Падчас сустрэчы беларуская лідарка падзякавала міністру за падтрымку дэмакратычнай Беларусі і непрызнанне Польшчай рэжыму Лукашэнкі, а таксама – за падтрымку беларускіх палітвязняў. У тым ліку лідарка падзякавала міністру Сікорскаму за тое, што ён стаў хросным для Сяргея Ціханоўскага. Асобна Святлана Ціханоўская расказала міністру пра апошнія рэпрэсіі супраць беларусаў і крытычную сітуацыю з палітвязнямі, многія з якіх знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада.
На сустрэчы лідарка падняла пытанне неабходнасці распрацоўкі новай стратэгіі па Беларусі на ўзроўні Еўрапейскага саюза, і выказала пажаданне, каб Польшча стала адным з лідараў такой ініцыятывы.
Таксама палітыкі абмеркавалі магчымыя крокі па вызваленні палітвязняў і ўзмацненне ціску на рэжым Лукашэнкі. Апроч гэтага, Святлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі Кабінета прапанавалі Польшчы сумесна з Літвой ініцыяваць расследаванне ў міжнародным крымінальным судзе па пытанні прымусовай дэпартацыі беларусаў: больш за 130.000 чалавек пакінуць краіну з-за рэпрэсіяў. Асобна на сустрэчы адзначылі важнасць прыцягнення да адказнасці за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый, у якой удзельнічалі памочнікі рэжыму Лукашэнкі.
Асобна бакі пагаварылі аб легалізацыі і візах для беларусаў. Ціханаўская заклікала міністра Сікорскага працягваць выдаваць візы: як звычайныя, так і гуманітарныя. Лідарка падкрэсліла важнасць захавання мабільнасці беларусаў і прапанавала міністру разгледзець магчымасць выдачы візаў не толькі ў Беларусі, але і ў консульствах Польшчы ў іншых краінах, звярнуўшы ўвагу на сітуацыю ў Грузіі, дзе беларусы не могуць атрымаць ні беларускія, ні грузінскія дакументы.
Падчас абмеркавання пытанняў, звязаных з падтрымкай грамадзянскай супольнасці, беларуская лідарка заклікала міністра працягваць падтрымліваць беларускія медыя, якія граюць крытычна важную ролю ў супрацьдзеянні расійскай прапагандзе. Таксама Ціханоўская расказала пра планы дэмакратычных сіл на 2024 год, і прапанавала міністру падтрымаць правядзенне канферэнцыі высокага ўзроўню сумесна з Еўракамісіяй, тэмай якой стане распрацоўка стратэгіі па Беларусі.
Адным з вынікаў сустрэчы стала дамоўленасць аб запуску міжведамаснай працоўнай групы, у якую будуць уваходзіць прадстаўнікі міністэрстваў і дзяржустановаў Польшчы. Гэтая група будзе вырашаць розныя пытанні і актуальныя праблемы, звязаныя з Беларуссю. Падобная група была створаная пры МУС Польшчы яшчэ ў 2022 годзе.
Святлана Ціханоўская таксама адзначыла неабходнасць падтрымкі беларускага бізнесу ў Польшчы, а ў прыватнасці – працягнуць праграму Poland Business Harbour, якая дазваляе ствараць умовы для працы беларускіх кампаніяў, якія выехалі ў Польшчу з-за рэпрэсіяў.
Напрыканцы сустрэчы Ціханоўская ўзнагародзіла міністра Сікорскага Крыжом Добрасуседства, які раней уручаўся шведскаму міністру замежных справаў, прэзідэнтцы Еўрапейскага парламента, а таксама міністру замежных справаў Ісландыі.