Дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі знаходзіцца з трохдзённым рабочым візітам у Вашынгтоне. Візіт адбываецца напярэдадні слуханняў у Кангрэсе, запланаваных на сёння.
У межах паездкі дарадца правёў дзьве сустрэчы ў Белым доме — з Чарльзам Маклафлінам, спецыяльным памочнікам прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і дырэктарам па пытаннях Еўропы, а таксама са Спіра Баласам, старэйшым дарадцам віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Дзі Вэнса.
Асноўныя тэмы размоваў:
— працяг дамоўленасцяў, дасягнутых пасля сустрэчы з намеснікам дарадцы па нацыянальнай бяспецы прэзідэнта ЗША Эндзі Бэйкерам 2 снежня мінулага года;
— працяг гуманітарных намаганняў дзеля вызвалення палітвязняў;
— як перамоўныя працэсы вакол Украіны могуць уплываць на сітуацыю Беларусі, і як развіваюцца кантакты з украінскім бокам пасля нядаўняй сустрэчы Уладзіміра Зяленскага і Святланы Ціханоўскай;
— працяг ціску на палітвязняў і пагаршэнне ўмоваў іх утрымання;
— гібрыдныя атакі рэжыму супраць краінаў Еўрапейскага Саюза, у тым ліку супраць Польшчы і Літвы.
Кучынскі адзначыў працяг гуманітарных намаганняў дзеля вызвалення палітвязняў, дзякуючы поспехам працы спецпрадстаўніка ЗША па Беларусі Джона Коўла.
Падкрэсліваецца важнасць двух паралельных напрамкаў працы: гуманітарнага — дзеля вызвалення палітвязняў і палітычнага — дзеля аднаўлення суверэнітэту Беларусі і запуску дэмакратычных пераўтварэнняў пасля спынення рэпрэсіяў, вызвалення і амністыі ўсіх палітычных зняволеных.
Ад імя Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі падзякаваў прэзідэнту ЗША Дональду Трампу за намаганні і вынікі ў гуманітарным напрамку — у тым ліку за вызваленне чарговай групы палітычных зняволеных у Беларусі 13 снежня. Да таго ж, у Белы дом быў перададзены праект прапановы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета пра правядзенне круглага стала і магчымую ролю ЗША як міжнароднага медыятара ў будучых дэмакратычных пераўтварэннях у Беларусі.
