У рамках праграмы «Кадравы рэзерв» пры падтрымцы Міжнароднага рэспубліканскага інстытута ў Вільні прайшла Канферэнцыя «Рэформа кіравання сістэмай адукацыі ў Беларусі. Разгляд магчымасцяў і праблемаў».
Ініцыятарам праграмы стаў Аб’яднаны Пераходны Кабінет. Галоўная мэта мерапрыемства – падрыхтоўка кадраў для дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.
Падчас канферэнцыі быў арганізаваны семінар «Менеджмент у сферы вышэйшай адукацыі. Паміж дзяржаўнымі ўстаноўкамі і акадэмічным самакіраваннем». Яго правёў доктар Хрысціян Шайх, выканаўчы дырэктар Цэнтра ўсходнееўрапейскіх і міжнародных даследаванняў. Таксама ўдзельнікі Канферэнцыі сустрэліся з Канцлерам Міністэрства адукацыі, навукі і спорту Літвы Юліўсам Лукошыюсам.
Падчас Канферэнцыі дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова абмеркавала з удзельнікамі мерапрыемства дарожныя мапы па дэмакратызацыі сферы адукацыі. План дзеянняў, які ў іх прапісаны, дапаможа з трансфармацыяй сістэмы ў пераходны перыяд.