ПРАЦА ПА КЕЙСУ ДЭПАРТАЦЫІ ЭКС-БАЙЦА ПАЛКА КАЛІНОЎСКАГА Ў БЕЛАРУСЬ
З В’етнама дэпартавалі грамадзяніна Беларусі Васіля Верамейчыка, былога байца палка Каліноўскага, які ў 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах у Беларусі, а затым пераехаў ва Украіну, дзе служыў намеснікам камандзіра батальёна «Волат». У 2024 годзе, пасля заканчэння службы, Васіль быў абраны ў Каардынацыйную раду і стаў сузаснавальнікам Асацыяцыі беларускіх ветэранаў. У Беларусі яму пагражае ад 20 гадоў зняволення да смяротнага пакарання.
Заява Офіса Святланы Ціханоўскай у сувязі з экстрадыцыяй Васіля Верамейчыка з В’етнама: «Офіс Святланы Ціханоўскай падкрэслівае неабходнасць узмацнення міжнародных механізмаў абароны правоў чалавека. Гэтая абарона неабходная не толькі беларусам і беларускам, якія ратуюцца ад рэпрэсіяў, але і тым, хто абараняе будучыню Еўропы, змагаючыся на баку Украіны».
Святлана Ціханоўская: «Мы працягнем дамагацца ад дзяржаваў спынення супрацоўніцтва з рэжымам. Шмат якія краіны ўсё яшчэ маюць пагадненні пра экстрадыцыю, супрацоўнічаюць са спецслужбамі Беларусі, як і В’етнам».
У Вільні прайшла акцыя падтрымкі Васіля Верамейчыка, да якой далучыліся і прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай.
Юрыдычная каманда Офіса падрыхтавала рэкамендацыі, што рабіць беларусам у выпадку пагрозы затрымання і дэпартацыі.
ВІЗІТ У ЭСТОНІЮ
18-19 лістапада Святлана Ціханоўская знаходзілася з працоўным візітам у Эстоніі.
У горадзе Тарту беларуская лідарка выступіла з прамовай у Інстытуце Скайтэ падчас лекцыі «Беларусь пасля 2020 года». Акрамя таго ўзяла ўдзел у семінары «Ці небяспечна вывучаць гісторыю? На прыкладзе Беларусі».
Таксама Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Маргусам Цахкнам, міністаркай адукацыі Крысцінай Калас, міністаркай культуры Хэйдзі Пургай і міністрам унутраных справаў Лаўры Ляэнэметсам.
У Таліне беларуская лідарка адкрыла выставу беларускага мастака Pan zmiThor, прысвечаная Беларусі, якая ладзіцца ў рамках эстафеты Voices Across Borders.
Фотарэпартаж візіту.
ВІЗІТ У ВЕНУ
20 лістапада Святлана Ціханоўская наведала з працоўным візітам Вену, дзе ўзяла ўдзел у Саміце грамадзянскай супольнасці ў рамках ініцыятывы Усходняга партнёрства. Акрамя таго, далучылася да мерапрыемства Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе (АБСЕ).
З міністрам замежных справаў Аўстрыі Аляксандрам Шаленбергам Ціханоўская абмеркавала вызваленне палітвязняў, падтрымку беларускіх мастакоў, легалізацыю беларусаў у Аўстрыі, санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, ролю Беларусі ў мірных перамовах па Украіне і міжнародную палітычную падтрымку дэмакратычных сілаў.
Фотарэпартаж візіту.
ВІЗІТ У КАНАДУ
21 лістапада Святлана Ціханоўская распачала працоўны візіт у Канаду з сустрэчы з міністаркай замежных справаў Мелані Жалі. Дыялог меў месца падчас Міжнароднага форума па бяспецы ў Галіфаксе. Бакі абмеркавалі пазоў Літвы ў Міжнародны крымінальны суд і выдача ордару на арышт Лукашэнкі.
З сенатарамі ЗША Ціханоўская абмеркавала сітуацыю з Васілём Верамейчыкам і дэталі міжнароднай кампаніі па яго вызваленні.
У Манрэалі беларуская лідарка выступіла перад Парламенцкай асамблеяй НАТА, якая сабрала больш за 260 парламентарыяў з краінаў-чальцоў Альянсу і партнёрскіх дзяржаваў. Асноўныя тэмы асамблеі ўключалі вайну ва Украіне, трансфармацыю НАТА перад пагрозамі з боку аўтарытарных рэжымаў, а таксама шырокі спектр пытанняў бяспекі, з якімі сутыкаецца Альянс.
У Канадзе беларуская лідарка сустрэлася з беларускай дыяспарай Манрэаля і Таронта.
БЯЛГРАДСКАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ ПА БЯСПЕЦЫ
Святлана Ціханоўская далучылася да Бялградскай канферэнцыі па бяспецы – інклюзіўнай платформы, адкрытай для абмеркавання актуальных пытанняў бяспекі, палітыкі і міжнародных адносінаў. Фокус форума – распрацаваць практычныя рэкамендацыі падчас аналітычных дыскусіяў.
Беларуская лідарка: «Без дэмакратыі няма сапраўднай бяспекі. Беларусь – жывы прыклад таго, што адбываецца, калі дэмакратыя страчваецца. Калі дыктатура застаецца беспакаранай, яна становіцца пагрозай не толькі для ўласнага народа, але і для суседзяў».
1000 ДЗЁН ВАЙНЫ
19 лістапада было 1000 дзён з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Святлана Ціханоўская: «Гэтыя 1000 дзён паказалі, колькі сілы ў людзях. І кожны з нас можа стаць часткай гэтай сілы. Няважна, што менавіта вы робіце: валанцёрыце, кажаце праўду, дапамагаеце суседу ці проста захоўваеце чалавечнасць там, дзе яе так не хапае. Кожны крок, кожнае намаганне – гэта ўнёсак у той дзень, калі над Украінай будзе чыстае неба».
«БЯЗВЫБАРЫ-2025»
Дэмакратычныя сілы Беларусі працягваюць падрыхтоўку да «бязвыбараў-2025». Экспертка Офіса Аліна Харысава ў відэа падрабязна распавяла пра парушэнні, якія ўжо дапушчаны падчас выбарчай кампаніі.
ЯК 2020 ГОД ПАЎПЛЫВАЎ НА БЕЛАРУСКУЮ АДУКАЦЫЮ?
Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі ў інтэрв’ю LRT распавяла пра актуальную сітуацыю ў беларускай адукацыі і як на яе паўплывалі пратэсты 2020 году.
МЕДЫЯ
Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Delfi (Міжнароднае), Postimees (Эстонія), Postimees па-руску (Эстонія), ERR (Эстонія), ERR па-руску (Эстонія), ERR па-руску (Эстонія), Tartu Postimees (Эстонія), Tartu Postimees па-руску (Эстонія).