Падчас візіту ў Канаду на палях Міжнароднага форуму па бяспецы ў Галіфаксе беларуская лідарка сустрэлася з сенатарамі ЗША, лідарамі Камітэта па замежных справах – Джымам Рышам (Рэспубліканская партыя) і Джын Шахін (Дэмакратычная партыя).
Бакі прааналізавалі сітуацыю з Васілём Верамейчыкам і дэталі міжнароднай кампаніі за яго вызваленне.
Святлана Ціханоўская падкрэсліла неабходнасць дамагацца ад краінаў спынення любога супрацоўніцтва з рэжымам і акцэнтавала ўвагу на неабходнасці:
- прызначэння спецпасланніка ЗША па Беларусі;
- прыняцця Акту аб дэмакратыі ў Беларусі;
- павелічэння падтрымкі незалежных медыя, праваабарончых ініцыятываў і грамадзянскай супольнасці.
Святлана Ціханоўская:
«Я ўдзячная сенатарам і прадстаўнікам Палаты Прадстаўнікоў за іх салідарнасць і падтрымку. Радая, што Беларусь аб’ядноўвае абедзве партыі, і спадзяюся, што гэтая падтрымка будзе працягвацца. Неўзабаве ў Хельсінкскай камісіі ЗША адбудуцца слуханні, дзе, сярод іншага, будуць абмяркоўвацца пытанні Беларусі. Плануецца другая сустрэча Стратэгічнага дыялогу з ЗША, дзе мы будзем разглядаць пытанні вызвалення палітвязняў, дапамогі, санкцыяў, падтрымкі культуры і медыя».