Святлана Ціханоўская стэлефанавалася з еўракамісарам Оліверам Варгеліем. Яна распавяла пра крытычную сітуацыю ў краіне – паводле дакладу Фонду медыцынскай салідарнасці, кожны дзень толькі ў бальніцах Мінска памірае ад 5 да 15 чалавек, а статыстыка Міністэрства аховы здароўя можа быць заніжаная больш чым у 10 разоў.
Разам з еўракамісарам яны абмеркавалі спосабы дапамагчы беларусам захаваць здароўе, ліст дэмакратычных сіл і прадастаўленне мільёна бясплатных еўрапейскіх вакцынаў у Беларусь. Пасля відэазванка Олівер Варгелій заявіў пра падтрымку Ціханоўскай і распрацоўку пакета дапамогі для Беларусі.
Святлана Ціханоўская: «Пытанне каранавіруса ў Беларусі трэба вырашаць тэрмінова. Мы ўжо правялі кансультацыі пра гэта з COVAX, СААЗ, урадамі Польшчы, Венгрыі і Германіі. Сёння я была рада пачуць ад еўракамісара пра гатоўнасць ЕС дапамагчы беларусам і прадаставіць вакцыны. Застаецца адзінае пытанне: як даставіць і рэалізаваць гэтыя вакцыны ў Беларусі. І мы ўсе разам працуем над ім, таму што каранавірус ні ў якім разе не павінен быць пытаннем палітыкі – гэта выключна пытанне здароўя і жыццяў беларусаў».
Офіс Святланы Ціханоўскай просіць вас насіць маскі, прышчапляцца даступнымі вакцынамі, захоўваць дыстанцыю і, па меры магчымасці, працаваць з дому. Беражыце сябе і сваіх блізкіх!