Беларуская лідарка распачала працоўны візіт у Эстонію, дзе выступіла з прамовай у Інстытуце Скайтэ падчас лекцыі «Беларусь пасля 2020 года». Ціханоўская звярнула ўвагу ўдзельнікаў мерапрыемства на тым, што нават у складаныя часы беларусы захоўваюць маральны суверэнітэт і працягваюць змагацца за сваю ідэнтычнасць і еўрапейскую будучыню.
«Сёння Беларусь зноў, як і сто гадоў таму, знаходзіцца пад паўзучай акупацыяй. Але не варта памыляцца: большасць беларусаў выступае супраць вайны. Большасць хоча свабоды і еўрапейскай будучыні. Мы проста сталі закладнікамі імперскіх амбіцыяў.
І тым часам як дзяржаўны суверэнітэт Беларусі знаходзіцца пад пагрозай, наш маральны суверэнітэт застаецца непахісным. Беларускі народ працягвае змагацца за нашую краіну, нашую ідэнтычнасць і нашую еўрапейскую будучыню.
Мы ствараем інстытуты, якія будуць прадстаўляць інтарэсы беларусаў за мяжой і тых, хто ўсё яшчэ пакутуе ад акупацыі. Мы наладжваем адносіны з замежнымі дзяржавамі: нядаўна падпісалі пагадненні з Еўрапарламентам, пачалі стратэгічны дыялог з ЗША. Мы рыхтуем рэформы для Новай Беларусі. Мы ўжо распрацавалі новую Канстытуцыю, эканамічныя, палітычныя і судовыя рэформы. Мы ўмацоўваем нашыя СМІ – гэта інструмент не толькі для барацьбы з масавай прапагандысцкай машынай, але і для сувязі нашых людзей па абодва бакі мяжы. Мы ўмацоўваем сваю нацыянальную ідэнтычнасць праз літаратуру, папулярызацыю беларускай мовы і нашай гісторыі праз усе магчымыя платформы».