Беларускі бізнес-форум – гістарычная падзея для беларускай бізнес-супольнасці. Упершыню ў Вашынгтоне Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой АВВА арганізавала форум такога кшталту. Сярод партнёраў мерапрыемства – Міністэрства гандлю ЗША, Асацыяцыя беларусаў у Амерыцы (ABA) і Беларуска-амерыканская асацыяцыя BAZA.
Форум аб’яднае беларускіх бізнесоўцаў з ЗША, міжнародных экспертаў, інвестараў, прадстаўнікоў амерыканскіх уплывовых інстытуцыяў і бізнес-асацыяцыяў. Удзельнікі абмяркуюць запыты і патрэбы беларускага бізнесу за мяжой, а таксама ўздымуць пытанні фармавання беларускай бізнес-супольнасці за мяжой.
Святлана Ціханоўская адкрыла першы беларускі бізнес-форум у Вашынгтоне. Ніжэй галоўныя цытаты з яе прамовы:
📌 «Голас беларусаў будзе нашмат мацнейшым, калі вы будзеце трымацца разам. Сёння вы будзеце дапамагаць адзін аднаму ў вырашэнні бягучых бізнес-задачаў, выступаць у абарону сваіх патрэбаў і правоў, а заўтра станеце ўдзельнікамі будучых палітычных і эканамічных рэформаў у Беларусі».
📌 «Расія стала адзіным замежным крэдыторам для беларускага рэжыму. І так быць не павінна. Не такой мы бачым будучыню Беларусі. У мяне ёсць вельмі дакладнае бачанне таго, што Беларусь заўсёды будзе часткай глабальнай эканомікі, а не эканомікі Расіі».
📌 «Калі ў Беларусі адбудуцца дэмакратычныя змены, краіны Еўрасаюзу стануць нашымі асноўнымі гандлёвымі партнёрамі. Мы будзем імкнуцца да заключэння пагадненняў аб свабодным гандлю як з ЕС, гэтак і з ЗША, ствараючы адзін з самых прывабных бізнес-кліматаў у свеце».