У Сан-Францыска на працоўнай вячэры і дыскусіі ў Стэнфардскім універсітэце Святлана Ціханоўская сустрэлася з Фрэнсісам Фукуямам. Яны абмеркавалі пытанні транзітнага перыяду і трансфармацыі Беларусі ад аўтакратыі да дэмакратыі.
Для таго, каб транзітны перыяд у Беларусі прайшоў з найменшымі шокамі, трэба зрабіць прыярытэтам захаванасць механізму працы дзяржавы – каб яна магла выконваць свае функцыі клопату аб грамадзянах, лічыць Фукуяма. Таксама Фукуяма і Ціханоўская пагадзіліся, што бачанне будучыні павінна аб'ядноўваць людзей. На развітанне Фукуяма падарыў Ціханоўскай сваю кнігу «Ідэнтычнасць» на дзвюх мовах.
Фрэнсіс Фукуяма – эканаміст, філосаф і палітолаг, які стаў шырока вядомым ва ўсім свеце пасля публікацыі кнігі «Канец гісторыі і апошні чалавек». На думку Фукуямы ліберальная дэмакратыя стане апошняй формай эвалюцыі палітычнага рэжыму ў свеце: «людзям надакучылі лідары, якія кіруюць пажыццёва».