«Роўна год таму, 18 траўня 2021, міністэрства інфармацыі Беларусі заблакавала доступ да TUT.by, СМІ, якое пражыло з намі 20 гадоў. Там ні ў кога не здрыганулася рука, бо само міністэрства інфармацыі ніколі нічога не стварала, так што гэтым людзям незнаёмае пачуццё, якое гэта – любіць сваю працу і рабіць яе па сумленні, а не дзеля пахвалы начальства.
Я кожны дзень бачу людзей, якія шчыра любяць тое, што робяць. Якія робяць нешта не з-за страху пакарання, не таму, што такі быў загад, а таму што шчыра любяць сваю справу і нават гатовыя рызыкаваць дзеля яе. Іх не трэба прымушаць працаваць, ім не трэба расказваць, як рабіць сваю працу. І яркі прыклад такіх людзей – каманда медыя Zerkalo.io. Праз год пасля бесчалавечнага нападу рэжыму на галоўнае медыя краіны, Zerkalo.io працягвае справу і традыцыі TUT.by. Дзякуй вам за гэта.
Тым не менш, яшчэ 3 чалавекі з каманды TUT.by застаюцца ў турмах. Два журналісты «Нашай Нівы», тры – «Радыё Свабода», два – «Белсата», тры – «Белапана», журналісты «Камсамольскай праўды», Tribuna.com, Gazeta Wyborcza, «Новага Часу», «Першага Рэгіёну», «Штодзённіка», «Беларускага штогодніка», Intex-press – 25 журналістаў да гэтага часу застаюцца ў турме.
І мы не павінны забывацца, якім коштам даецца рашучасць быць сумленным журналістам у дыктатуры. Сёння я хачу нагадаць, як важна падтрымліваць усе незалежныя СМІ, якія існуюць і развіваюцца толькі дзякуючы адважным прафесіяналам, устойлівым кіраўнікам і, вядома, неабыякавым чытачам. Гэтыя людзі кожны дзень абараняюць праўду, бо менавіта праўда набліжае нас да нашай свабоднай Беларусі мары: дзе ўсе мы робім любімую справу і больш ніхто не можа нам у гэтым перашкодзіць».