Офіс Святланы Ціханоўскай у партнёрстве з дыяспарай і іншымі ініцыятывамі падвёў вынікі Дня салідарнасці. У ім прынялі ўдзел больш за 12 000 чалавек са 103 краін з усяго свету. Топ краін, якія падтрымалі — Расія, ЗША, Польшча, Германія і Вялікабрытанія. Самыя нечаканыя адзнакі на карце салідарнасці — з Нікарагуа, Бахрэйна, В'етнама.
Больш чым у 80 гарадах свету прайшлі акцыі салідарнасці з Беларуссю. Гарадскія будынкі падсвятляліся ў бела-чырвона-белыя колеры, над рэдакцыямі вядомых газет уздымалі нацыянальны беларускі сцяг. Да мерапрыемстваў далучыліся Ангела Меркель, чальцы Еўрапарламента і Еўракамісіі, урады Швецыі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Літвы і іншых краін. Палітыкі ўдзельнічалі і ў акцыях ад беларускіх дыяспар, а таксама самі арганізоўвалі іх. Беларусь не сыходзіла з парадку дня краін літаральна на ўсіх кантынентах свету, акрамя Антарктыды.
6 лютага прайшла Канферэнцыя салідарнасці з Беларуссю, арганізаваная «Беларусамі Замежжа». Святлана Ціханоўская адкрыла мерапрыемства вітальнай прамовай. Былі паказаныя звароты прэм'ер-міністаркі Літвы Інгрыды Шыманітэ, міністра замежных спраў Германіі Хайка Мааса, міністра замежных спраў Нарвегіі Інэ Мары Эрыксан Сёрэйдэ. З вітальным словам выступіла віцэ-прэзідэнтка еўрапейскага парламента Нікола Бір, прадстаўнікі Еўрапарламента, палітыкі і журналісты.
Спікерамі круглага стала «Як свет можа дапамагчы Беларусі?» сталі міністр замежных спраў Чэхіі Томаш Петржычак, намесніца старшыні Гендырэктарата Еўракамісіі Катарына Мацернава, выканаўца абавязкаў памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Філіп Рыкер, дэпутатка Еўрапарламента Віёла фон Краман, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка, дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Да дыскусіі таксама далучыўся Генеральны сакратар ПА АБСЕ Раберта Мантэла.