У 1996, 2004, 2022 гадах у Канстытуцыю Беларусі былі ўнесеныя значныя папраўкі шляхам правядзення рэферэндумаў, якія прывялі да разбурэння балансу паўнамоцтваў паміж органамі ўлады і наступнай канцэнтрацыяй усёй улады ў руках Прэзідэнта.
На думку Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз права (Венецыянскай камісіі), гэта толькі пагоршыла «дэфіцыт дэмакратыі ў краіне, якая і без таго характарызуецца празмернымі паўнамоцтвамі Прэзідэнта без належных стрымак і проціваг».
Таму Грамадская канстытуцыйная камісія на чале з прадстаўніком Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе працуе над праектам Канстытуцыі для новай Беларусі і праектамі законаў у яе дапаўненне і развіццё.
Канстытуцыя новай Беларусі – гэта сучасная еўрапейская канстытуцыя, якая дазволіць забяспечыць пераход ад аўтарытарнай да дэмакратычнай, парламенцкай формы кіравання, заснаванай на народаўладдзі, рэгулярных сумленных і свабодных выбарах, падзеле ўладаў, захаванні правоў чалавека і стварэнні асновы для развіцця Беларусі на доўгія дзесяцігоддзі.
Азнаёміцца з тэкстам праекта Канстытуцыі новай Беларусі і падключыцца да працэсу яго абмеркавання можна тут https://kanstytucyja.online/index.php/new-constitution.html%C2%A0
Канстытуцыйная рэформа запатрабуе, таксама, унясенне зменаў у законы, якія рэгулююць дзейнасць органаў заканадаўчай, выканаўчай, судовай улады, мясцовага самакіравання, незалежных кантрольных органаў і інстытутаў грамадзянскай супольнасці.
Ніжэй прадстаўлены спіс прыярытэтных законаў, якія патрабуюць сваёй распрацоўкі і праца над некаторымі з іх пачалася ўжо:
1. Выбарчы кодэкс;
2. Рэгламент Парламента (https://kanstytucyja.online/index.php/reglament-sojma.html);
3. Аб Прэзідэнце;
4. Аб Урадзе;
5. Аб мясцовым самакіраванні;
6. Аб Канстытуцыйным Судзе;
7. Кодэкс аб судаўладкаванні і статусе суддзяў;
8. Аб Нацыянальнай радзе правасуддзя;
9. Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці;
10. Аб пракуратуры;
11. Аб Упаўнаважаным па правах чалавека;
12. Аб Кантрольнай палаце;
13. Аб Камітэце па наглядзе за дзейнасцю службаў разведкі і бяспекі;
14. Аб Камітэце па этыцы дзяржаўнай службы і супрацьдзеянні карупцыі;
15. Аб палітычных партыях (https://kanstytucyja.online/index.php/zakon-o-politicheskikh-partiyakh.html);
16. Аб грамадскіх аб'яднаннях;
17. Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях;
18. Аб прафесійных саюзах;
19. Аб сродках масавай інфармацыі і камунікацыі
Нам важнае меркаванне кожнага. Падключайцеся да абмеркавання праекта Канстытуцыі і законапраектаў, якія ўжо распрацаваныя. Дасылайце свае законапраекты на constitution@tsikhanouskaya.org і мы дапаможам арганізаваць іх грамадскае абмеркаванне.
Разам створым бачанне Новай Беларусі!