвязняў і іх сем’яў. Асобную ўвагу надалі магчымым шляхам спынення рэпрэсіяў і вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

    ВІЗІТ У ВАШЫНГТОН

    З 3 па 6 лютага дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі здзейсніў працоўны візіт у Вашынгтон. Цягам візіту ён:

    – Выступіў на слуханнях у Кангрэсе ЗША. У сваім выступе Дзяніс Кучынскі заклікаў узмацніць намаганні дзеля вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, правесці чарговы раўнд Стратэгічнага дыялогу ЗША з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і працягваць сістэмную падтрымку беларускіх дэмакратычных інстытутаў. Цалкам прамову можна прачытаць па спасылцы.

    – Наведаў Белы дом, дзе сустрэўся з старэйшым памочнікам прэзідэнта ЗША і дырэктарам па пытаннях Еўропы Чарльзам Маклафлінам, а таксама са старэйшым дарадцам віцэ-прэзідэнта ЗША Спіра Баласам.

    – Сустрэўся з амбасадаркай ЕС Йовитай Нелюпшене, амбасадарам Літвы ў ЗША Гедымінасам Варвуолісам, амбасадаркай Нарвегіі і былой міністаркай замежных справаў Аннікен Хюітфельд.

    Асноўная ўвага была нададзеная пытанню вызвалення палітзняволеных, узмацненню міжнароднага ціску на рэжым, падтрымцы беларускіх дэмакратычных інстытутаў і каардынацыі далейшых дзеянняў з ЗША і саюзнікамі. 

    СУСТРЭЧА З КАМАНДАЙ НАУ

    5 лютага Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з камандай Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ). У сустрэчы ўдзельнічалі кіраўнік НАУ Павел Латушка і чальцы каманды: Арцём Брухан, Юлія Гарачая, Арцём Праскаловіч, Ірына Халопіца і іншыя. Сустрэча праходзіла ў офісе НАУ ў Варшаве.

    На сустрэчы абмеркавалі некалькі ключавых тэмаў сумеснай працы:
    – каардынацыю працы Офіса Святланы Ціханоўскай і НАУ;
    – узаемадзеянне па юрыдычных напрамках і прыцягненні прадстаўнікоў рэжыму да міжнароднай крымінальнай адказнасці, у тым ліку ў кантэксце механізмаў Міжнароднага крымінальнага суда.

    СУСТРЭЧЫ З ГАЛОЎНЫМІ РЭДАКТАРАМІ БЕЛАРУСКІХ МЕДЫЯ

    6 лютага ў Варшаве Святлана Ціханоўская сустрэлася з галоўнымі рэдактарамі незалежных беларускіх медыя, каб абмеркаваць умовы, у якіх сёння вымушаная працаваць незалежная журналістыка. 

    Асобна Святлана Ціханоўская сустрэлася з камандай «Белсата». Падчас размовы гаварылі пра ролю беларускіх медыя ў сучаснай Беларусі, ціск на журналістаў з боку рэжыму, міжнародную падтрымку, а таксама складанасці працы за межамі краіны. 

    СУСТРЭЧА З ПРАДСТАЎНІКАМІ БЕЛАРУСКІХ ПЛЯЦОВАК

    4 лютага беларуская лідарка правяла сустрэчу з прадстаўнікамі беларускіх пляцовак.

    Удзел у сустрэчы ўзялі Паліна Бродзік (Free Belarus Center), Алесь Зарэмбюк (Беларускі дом у Варшаве), Уладзь Кобец (Цэнтр беларускай салідарнасці), Галіна Казіміроўская (фонд «Вольны Хор», Беларуская школа мастацтваў імя М. Равенскага ў Варшаве), Наталля Задзяркоўская (Музей вольнай Беларусі), Алесь Лапко (Беларускі Моладзевы Хаб).

    Асноўнай тэмай абмеркаванняў стаў цяперашні стан беларускіх ініцыятываў у польскай сталіцы, а таксама іх патрэбы, планы на будучыню і шляхі ўзмацнення супрацоўніцтва і кааперацыі.

    СУСТРЭЧА З САКРАТАРЫЯТАМ УПАЎНАВАЖАНАГА ВЯРХОЎНАЙ РАДЫ УКРАІНЫ ПА ПРАВАХ ЧАЛАВЕКА

    3 лютага ў Кіеве адбылася рабочая сустрэча прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі з Сакратарыятам Упаўнаважанага Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека. У сустрэчы ўзялі ўдзел дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Леанід Марозаў, прадстаўніца ў сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вольга Зазулінская і прадстаўніца дэмакратычных сілаў Беларусі ва Украіне Святлана Шаціліна.

    Бакі абмеркавалі:
    – сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, з асаблівым фокусам на становішча палітычных зняволеных, якія незаконна ўтрымліваюцца ў месцах несвабоды на тэрыторыі Беларусі. Сярод іх ёсць і грамадзяне Украіны.
    – сітуацыю з беларусамі, якія зазналі пераслед за супрацьдзеянне рэжымам Лукашэнкі і Пуціна пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны, а таксама гуманітарным і праваабарончым падыходам да такіх кейсаў.
    – практыку прымусовага вывазу беларускіх палітычных зняволеных за межы Беларусі ў 2025 годзе, у тым ліку праз тэрыторыю Украіны, і магчымую каардынацыю дзеянняў у выпадку працягу такіх практык.

    МІТЫНГ ПАМЯЦІ ЗАГІНУЛЫХ ВА УКРАІНЕ

    2 лютага ў Вільні прайшоў Мітынг памяці загінулых ва Украіне, арганізаваны арганізацыяй «Дапамога».

    У мерапрыемстве ўзялі ўдзел беларусы, якія прыйшлі ўшанаваць памяць ахвяраў расійскай агрэсіі і выказаць салідарнасць з Украінай. Падчас мітынгу з прамовай выступіў дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька:
    «У Пуціна аднолькавыя мэты адносна і Украіны, і Беларусі — анэксія і поўны кантроль. Ва Украіне ён дамагаецца гэтага з дапамогай ракет і дронаў, а ў Беларусі — праз Лукашэнку. Мы не хочам жыць у расійскай «камунальнай кватэры». Нашая мара — жыць у сваіх дамах, украінскім і беларускім, у еўрапейскім квартале».

    Падчас мітынгу таксама быў паказаны відэазварот Святланы Ціханоўскай:

    «Гэтая халодная зіма асабліва цяжкая для Украіны. У дамах няма ацяплення, святла, электрычнасці. Таму няхай нашая з вамі салідарнасць хоць крышку сагрэе людзей. А нашыя данаты дапамогуць ім набыць самае неабходнае.

    Дарагія ўкраінцы, памятайце: беларусы на вашым баку. Беларусы — гэта не рэжым».

    ПРЫЗНАЧАНЫ НОВЫ КАНСУЛЬТАНТ ОФІСА

    Былы дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Генадзь Коршунаў будзе адказваць за аналітычную падтрымку, экспертную ацэнку, распрацоўку стратэгіяў і ўзаемадзеянне з экспертнай супольнасцю.

    Генадзь Коршунаў — беларускі сацыёлаг і аналітык, былы дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, былы старэйшы даследчык Цэнтра новых ідэй, заснавальнік Беларускай сацыялагічнай групы.

    ВЫСТАВА ПРА 30 ГАДОЎ ДЫКТАТУРЫ

    2 лютага ў будынку парламента Чэхіі адкрылася выстава «30 гадоў дыктатуры. 30 плакатаў з яе наступствамі» Артура Вакарава. Выстава прысвечаная сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і ўпершыню прадстаўленая ў Чэхіі. 

    Выстава арганізаваная Офісам дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы з дапамогай чальца чэшскай парламенцкай групы сяброў «За дэмакратычную Беларусь» Хаята Акамура.

    ДЗЕНЬ НАРАДЖЭННЯ КАСТУСЯ КАЛІНОЎСКАГА

    2 лютага — дзень нараджэння Кастуся Каліноўскага. З гэтай нагоды дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі Павел Церашковіч паразважаў пра ролю Каліноўскага для сучасных беларусаў:

    «Чаму ж сёння лукашэнкаўскіх прапагандыстаў выварочвае ад нянавісці пры слове «Каліноўскі»? Справа ў страху. Жудасным страху перад тымі, хто змагаецца за ўкраінскую і нашую свабоду ў Палку імя Каліноўскага. Тымі, хто ахвяруе сваімі жыццямі, каб выратаваць гонар і годнасць беларусаў, якія запэцкалі саўдзельнікі крамлёўскіх злачынстваў. Тымі, хто змагаецца за «сваё чалавечае і народнае права». Тымі, хто раней ці пазней вернецца ў Беларусь. Бо каго любіш? Люблю Беларусь!»

    ДЗЕНЬ НАРАДЖЭННЯ ТАДЭВУША КАСЦЮШКІ 

    4 лютага адзначаецца дзень нараджэння Тадэвуша Касцюшкі. Дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі Павел Церашковіч распавёў некалькі фактаў пра нашага славутага земляка і яго спадчыну:

    «Помнік Касцюшку, які ў 2018 годзе ўсталявалі на яго радзіме ў Мерачоўшчыне каля Косава, быў адліты ва Украіне. Менавіта там адбыўся так званы «ленінапад» — масава дэмантавалі камуністычныя помнікі і бронза каштавала значна танней, чым у Беларусі. У нас звыш 400 помнікаў Леніну. І гэтай бронзы хопіць на ўсіх сапраўдных беларускіх герояў».

    НОВЫ ВЫПУСК ПРАЕКТА «ЯК ЁСЦЬ»

    Дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька ў праекце «Як ёсць» распавёў пра асноўныя падзеі мінулага тыдня. 

    СКАРАЧЭННЕ НАСЕЛЬНІЦТВА БУЙНЫХ ГАРАДОЎ

    Паводле Нашай Нівы, за апошнія 10 гадоў у Беларусі скарацілася насельніцтва ўсіх буйных гарадоў, за выключэннем пяці. Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі пракаментаваў гэтую статыстыку:

    «За кожнай лічбай стаіць канкрэтная сям’я, выбар з’язджаць, страчаныя магчымасці і адчуванне, што дома няма будучыні. Беларусы павінны мець прычыну заставацца дома — не з прымусу, а з надзеі. І гэта магчыма ў вольнай, дэмакратычнай краіне».

    АДКАЗЫ НА ПЫТАННІ ПРА ПАРЕ

    Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі ў пяты раз прынялі ўдзел у сесіі ПАРЕ. Дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава адказала на самыя важныя пытанні і распавяла пра тое, як гэтыя міжнародныя сустрэчы ператвараюцца ў доўгатэрміновую і практычную працу.

    МЕДЫЯ

    Перетрем с Халезиным (Беларусь), The Rest Is Politics: Leading (Міжнароднае), БелСАТ News (Беларусь), Rzeczpospolita (Польшча), БелСАТ (Беларусь), БелСАТ (Беларусь), Радыё Свабода (Беларусь), Радыё Рацыя (Беларусь), SRF (Швейцарыя), SRF (Швейцарыя).

    Апошнія навіны