Святлана Ціханоўская: «Да пачатку гэтага навучальнага года мы заклікалі дапамагчы сабраць дзяцей у школу, таму што яны засталіся без бацькоў – іх родных арыштавалі. Але многія бацькі таксама засталіся без сваіх дзяцей на волі. За кратамі тысячы сыноў і дачок, чые маці перажываюць і сумуюць па іх. Хутка Дзень маці – і ў нас ёсць нагода падтрымаць мамаў нашых герояў.
Мы можам падтрымаць Жанну – маму палітвязня Арцёма Хвашчэўскага, якой 31-гадовы сын гаворыць на рэдкіх сустрэчах: «Мама, я вытрымаю. Галоўнае, ты не плач».
Мы можам падтрымаць Вольгу – маму палітзняволенага 21-гадовага Дзімы Гопты, які апынуўся за кратамі з разумовай адсталасцю лёгкай ступені.
Мы можам падтрымаць Таццяну – маму палітвязня 28-гадовага Сашы Французава. Яна сышла са сваёй працы і стала адвакатам, каб часцей бачыць сына і абараняць яго ў «судзе».
Мы можам падтрымаць ўсіх маці, жыццё якіх зараз складаецца з перадач у турму, лістоў і надзеі ўбачыцца са сваімі дзецьмі. Любы жэст падтрымкі важны, нават калі гэта букет кветак.
Як дапамагчы?
Прыміце ўдзел у акцыі фонду «Краіна для жыцця», аплаціце букет кветак на сайце фонду. Вы можаце абраць:
– Букет для мамы палітвязня.
– Набор з двух букетаў (маме і жонцы палітвязня).
– Набор з трох букетаў (маме, жонцы і дачцэ палітвязня).
У сілах кожнага з нас падарыць гэтым моцным жанчынам хаця б невялікую часцінку цяпла, якога яны пазбаўленыя».