Учора, 5 кастрычніка, Святлана Ціханоўская выступіла на Варшаўскім форуме па бяспецы. Вось пераклад галоўных фрагментаў яе выступу:
- Пра трагедыю 29 верасня:
«Загінулі два маладыя беларусы0, а дзве сям'і страцілі мужоў і бацькаў. Пасля гэтай трагедыі больш за 100 чалавек былі арыштаваныя за публікацыю «негатыўных каментароў» у інтэрнеце пра падзею. Гэтая трагедыя – вынік тэрору з боку рэжыму на працягу апошняга года».
- Пра адносіны Беларусі і Расіі:
«Цяпер Лукашэнка спрабуе знайсці рэсурсы ўсюды, дзе можна, і ён гатовы падвергнуць рызыцы эканамічную, ваенную і палітычную незалежнасць Беларусі. І гэта нясе рызыкі для бяспекі ўсяго рэгіёну. Ідэю інтэграцыі з Расіяй часта падаюць як волю народа, але ў рэальнасці большасць беларусаў страціла настальгію па СССР. Нават афіцыйныя дадзеныя сацыёлагаў паказваюць, што абсалютная большасць хоча, каб Беларусь будавала адносіны з Расіяй гэтак жа, як і з усімі іншымі суседзямі.
Беларускія дэмакратычныя сілы не выступаюць за разрыў партнёрства паміж Беларуссю і Расіяй. Але мы ўпэўненыя, што адносіны паміж нашымі краінамі павінны быць празрыстымі і грунтавацца на вяршэнстве закону. І мы заклікаем міжнародную супольнасць не прызнаваць дакументы, падпісаныя Лукашэнкам ці яго нелегітымным урадам».
- Пра новую Беларусі:
«У новай Беларусі без Лукашэнкі не будуць патрэбныя перастрэлкі, таемныя ўгоды і атакі на мяжы. Нам будуць патрэбныя сябры на Усходзе і Захадзе, каб аднавіць давер і дыялог. Давайце рыхтавацца да гэтага ўжо сёння».
Увесь тэкст выступу на англійскай мове – на сайце Святланы Ціханоўскай.
Варшаўскі форум па бяспецы – штогадовая канферэнцыя, у арганізацыі якой удзельнічаюць МЗС, Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы, Фонд імя Казімежа Пуласкага і штаб-кватэра НАТА.