Калі б некалькі гадоў таму мне нехта сказаў, што я буду стаяць на гэтай сцэне, у адным са старэйшых універсітэтаў Паўночнай Еўропы, і выступаць як прадстаўніца дэмакратычнай Беларусі, я б засмяялася і сказала: «Вы мяне з кімсьці пераблыталі – я проста мама, якая спрабуе разабрацца з хатнім заданнем сваіх дзяцей!»
Але жыццё поўнае сюрпрызаў. І вось я тут, у Тарту – горадзе, дзе на працягу ўсёй гісторыі чэрпалі натхненне многія беларусы.
Ёхан Скайтэ, які заснаваў гэты прэстыжны ўніверсітэт, здзівіўся б, даведаўшыся, якую ролю адыграў гэты ўніверсітэт у фармаванні беларускага вызваленчага руху, нашай нацыянальнай ідэнтычнасці і станаўленні Беларусі як дзяржавы.
У Тартускім універсітэце вучыліся такія беларускія навукоўцы, як Вітольд Наркевіч-Ёдка і Уладзіслаў Дыбоўскі. Іх працы прынеслі Беларусі прызнанне ва ўсім рэгіёне.
Тартускі ўніверсітэт таксама выпусціў такіх рэфарматараў, як граф Караль Чапскі. Ён быў вялікім рэфарматарам, які тры тэрміны займаў пасаду мэра Мінска. Ён мадэрнізаваў горад, даўшы яму першую тэлефонную сістэму, выбрукаваўшы вуліцы і пабудаваўшы інфраструктуру для вывазу смецця.
Чапскі зрабіў Мінск па-сапраўднаму еўрапейскім горадам і пабудаваў сённяшні Купалаўскі тэатр, які ў 2020 годзе стаў важным месцам у час мірных выступленняў за свабоду.
У Тартускім універсітэце сфармаваўся Антон Луцкевіч – адзін з бацькоў-заснавальнікаў беларускай незалежнасці і першага прэм’ер-міністра Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён быў аўтарам Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі 1918 года, прыняцце якой мы да гэтага часу адзначаем кожны год.
Усевалад Ігнатоўскі, першы прэзідэнт Беларускай акадэміі навук, таксама сфарміраваўся пад уплывам Тартускага ўніверсітэта. Ён быў лютым крытыкам Рыжскай дамовы, па якой Беларусь аказалася трагічна падзеленай на дзесяцігоддзі.
У гэтым універсітэце таксама вучыліся такія беларускія змагары за свабоду, як Людвік П’янкоўскі і Геранім Кеневіч, якія ў ХІХ стагоддзі ўдзельнічалі ў паўстаннях супраць Расіі.
Тыя паўстанні ўзначальваў Кастусь Каліноўскі – бацька беларускай нацыянальнай ідэі. Каліноўскі аднойчы сказаў: «Толькі тады, народзе, ты зажывеш шчасліва, калі над табой маскаля ўжо не будзе». Сёння ў яго гонар названы самы шматлікі полк беларусаў, якія ваююць за Украіну.
Да пачатку XX стагоддзя ў Тарту вучылася больш за 2 000 студэнтаў з Беларусі. Тут яны развівалі бачанне свабоднай, дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі, нягледзячы на ўсе спробы Расіі разбурыць гэтую мару.
Беларускі генерал Станіслаў Булак-Балаховіч у 1919 годзе змагаўся за незалежнасць Эстоніі. Усяго праз год ён вярнуўся ў Беларусь, каб ваяваць з бальшавікамі. Так ён працягнуў барацьбу ўсяго свайго жыцця – барацьбу за свабоду.
Калі ў 1918 годзе беларускі народ нарэшце абвясціў незалежнасць, Эстонія прызнала яе адной з першых. А Беларусь, у сваю чаргу, прызнала Эстонію, адкрыўшы ў Таліне дыпламатычнае прадстаўніцтва пад нашым бел-чырвона-белым дзяржаўным сцягам.
Менавіта гэты сцяг быў распрацаваны Клаўдзіем Дуж-Душэўскім. Ён таксама наведваў Тарту, дамагаючыся, каб краіны Балтыі падтрымалі дэмакратыю ў Беларусі.
На жаль, Заходняя Еўропа не вырашылася тады падтрымаць нашу барацьбу за незалежнасць – гэтак жа, як дзесьці сёння не вырашаюцца цалкам падтрымаць Украіну. Чаму? Як і тады: каб не правакаваць Расію.
Мы бачым, да чаго прывяла гэтая нерашучасць, – да дзесяцігоддзяў акупацыі Беларусі, Украіны, а затым і краінаў Балтыі. Да дзесяцігоддзяў слабасці Еўропы, халоднай вайны, прыгнёту і несправядлівасці.
Мы не можам дазволіць сабе паўтараць тыя ж памылкі сёння. Падтрымліваць Беларусь і Украіну – значыць, не проста дапамагаць нам выжыць. Гэта значыць, дапамагаць нам перамагчы. А менавіта – раз і назаўжды вызваліць наш рэгіён ад расійскага панавання. А менавіта – забяспечыць доўгатэрміновы мір на ўсім кантыненце.
Мусіць, тут, у Эстоніі, тлумачыць гэта не трэба. Але нам трэба данесці гэтае разуменне да вялікіх сталіцаў, і ў гэтым я разлічваю на вашую падтрымку.
Эстонія і краіны Балтыі і Паўночнай Еўропы – гэта прыклад для Беларусі, крыніца натхнення і ідэяў. Калі вы спытаецеся ў беларусаў, з якой краіны яны хочуць браць прыклад, яны, хутчэй за ўсё, назавуць Эстонію, Фінляндыю ці Швецыю.
Беларусь заўсёды была звязаная з Паўночна-Балтыйскай супольнасцю, хаця мы фармальна ніколі не былі ў ёй.
Нас звязвае мноства гістарычных і культурных сувязяў і агульная барацьба за свабоду. Мы таксама падзяляем адныя і тыя ж каштоўнасці і бачанне дэмакратычнай і мірнай Еўропы.
Нашая барацьба – і тады, і цяпер – не толькі за добрую ўладу ці правы чалавека. Яна за вяртанне Беларусі ў Еўропу, дзе і ёсць нашае гістарычнае месца.
У 2020 годзе мільёны беларусаў і беларусак узняліся на барацьбу за перамены. Вы ўсё памятаеце мірныя пратэсты, жанчын з кветкамі і цудоўнага ўзроўню самаарганізацыю. Гэта быў еўрапейскі па сваёй сутнасці рух – негвалтоўны, поўны надзеяў і з каштоўнасцямі свабоды і дэмакратыі на чале.
Але гэта быў не проста пратэст, гэта было нацыянальнае абуджэнне. Мы аддалі перавагу свабодзе замест тыраніі і Еўропе – замест рускага свету.
На вуліцы выйшла паўтара мільёна чалавек. Мы зразумелі, што нас большасць.
Мы былі такія блізкія да перамогі. І дыктатар быў на мяжы краху – пакуль яго сваім умяшаннем не выратаваў Пуцін. Пратэсты былі задушаныя, і з таго часу тэрор не спыняўся ні на адзін дзень.
Цяпер Лукашэнка адплачвае Пуціну суверэнітэтам Беларусі.
Для Пуціна Беларусь – гэта не проста буферная зона, а плацдарм. Калі б Беларусь не была пад ягоным кантролем, ён, магчыма, ніколі б не адважыўся напасці на Украіну. Нашая краіна стала закладніцай і была ўцягнутая ў злачынную вайну.
Сёння Беларусь зноў, як і сто гадоў таму, знаходзіцца пад паўзучай акупацыяй. Але памятайце вось пра што: большасць беларусаў выступаюць супраць вайны. Большасць хоча свабоды і еўрапейскай будучыні. Мы проста сталі закладнікамі амбіцыяў імперыі. Зноў.
Мы супраціўляемся і не здаёмся. Калі пачалася вайна, тысячы людзей спрабавалі перашкодзіць пасоўванню расійскай тэхнікі. Тысячы адправіліся ваяваць за Украіну. Цяпер не менш за 500 чалавек сядзяць у турме за падтрымку Украіны. Ціхія акты непадпарадкавання, нягледзячы на сталінскі ўзровень рэпрэсіяў, адбываюцца кожны дзень.
І ўсё ж я часта чую небяспечную памылку – што Беларусь роўная Лукашэнку. Гэта ў корані няслушна. Лукашэнка – дыктатар, а не прэзідэнт. Ён служыць Пуціну, а не беларускаму народу.
Некаторыя сцвярджаюць, што Лукашэнка супраціўляецца Пуціну. Тое, што Беларусь не ўступіла ў вайну, – заслуга не Лукашэнкі, а беларускага народа. Апытанні паказваюць, што толькі 4% беларусаў падтрымалі б адпраўку войскаў ва Украіну.
Так, дзяржаўны суверэнітэт Беларусі знаходзіцца пад пагрозай, але наш маральны суверэнітэт застаецца непахісным. Беларускі народ працягвае змагацца за сваю краіну, ідэнтычнасць і еўрапейскую будучыню.
Так, гэты супраціў не заўсёды можна ўбачыць. Ва ўмовах такога тэрору публічныя пратэсты практычна немагчымыя.
І ўсё ж дух пераменаў жывы. Мільёны людзей, якія выходзілі на маршы за свабоду ў 2020 годзе, – яны ўсё яшчэ там і рыхтуюцца да моманту, калі ўлада аслабне.
Мы рыхтуемся да з’яўлення акна магчымасцяў, і яно абавязкова з’явіцца.
Як калісьці Эстонія падчас акупацыі, мы ствараем структуры ў выгнанні – у іх ліку Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада.
І тут мы бяром прыклад з краінаў Балтыі. Мы ствараем інстытуты, якія будуць прадстаўляць інтарэсы беларусаў за мяжой і тых, хто ўсё знаходзіцца пад акупацыяй.
Мы фармалізуем адносіны з замежнымі ўрадамі, нядаўна падпісалі пагадненне з Еўрапарламентам і запусцілі Стратэгічны дыялог з ЗША.
Мы рыхтуем рэформы для Новай Беларусі. Мы ўжо распрацавалі праект новай Канстытуцыі, рэформы ў сферы эканомікі, палітыкі і правасуддзя. Нам трэба зрабіць так, каб дыктатура ў Беларусі больш ніколі не паўтарылася.
Мы ўмацоўваем нашыя СМІ. Я ведаю, што беларусы шукаюць сумленныя навіны. СМІ не толькі змагаюцца з вялізнай прапагандысцкай машынай, але і забяспечваюць сувязі паміж тымі, хто збег з краіны, і тымі, хто там застаецца.
Мы таксама ўмацоўваем нашую нацыянальную ідэнтычнасць праз літаратуру, папулярызацыю беларускай мовы і апавяданні пра нашую гісторыю – нават праз такія платформы, як TikTok і кіно. Напрыклад, фестываль беларускага кіно «Паўночнае ззянне», які праходзіць у Таліне, служыць культурным мостам паміж традыцыямі Паўночных краінаў і Беларусі.
Гэтая праца вельмі важная, паколькі рэжым у Беларусі працягвае знішчаць нашую ідэнтычнасць. Расія праводзіць «русіфікацыю» ў Беларусі – гэтак жа, як і на акупаваных тэрыторыях Украіны.
Мы, дэмакратычныя сілы, прапануем беларусам і беларускам альтэрнатыву «рускаму свету». Мы паказваем ім, якой можа быць Беларусь без дыктатуры.
Нам трэба рыхтаваць прафесіяналаў для новай Беларусі – гэта тое, чым Тартускі ўніверсітэт займаўся на працягу стагоддзяў. Я чула прапановы аб скарачэнні стыпендыяў для беларусаў. І гэтыя прапановы гуляюць на руку рэжыму.
У мінулым годзе ўпершыню ў расійскіх ВНУ беларусаў, якія атрымалі стыпендыі, было больш, чым у еўрапейскіх. Калі ў нашай моладзі не будзе еўрапейскай адукацыі і сувязяў, гэта стане катастрофай.
Я вельмі спадзяюся, што тут, у Тарту, і ў іншых універсітэтах Еўропы будзе больш беларускіх студэнтаў. Гэта важна для падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў, якія патрэбныя нам для пераменаў у нашай краіне ў будучыні.
Трэба, каб Еўропа заставалася адкрытай для сумленных беларусаў. Не дазваляйце рэжыму пабудаваць «жалезную заслону». Працягвайце выдаваць візы.
Для многіх віза – гэта не раскоша, а выратавальны круг. Гэта гарантыя бяспекі – гарантыя таго, што калі ў вашыя дзверы пастукаецца КДБ, вы зможаце хутка і бяспечна пакінуць краіну. Я ўдзячная ўраду Эстоніі за тое, што ён падтрымлівае нас у гэтым пытанні.
Цяпер за кратамі знаходзяцца тысячы палітычных зняволеных. Толькі за апошнія некалькі тыдняў было арыштавана больш за 100 чалавек. Людзі атрымліваюць драконаўскія прысуды – па 8, 12 і 20 гадоў – за салідарнасць, каментарыі ў інтэрнэце ці ахвяраванні беларускім добраахвотнікам ва Украіне. 7 чалавек памерлі за кратамі.
Пакуль уся ўвага прыкаваная да вайны, гэтыя рэпрэсіі часта застаюцца незаўважанымі. Але ў людзей, якія сядзяць у халодных камерах КДБ, самы вялікі страх – гэта тое, што пра іх забудуцца. Гэтае пачуццё ламае – яно забівае.
Я ведаю, пра што гавару. Гэта і мой асабісты боль. Майго мужа трымаюць пад вартай без сувязі са знешнім светам ужо два гады, і не толькі яго. Без лістоў, без сустрэчаў з адвакатам, без якіх-небудзь кантактаў. Я не ведаю, ці жывы ён.
Ён не можа казаць за сябе, таму я павінна казаць і за яго. Менавіта дзякуючы яму я стаю тут перад вамі. Я прыйшла ў палітыку з кахання да свайго мужа, я хацела падтрымаць яго. Але цяпер я тут, таму што я люблю свой народ. І я не перастану змагацца за Беларусь, пакуль на волю не выйдзе кожны і кожная.
Я не думаю, што дыктатар па сваёй волі вызваліць нашых людзей. Яны змогуць выйсці на волю толькі дзякуючы нашай салідарнасці, нашым супольным намаганням.
Так, санкцыі не панацэя, але яны могуць аслабіць дыктатараў і прымусіць іх пайсці на саступкі.
Але санкцыі працуюць толькі ў пары з мерамі па падтрымцы народа.
З аднаго боку, нам трэба пазбаўляць сістэму рэсурсаў – зачыняць шчыліны і паралізоўваць яе ваенную прамысловасць.
З іншага боку, нам трэба пашыраць магчымасці людзей – даваць ім энергію і рэсурсы для барацьбы, падтрымліваць рэпрэсаваных, запускаць незалежныя СМІ і рабіць усё, што аслабляе рэжым знутры.
І больш за ўсё нам патрэбная паслядоўнасць. Лукашэнка спадзяецца, што праз некаторы час Захад вернецца да звыклага парадку рэчаў – як раней. Нельга гэтага дапусціць.
І тут я ўскладаю вялікія надзеі на прынцыповую і рашучую пазіцыю маёй сяброўкі Каі Калас – яшчэ адной выбітнай выпускніцы гэтага вялікага ўніверсітэта, а цяпер кіраўніцы еўрапейскай дыпламатыі.
Я радая, што гэтую пасаду заняла жанчына. Я веру, што чым больш жанчын у палітыцы, тым больш спагады, чалавечнасці і мудрасці будзе ў нашых рашэннях – асабліва падчас вайны. Жанчыны таксама добра паказваюць сябе ў доўгатэрміновай перспектыве.
Дыктатараў не ўлагодзіць. Іх не перавыхаваць. З імі можна толькі змагацца. Я спадзяюся, што гэтае разуменне будзе і ў новага амерыканскага кіраўніцтва. Спадзяюся, што падтрымка Злучанымі Штатамі Украіны – і дэмакратычнай Беларусі – застанецца непахіснай. Бо любыя ваганні дыктатары ўспрымаюць як слабасць.
Мы бачылі, як Пуцін адрэагаваў на тэлефонны званок канцлера Шольца. Масіраваным абстрэлам Кіева, які прывёў да дзясяткаў нявінных ахвяраў.
Нам патрэбныя лідары, якія цвёрда стаяць на баку тых, хто змагаецца за свабоду, і гатовы прымаць няхай і непапулярныя, але стваральныя рашэнні.
Часам нават малыя краіны могуць змяніць сітуацыю. Я заўсёды буду памятаць, як маленькая Эстонія тры разы запар збірала Раду Бяспекі ААН, каб абмеркаваць Беларусь. А затым прызначыла спецыяльнага пасланца Марка Коплімаа для працы з дэмакратычнымі сіламі – а не са злачынным рэжымам. Гэта быў прыклад нестандартнага мыслення, і менавіта яно нам цяпер патрэбнае.
Вядома, перамены ў Беларусі – гэта задача саміх беларусаў. Але не ўсё залежыць ад нас. Як мы памятаем, менавіта нерашучасць вольнага свету дазволіла бальшавікам стварыць імперыю зла, якая праіснавала 70 гадоў.
Цяпер, калі мы гаворым пра будучыя мірныя перамовы па Украіне, мы павінны памятаць пра гэта. Тыранія падобная да ракавай пухліны: калі яе не знішчыць цалкам, яна вяртаецца з падвоенай сілай.
Калі мы гаворым пра справядлівы мір, давайце памятаць, што ён не павінен быць забяспечаны цаной Украіны ці Беларусі. Мяне вельмі непакоіць, што Беларусь можа стаць саступкай Пуціну, што яе аддадуць яму ў якасці суцяшальнага прыза. Менавіта таму мы настойваем на тым, каб расіяне выводзілі войскі не толькі з Украіны, але і з Беларусі, у тым ліку ядзерную зброю.
І мы настойваем на тым, што прадстаўнікі Беларусі – дэмакратычнай Беларусі – таксама павінныя прысутнічаць на перамовах. Нам нельга дапусціць, каб за нашай спінай была падпісаная яшчэ адна Рыжская дамова.
У сучасным свеце больш не павінна быць сфераў уплыву і жалезных заслонаў! Людзі павінны мець магчымасць самім выбіраць сваю будучыню. А нашая будучыня, будучыня Беларусі – за Еўропай.
Размова ідзе не толькі пра Беларусь. Без Беларусі, Украіны і Малдовы праект Еўропы ніколі не будзе завершаны.
Я веру, што Беларусь можа стаць гісторыяй поспеху. І яна стане гісторыяй поспеху. Дакладна як Эстонія.
Свабодная Беларусь будзе донарам бяспекі, надзейным партнёрам і добрым суседам, неад’емнай часткай квітнеючай, бяспечнай і дэмакратычнай Еўропы. Вось нашая канчатковая мэта.
Гэты шлях не будзе кароткім ці лёгкім, але давайце пройдзем яго разам.
Дзякуй.
Elagu Eesti!
Жыве Беларусь!