Паважаны спадар спікер Арцём Брухан,
шаноўныя дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады,
сябры Аб’яднанага пераходнага кабінета,
дарагія беларускі і беларусы, якія глядзяць нас онлайн.
Ведаеце, апошнія гады я амаль заўсёды пачынаю свае выступы са словаў падзякі. Здаецца, гэта простая і звычайная рэч, але менавіта гэтага — казаць «дзякуй» адно аднаму — нам вельмі часта не стае.
Усе мы нешта згубілі: дом, працу, кар’еру, свабоду. У кагосьці родныя застаюцца ў няволі. Кожны дзень прыносіць новыя выпрабаванні — ціск і пагрозы з боку спецслужбаў, складанасці з дакументамі ў чужой краіне, гэтая пастаянная, знясільваючая няпэўнасць і невядомасць…
Але, нягледзячы на ўсё гэта, ніхто з вас не здаўся, не скарыўся, не апусціў рук. Вы працягваеце працаваць, працягваеце верыць і робіце ўсё, што ў вашых сілах — ужо больш за пяць гадоў.
Паверце, добрае слова, невялікі жэст падтрымкі ці шчырае «дзякуй» маюць неверагодную сілу. І мне здаецца, калі б мы часцей казалі «дзякуй» адно аднаму, часцей заўважалі добрае і пазбягалі непатрэбнай таксічнасці, мы значна хутчэй крочылі б разам да нашых мэтаў.
І сёння я дзякую ўсім сябрам Каардынацыйнай Рады – за нашу з вамі супрацу на працягу апошніх двух гадоў. Сённяшнія слуханні – сведчанне, што нашыя інстытуты працуюць, узаемадзейнічаюць, а дамоўленасці выконваюцца. Насамрэч, не трэба ніякай “уладнай вертыкалі”, калі ёсць сістэма, пабудаваная на прынцыпах дэмакратыі, узаемнай справаздачнасці і празрыстасці. І гэтая сістэма – супрацьлегласць таму “казарменнаму” спосабу кіравання, які рэжым навязаў беларусам.
Я дзякую вам за падтрымку, але таксама за спрэчкі. Трэба прыняць, што дэбаты, дыскусіі, разыходжанні, якія ў нас ёсць – гэта нармальна. Тое, што яны ёсць – прыкмета здаровага арганізму, і было б нашмат горш, калі б была поўная цішыня і аднагалоснасць.
Я дзякую ўсім фракцыям, і ў прыватнасці – фракцыі “Беларусы”, якія ініцыявалі гэтыя слуханні. Я вельмі спадзяюся, што не расчарую Вадзіма Пракоп’ева, і ведаю, што ён мае да мяне сотню пытанняў. Хаця скажу адразу, адказаў на ўсе пытанні ў мяне быць і не можа. Шукаць адказы – наша з вамі СУПОЛЬНАЯ задача.
Безумоўна, я дзякую прадстаўнікам і прадстаўніцам у Аб’яднаным пераходным кабінеце, і маёй дарагой камандзе Офіса – за бяссонныя ночы, працу ва ўмовах цэйтноту, і вельмі часта – валанцёрства. Я ведаю, што магу разлічваць на кожнага з нас. І тое, што ўсе прадстаўнікі ў жніўні паспяхова прайшлі слуханні ў Каардынацыйнай радзе – паказвае, што ўсе яны на сваіх месцах.
Праца, якую мы з вамі робім – няўдзячная, але яе трэба камусьці рабіць. І мы яе робім. Сёння з намі Вольга Зазулінская і Лявон Марозаў, якія толькі вярнуліся з Кіева. Некалькі начэй яны правялі пад абстрэламі, у бункеры, у холадзе, а днём – працавалі над вырашэннем праблем беларусаў ва Ўкраіне.
Дэмакратычныя сілы сёння робяць тое, што павінна рабіць нармальная дзяржава – вырашаць праблемы сваіх грамадзян, бараніць іх правы, адстойваць інтарэсы краіны на міжнароднай арэне.
Рэжым жа Лукашэнкі робіць усё наадварот – пераследуе сваіх грамадзян, а краіну заганяе ў ізяляцыю. Улада клапоціцца не пра людзей, а сама пра сябе, пра сваё ўласнае выжыванне. Яна трымаецца на страху і рэпрэсіях. Людзі не адчуваюць ні павагі з боку дзяржавы, ні ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.
У такой сістэме, пабудаванай на прыхаці аднаго чалавека, чыноўнікі гатовыя выконваць самыя дурацкія загады. Прыклад таму – нядаўняя пастанова аб выключэнні вулічнага асвятлення. Узяць проста так і паставіць пад пагрозу жыцці людзей, без усякай патрэбы – чарговы маразм гэтага рэжыму.
Памятаеце, раней была такая фраза: “Уходя, гасите свет”. Хочацца верыць, што выключэнне святла – тонкі намёк на непазбежны сыход дыктатара, а разам з ім – і ўсёй гэтай яго бесчалавечнай сістэмы.
Калі гэта адбудзецца, многія беларусы уздыхнуць з палёгкай, і сумаваць па ім дакладна ніхто не будзе. Ды і не сакрэт, што многія чыноўнікі за спінай называюць Лукашэнку дзедам і жартуюць пра яго сінія пальцы. Красамоўная і адстаўка Субоціна, старшыні віцебскага аблвыканкаму, на гэтым тыдні – яшчэ адзін сімптом гніення лукашэнкаўскай вертыкалі.
Відавочна, што транзіт улады непазбежны – па волі Лукашэнкі ці без яе – і нам з вамі трэба да гэтага рыхтавацца. Я не кажу, што гэта наступіць заўтра – але калі гэта наступіць, то ад нашай еднасці, устойлівасці, ад здольнасці дэмакратычных сілаў змабілізавацца будзе залежаць, куды і як будзе рухацца краіна далей.
У Беларусі па сутнасці дзве альтэрнатывы. Гэта ці статус-кво, Беларусь як сатэліт Расіі, – ці ўсё ж незалежная краіна, інтэграваная ў еўрапейскую прастору. І сёння менавіта дэмакратычныя сілы ўвасабляюць гэтую альтэрнатыву.
Безумоўна, перамены ў Беларусі будуць у многім залежаць ад вынікаў расійскай вайны супраць Украіны. Ёсць імавернасць, што ўсё ж будзе падпісана мірнае пагадненне. Калі гэта адбудзецца, зноў вернецца ўвага і да Беларусі. І вельмі верагодна, што адкрыецца новае вакно магчымасцяў.
Для нас будзе вельмі важна гэтым акном скарыстацца. Не дазволіць Расіі замацаваць свой кантроль над Беларуссю – каб не страціць канчаткова суверэнітэт. А захаваўшы суверэнітэт – мы зможам вярнуць у Беларусь і дэмакратыю, а потым паставіць краіну на еўрапейскія рэйкі.
Многія ўнутры сістэмы падзяляюць нашы погляды і гатовыя з намі дамаўляцца. Яны разумеюць, што Лукашэнка страціў суб’ектнасць, цалкам залежны ад Расіі, і вядзе краіну ў тупік. І калі гэты працэс не спыніць, мы страцім краіну.
Менавіта таму Кабінет нядаўна распачаў кампанію з заклікам да “Круглага стала”. Гэта не значыць, што гэта адбудзецца сёння ці заўтра, але такім чынам мы закладаем платформу для дыялогу на будучыню.
Безумоўна, можа адбыцца і зусім іншы сцэнар: калі не будзе замірэння, а пачнецца новая хваля эскалацыі. Мы бачым што Расія пры дапамозе Лукашэнкі УЖО рыхтуецца да гэтага, нарошчвае узбраенне, размяшчае “арэшнікі” і ядзерную зброю на нашай тэрыторыі.
Расія бачыць Беларусь як плацдарм для чарговага нападу, для правакацыяў супраць суседзяў. Безумоўна, у гэтым сцэнары многае будзе залежаць ад нашай еднасці і нашай гатоўнасці да супраціву. Але самае лепшае выйсце – такога сцэнару проста не дапусціць.
Увогуле сцэнароў развіцця падзеяў можа быць многа, і ў кожным з іх вялікую ролю будзе граць Украіна. І таму для нас надзвычай важна Украіну сёння падтрымліваць. Бо чым мацнейшай з вайны выйдзе Ўкраіна – тым больш шанцаў на перамены будзе ў Беларусі.
У гэтым кантэксце вельмі важныя змены, якія адбыліся ў нашых адносінах. Гэта не толькі нашая сустрэча з прэзідэнтам Зяленскім у Вільні, якая сапраўды была паваротнай. Але і яго папярэднія выступы – у Мюнхене, у Давосе, на іншых форумах, – дзе ён казаў, што Беларусь павінна стаць дэмакратычнай і еўрапейскай дзяржавай.
Украіне крытычна важна, каб тую справу, якую мы з вамі пачалі ў 2020-м – мы змаглі давесці да канца. Каб Беларусь стала прадказальным суседам, мірнай, дэмакратычнай, еўрапейскай дзяржавай – не правінцыяй Крамля. І Украіна, здаецца, цяпер гатовая больш актыўна падтрымліваць беларускі дэмакратычны рух.
Мы чакаем прызначэння спецпасланніка. Паралельна рыхтуем візіт у Кіеў. Учора я сазвоньвалася з добраахвотнікамі, ветэранамі, украінскімі экспертамі. Планую сустрэчы з беларусамі ва Ўкраіне. Гэты візіт стане пачаткам доўгатэрміновай супрацы, і яшчэ адной цаглінкай у справе перамен.
Мы выпрацуем супольную стратэгію, і спадзяюся, зможам вырашыць практычныя пытанні – выплат, легалізацыі, банкаў, сацыяльных гарантый. Гэта ўсё створыць умовы, каб беларусы маглі дапамагаць Украіне, а Украіна – магла дапамагчы нам.
І канешне, новыя кантакты з Украінай, я спадзяюся, адкрыюць магчымасці для нашых суполак і іх ініцыятыў. Такіх як Пункт Нязломнасці, што нядаўна адкрыла арганізацыя “Сустрэча”, каб дапамагчы людзям, якія з прычыны расейскіх абстрэлаў не маюць у маразы ацяплення і святла.
Беларускае пытанне сёння немагчыма аддзяліць ад кантэксту вайны. Безумоўна, для нас з вамі самае важнае – гэта палітвязні, рэпрэсіі, унутраная сітуацыя.
Але свет глядзіць на Беларусь найперш праз прызму вайны, і тых пагроз, якія стварае Лукашэнка – для Украіны і Еўрапейскага саюзу.
Менавіта вайна вызначае палітыку па Беларусі, і праз саўдзел рэжыму ў вайне – церпяць у тым ліку звычайныя беларусы.
Еўрапейскія санкцыі ў абсалютнай большасці былі ўведзеныя менавіта праз вайну і гібрыдныя пагрозы, і таму тая нездаровая дыскусія, якая дзеліць нашу супольнасць у пытанні “ці здымаць цяпер санкцыі”, – не вельмі прадуктыўная.
Рэжым выдатна ведае, што зрабіць, каб санкцыі былі знятыя: найперш, выправіць тое, за што яны былі ўведзеныя. Але ён гэтага не робіць, наадварот – сітуацыя толькі пагаршаецца: правакацыі на мяжы працягваюцца, ВПК працуе на расійскую ваенную машыну, паветраныя шары запускаюцца ў бок Вільні.
Беларусь выкарыстоўваецца як фінансавая лазейка для Расіі – і як яе ваенны плацдарм. І каб зняць санкцыі, трэба найперш зліквідаваць іх першапрычыну.
Калі еўрапейскія санкцыі ў асноўным былі ўведзеныя за вайну, бальшыня амерыканскіх – за правы чалавека. І мы выпрацавалі формулу: амерыканскія санкцыі — каб вызваляць людзей, еўрапейскія санкцыі — каб вызваліць краіну.
Усе мы згодныя, што санкцыі – гэта інструмент, якім трэба карыстацца. Але карыстацца ім трэба мудра – таму што рэжым, як заўжды, паспрабуе нас падмануць.
І мы бачым, што санкцыі працуюць, як бы рэжым ні спрабаваў паказаць адваротнае. Дзякуючы санкцыям ужо былі вызваленыя сотні людзей, у тым ліку палітычныя лідэры – Сяргей, Маша, Віктар, Алесь Бяляцкі, Аляксандр Ярашук – многія іншыя.
Гэтыя вызваленні сталі магчымымі дзякуючы санкцыям, а таксама дзякуючы бліскучай дыпламатыі Джона Коўла і амерыканскай адміністрацыі. Яшчэ год таму мала хто мог паверыць, што такое можа адбыцца – але вось ужо было некалькі хваляў вызваленняў, і працэс працягваецца.
Гэтыя вызваленні сталі магчымыя і дзякуючы нашай працы – бо ўсе гэтыя гады мы працавалі над тым, каб паставіць кейс Беларусі на міжнародны парадак дня, і зацікавіць у тым ліку амерыканскую адміністрацыю.
Мы бачым, што гэты працэс далёка не ідэальны. Вызваленні адбываюцца, але людзей дэпартуюць. Нехта выходзіць на свабоду, але саджаюць новых. І цяпер наша задача – каб людзі не толькі выйшлі на свабоду, але і былі спыненыя рэпрэсіі. Каб гэтыя вызваленні адкрылі шлях для доўгатэрміновых сістэмных змен у краіне.
Адной з рашэнняў магла б быць агульная палітычная амністыя – не толькі вызваленні, але і поўнае закрыццё справаў і спыненне пераследу – што адкрые людзям шлях да вяртання дадому. Мы бачым, штó адбылося на гэтым тыдні ў Венесуэле – а значыць, гэта магчыма і ў Беларусі.
Разам з міжнароднымі партнёрамі мы распрацавалі стратэгію, дарожную карту, якая можа не толькі вызваліць людзей, але прывесці да сістэмных перамен. У ЗША і Еўрапейскага Саюзу тут розныя задачы.
У ЗША хапае інструментаў і ўласнай сілы, каб вызваліць людзей і спыніць рэпрэсіі. Тым болей што Лукашэнку гэтыя кантакты нашмат больш патрэбныя, чым Лукашэнка патрэбны амерыканцам.
У Еўропы – калі казаць пра санкцыі – мацнейшыя карты. І не трэба ціснуць на Еўропу, каб яна скінула гэтыя карты цяпер. Яны спатрэбяцца на наступным этапе. Не трэба Еўропе і пераймаць тактыку прэзідэнта Трампа, асабліва што тычыцца кантактаў з Лукашэнкам, бо эфект можа быць супрацьлеглы.
І яшчэ я прашу не ствараць штучнага раздваення, штучнага падзелу у нашай супольнасці – маўляў, ёсць стратэгія за санкцыі, а ёсць стратэгія за перамовы. Мы ў прынцыпе гаворым пра адно і тое ж рознай мовай. Перамовы не будуць выніковымі без санкцыяў, а санкцыі не будуць працаваць без перамоваў.
А калі некаму здаецца, што Лукашэнка, калі мы знімем санкцыі, раптам стане гуманным і ўсіх павыпускае, ці пачне рэформы, то паверце, гэта вялікая ілюзія, якія замарозіць сітуацыю. Любы крок – павінен суправаджацца жорсткімі ўмовамі.
Нашая агульная мэта – каб пачаўся дыялог, безумоўна. Але гэта павінен быць дыялог не Лукашэнкі з Захадам. А гэта павінен быць дыялог з беларускім народам. Як кажуць – “нічога пра нас без нас”. Толькі такі дыялог будзе мець плён. І мы да такога дыялогу заўжды гатовыя.
Дарагія сябры,
Як я ўжо сказала, вызваленні будуць працягвацца, і мы да іх падрыхтаваныя. Апошнія хвалі вызваленняў паказалі, наколькі хутка мы здольныя арганізавацца – як Кабінет, як праваабаронцы, як грамадзянская супольнасць.
Для прыёму ўсіх вызваленых і аказання ім усёй неабходнай першаснай дапамогі нам удалося арганізаваць інфраструктуру, у якую ўвайшлі каля 30 арганізацый. Апошняя група палітвязняў атрымала беспрэцэдэнтную дапамогу, як у Вільні, так і ў Варшаве – фінансавую падтрымку, жытло на некалькі месяцаў, людзі прайшлі бясплатную медычную рэабілітацыю, лекаванне зубоў. Як адзначыў адзін з вызваленых: “Штаб дапамог з легалізацыяй і жытлом пасля выдварэння, без гэтага было б немагчыма адаптавацца”.
Канешне, гэта стала вынікам вялікай падрыхтоўчай працы. Гэтага не было б, калі б не нашыя цудоўныя ініцыятывы, фонды і праваабаронцы. Гэтага не было б, калі б не дапамога Еўракамісіі, якую мы загадзя змаглі змабілізаваць. Гэтага не было б, калі б не Міжнародны гуманітарны фонд – які мы стварылі з партнёрскімі ўрадамі. Гэта ўсё таксама вынік працы Кабінета, якім мы можам ганарыцца.
Безумоўна, дапамогі заўжды будзе не хапаць, самае важнае – мець сістэму, і мы яе збудавалі. І я ўпэўненая, што наступныя групы вызваленых не застануцца сам насам са сваімі праблемамі.
Украіна, гуманітарны трэк ЗША, сістэма дапамогі палітзняволеным – гэта толькі некалькі прыкладаў працы нашых інстытуцый. Але ёсць шмат іншых напрамкаў, за якія мы адказваем і якімі займаемся штодня.
За апошнія гады нам удалося дапамагчы тысячам беларусаў, мы выцягвалі людзей з крытычных сітуацый, ратавалі ад Інтэрполу, адбівалі візавыя баны, дамаўляліся пра легалізацыю ў трэціх краінах.
Інстытуцыі – Кабінет, Офіс, Каардынацыйная рада – гэта тое, што адрознівае наш рух ад іншых, і многія нацыі, якія апынуліся ў падобнай да нашай сітуацыі, нам сапраўды зайздросцяць.
У нас ёсць сістэма, ёсць легітымнасць, ёсць інструменты унутранай дэмакратыі і поспехі ў вырашэнні практычных пытанняў. Самае важнае – у беларускага грамадства ёсць суб’ектнасць, якая дазваляе нам казаць, што беларусы не роўна рэжым.
Калі б нас і нашай працы не было, калі б не было каліноўцаў, калі б не было медыяў, праваабаронцаў, усёй неймавернай працы дыяспары – то гэтае кляймо суагрэсара распаўсюдзілася б на ўсю нацыю.
І калі вы спытаеце, які галоўны вынік нашай працы – я б назвала гэты: беларусаў адрозніваюць ад рэжыму, а Беларусь – ад Расіі.
Безумоўна, нашыя інстытуты не маюць улады, хіба што сімвалічную. Мы не распараджаемся фінансамі, у нас няма сістэмы кантролю ці прымусу. Але ў нас ёсць уплыў на міжнароднай арэне, магчыма, меншы – унутры краіны.
Мы стварылі нешта абсалютна ўнікальнае, калі з дэмакратычным рухам у выгнанні працуюць, як з урадам, іншыя краіны. Праводзяць стратэгічныя дыялогі, кансультатыўныя і кантактныя групы, прызначаюць спецпасланнікаў, ці дазваляюць адкрываць свае місіі на сваёй тэрыторыі – спадзяюся, неўзабаве мы адкрыем яшчэ адну, у Іспаніі.
Гэта значыць – нам давяраюць і прымаюць як роўных партнёраў.
Нашы структуры – жывыя. Далучаюцца новыя людзі. Адзін з апошніх набыткаў – вядомы сацыёлаг Генадзь Коршунаў, які будзе маім дарадцам па аналітыцы. Нядаўна далучыўся Дзмітры Кучук, з якім мы рыхтуем шэраг мерапрыемстваў да 40-годдзя Чарнобыльскай катастрофы. Чакаю рашэння Каардынацыйнай Рады па прызначэнні Мікалая Казлова на пасаду прадстаўніка ў кабінеце, які будзе працаваць у тым ліку па сілавіках. І Кучук, і Казлоў яшчэ нядаўна былі палітвязнямі.
Выхад палітвязняў даў новую энергію. Мы ўжо наладзілі супрацу і камунікацыю з Алесем Бяляцкім, Паўлам Севярынцам, прафсаюзным лідэрам Аляксандрам Ярашуком. На гэтым тыдні я правяла размову з Віктарам Бабарыкам – і мне здаецца, мы зможам выпрацаваць супольную стратэгію, а не падзяляцца на дробныя палітычныя цэнтры. Як я казала: стратэгічная мэта ў нас адна. Тактыкі могуць быць розныя – і я лічу, што гэта нармальна.
Безумоўна, мне хацелася б большага ўдзелу і традыцыйных палітычных партый, забароненых ў Беларусі, і найлепшы шлях да гэтага – каб яны былі прадстаўленыя ў Каардынацыйнай радзе.
Я ўжо казала, што за апошні год мы істотна перафарматавалі працу Кабінета і Офіса. Сёння Кабінет — гэта зладжаная, моцная каманда. Мы працуем калегіяльна, збіраемся штотыдзень, кожны нясе адказнасць за свой напрамак, і ўсе рашэнні прымаюцца супольна.
Мы дзейнічаем на аснове агульнай стратэгіі. Гэта і дакументы Каардынацыйнай рады, і рэзалюцыі канферэнцый «Новая Беларусь», і Платформа-2025, якую падпісалі ўсе ключавыя структуры дэмакратычнага руху.
Мы далучаемся да ініцыятыў дыяспары, праваабаронцаў, экспертаў, культурных дзеячаў і, у сваю чаргу, запрашаем іх да супрацы. Мы працуем разам з Народнымі амбасадамі, Кіберпартызанамі, BELPOL, НАУ, Радай культуры і многімі іншымі партнёрамі.
Я фізічна не змагу пералічыць усё, што было зроблена за апошнія гады, таму, магчыма, спынюся на ключавых выніках па асноўных напрамках.
Першае — прававая адказнасць. Дзякуючы тытанічнай працы Паўла Латушкі і каманды НАУ, юрыдычнага аддзела Офіса, BELPOL і праваабаронцаў у Міжнародным крымінальным судзе распачатыя справы:
– па масавай дэпартацыі беларускіх грамадзян (заяву падала Літва — мы за гэта вельмі ўдзячныя);
– па незаконным вывазе ў Беларусь украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый.
Пытанне адказнасці рэжыму Лукашэнкі замацавана ў рэзалюцыях ПАРЭ і Еўрапейскага парламента, рэгулярна гучыць у ААН. Рэзалюцыя ПАРЭ аб стварэнні Міжнароднага трыбуналу за агрэсію супраць Украіны ўключае і злачынствы беларускага рэжыму. Суддзі, пракуроры, вайсковыя прадпрыемствы трапілі пад санкцыі — гэта канкрэтны вынік нашай працы.
Другое — мабільнасць і легалізацыя. Сотні беларусаў пры нашай падтрымцы атрымалі міжнародную абарону і дапамогу ў легалізацыі. У больш чым палове краін ЕС нам удалося дамагчыся змякчэння працэдур: выдачы пашпартоў замежніка, прызнання пратэрмінаваных дакументаў, падаўжэння гуманітарных ВНЖ. Апошнія прыклады — Іспанія, Данія, Нарвегія. Ці Літва, дзе ВНЖ цяпер выдаюцца да трох гадоў. Мы змаглі пазбегнуць візавых “банаў”, хоць праблема візаў застаецца вельмі вострай.
Мы выцягвалі людзей з крытычных сітуацый, эвакуявалі нават без пашпартоў. Дапамагалі тым, хто трапіў пад транснацыянальныя рэпрэсіі. Адзін з прыкладаў — кейс Андрэя Гнёта: супольнымі намаганнямі нам удалося прадухіліць яго экстрадыцыю ў Беларусь. Мы таксама наладзілі сістэмную супрацу з Інтэрполам, каб спыніць злоўжыванні з боку рэжыму.
Трэцяе — сацыяльная падтрымка. Тут мы сканцэнтраваліся на практычных патрэбах беларусаў. Разам з партнёрамі і праваабаронцамі выбудавалі сістэму падтрымкі рэпрэсаваных і вызваленых палітвязняў, працуе Міжнародны гуманітарны фонд, створаны рабочыя групы па праблемах беларусаў ў розных краінах, у тым ліку ў Польшчы.
Чацвёртае — эканоміка. Нядаўна Аліса Рыжычэнка прадставіла Стратэгічнае бачанне развіцця Беларусі да 2035 года з канкрэтнымі рэформамі. Створана група экспертаў, якая працуе над пакетам эканамічных перамен.
Пятае — адукацыя і моладзь. Запушчана бясплатная онлайн-школа, а нашы прапановы замацаваныя ў еўрапейскіх дакументах. ЕС ухваліў пакеты падтрымкі: стыпендыі, адукацыйныя праграмы, онлайн-навучанне. Гэта вынік сістэмнай адвакацыі.
Шостае — нацыянальная ідэнтычнасць і культура. Мы рэалізавалі шэраг медыякампаній, супольных праектаў з ключавымі культурнымі інстытуцыямі, адкрывалі дзверы для беларускіх арганізацый і творцаў. Культура для нас — гэта не другаснае, гэта элемент устойлівасці і бяспекі.
Сёмае — абарона і бяспека. Мы адвакатавалі пытанні ветэранаў і добраахвотнікаў, праводзілі кампаніі, скіраваныя да сілавікоў. Летась падрыхтавалі комплексны дакумент па бяспецы — Red Paper, які быў прэзентаваны на міжнародных форумах.
Восьмае — знешняя палітыка. За мінулы год я правяла больш за 200 двухбаковых сустрэч з замежнымі палітыкамі, удзельнічала ў Генасамблеі ААН, Мюнхене, Давосе, Варшаўскім форуме па бяспецы, самітах Еўрапейскай палітычнай супольнасці. Мы стварылі міжпартыйную пляцоўку 8+100, Альянс парламенцкіх груп за дэмакратычную Беларусь, Міжнародны гуманітарны фонд, стратэгічныя дыялогі з шэрагам краін і міжнародных арганізацый. Нам удалося захаваць два мандаты па Беларусі ў ААН і мабілізаваць еўрапейскую падтрымку для беларускіх медыяў, НДА і праваабаронцаў. Адкрылі місіі ў Таліне, Бруселі, Кіеве, Празе, цэнтар у Італіі, і неўзабаве будзе ў Мадрыдзе.
Вайна, безумоўна, моцна ўскладніла нашу працу. Адвакатаваць беларускія інтарэсы сёння няпроста. Але беларуская тэма застаецца ў міжнародным парадку дня — і гэта, у першую чаргу, вынік нашай сістэмнай працы.
Нам часам “прылятае”, маўляў, мы сядзім на нейкіх фінансавых патоках. Я хачу яшчэ раз падкрэсліць – ні Офіс, ні Кабінет – не размяркоўвае ніякіх сродкаў. Замежная дапамога, якая выдзяляецца на Беларусь, размяркоўваецца напрамую донарамі, праз конкурсы і са строгай справаздачнасцю. Мая задача – мабілізаваць гэтую дапамогу, каб беларускія медыі, праваабаронцы, ініцыятывы – маглі выконваць сваю працу.
У нашай сітуацыі трэба быць смелымі, і біяметрычны “Нацыянальны пашпарт” – адзін з такіх смелых праектаў. Толькі летась было выдадзена амаль паўтысячы нашых пашпартоў, у першую чаргу для беларусаў, у якіх заканчваюцца дакументы. Так, пашпарт не атрымаў пакуль фармальнага прызнання і мае сімвалічны статус, хаця ў нас ёсць пацверджаныя кейсы, калі ён дапамагаў людзям у працэсе легалізацыі. Сёлета мы працягнем працу над прызнаннем, і рыхтуем для гэтага неабходную дакументацыю. Мы імкнемся, каб пашпарт мог служыць дадатковым дакументам для беларусаў у крытычных сітуацыях. Мы сыходзім з таго, што чым больш будзе выдадзена пашпартоў – тым больш шанцаў на прызнанне. Але, нават не маючы прызнання, гэты дакумент ужо выконвае важную ролю: прыцягвае увагу да праблем беларусаў, і дзякуючы гэтаму некаторыя краіны пачалі выдаваць беларусам пашпарты замежніка.
Цяпер пару словаў пра нашы планы на бліжэйшы перыяд.
Мы плануем адкрыць Офіс у Варшаве, і, як вы ўжо ведаеце, я працягну сваю працу, базуючыся ў Варшаве. Пры гэтым офіс у Вільні працягне дзейнасць і захавае дыпламатычную акрэдытацыю.
За апошнія дні тут, у Варшаве, я ўжо сустрэлася з шэрагам беларускіх арганізацый і ініцыятыў. Мы абмеркавалі супольныя праекты і мерапрыемствы, і ўжо маем план на паўгоду наперад. Сёлета я буду імкнуцца прысвячаць больш часу непасрэдна беларусам і беларускім ініцыятывам.
Я разлічваю, што мая прысутнасць у Варшаве будзе карыснай і для больш шчыльных кантактаў з польскімі ўладамі, і для беларускай дыяспары. Хачу падкрэсліць: гэтае пашырэнне не нашкодзіць ні нашай працы, ні планам, ні адносінам з партнёрамі — наадварот, яно іх узмоцніць.
Што да міжнароднай працы. Мы працуем над візітамі ў Кіеў, сустрэчамі з Кансультатыўнай групай Еўрапейскага саюза, Кантактнай групай Рады Еўропы, а таксама рыхтуем стратэгічныя кансультацыі з Вялікабрытаніяй у сакавіку. Паралельна рыхтуецца наступная сесія Стратэгічнага дыялогу са Злучанымі Штатамі.
На травень запланаваная чарговая канферэнцыя беларусаў свету, а таксама асобны кангрэс, прысвечаны палітвязням. Разам з нямецкай арганізацыяй Libereco і парламентарыямі з розных краін мы рыхтуем форум “хросных” палітвязняў, а таксама сустрэчу міжпарламенцкага альянсу ў Лондане. Са Швецыяй плануем асобную канферэнцыю, прысвечаную моладзі.
І, канешне, мы працягваем працу па вызваленні людзей. Мы застаёмся ў пастаяннай камунікацыі з амерыканскай адміністрацыяй, рыхтуемся прымаць новыя групы вызваленых. Але наша галоўная мэта — каб кожны чалавек меў выбар: з’ехаць або застацца, і каб рэпрэсіі былі спыненыя.
Безумоўна, адной з ключавых падзей гэтага года стануць выбары ў Каардынацыйную Раду. Я не чакаю высокай яўкі на фоне рэпрэсій, але гэтыя выбары, я ўпэўненая, дазволяць замерыць настроі ў дэмакратычнай супольнасці і забяспечыць шырокае прадстаўніцтва розных груп і ініцыятыў.
Каардынацыйная Рада прызнаная міжнароднымі арганізацыямі і замежнымі ўрадамі, прадстаўленая ў парламенцкіх асамблеях, і ў нашых агульных інтарэсах — узмацняць яе суб’ектнасць і ролю.
Я добра разумею, што ні Рада, ні Кабінет не вырашаць усіх праблем беларусаў. Але гэта сапраўды ўнікальная палітычная пляцоўка, якая дае нам, беларусам, рэпрэзентатыўнасць і голас ва ўмовах, калі дзяржава не прадстаўляе грамадства.
Спадзяюся, што яшчэ да выбараў Каардынацыйная Рада зможа разгледзець кандыдатуру Мікалая Казлова, а таксама шэраг законапраектаў для новай Беларусі.
З нашага боку ёсць жаданне больш шчыльнай супрацы і камунікацыі. І, канешне, я буду чакаць вашых прапаноў і ініцыятыў.
На заканчэнне дазвольце мне яшчэ раз падзякаваць вам за вашу адданасць нашай супольнай справе.
Буду рада адказаць на вашы пытанні. Жыве Беларусь!