26 кастрычніка Офіс Святланы Ціханоўскай, НАК, Каардынацыйная рада і Фонд медыцынскай салідарнасці адправілі ліст кіраўніцтву ЕС, краінам-сябрам Еўрасаюза і кіраўніцтву COVAX з заклікам у тэрміновым парадку аказаць дапамогу Беларусі ў памеры мінімум мільён. Лідары дэмакратычных сілаў Беларусі выпусцілі сумесны зварот, дзе заклікалі прыняць дапамогу міжнароднай супольнасці і прапанавалі інструмент, які дапаможа мільёну беларусаў.
Прадстаўнікі Фонду медыцынскай салідарнасці падрыхтавалі даклад пра тое, як зараз ідзе сітуацыя з COVID-19 у Беларусі і як рэжым пагаршае становішча. Гэты даклад стаў асновай для ліста, які дэмсілы адправілі ў Еўракамісію.
Поўны тэкст даклада:
1. Захворванне і смяротнасць.
Па афіцыйных дадзеных Мінздароўя ў суткі па краіне рэгіструецца каля 2000 новых выпадкаў і каля 15 смяротных зыходаў.
Па неафіцыйных дадзеных, якія паступаюць ад лекараў інфекцыйных аддзяленняў і іншых адмыслоўцаў, толькі ў Мінску штодня атрымліваюць каля 4000 станоўчых вынікаў ПЦР-тэстаў на РНК SARS-CoV2. Пры гэтым дыягназ COVID-19 выстаўляецца і па іншых крытэрыях, напрыклад, станоўчы тэст на антыген SARS-CoV2 або тыповая КТ-карціна паражэння лёгкіх + клінічныя праявы. Акрамя таго, лабараторнаму абследаванню на COVID-19 падлягаюць толькі людзі з наяўнасцю сімптомаў. Такім чынам, рэальная колькасць заражаных беларусаў перавышае афіцыйныя лічбы ў дзясяткі разоў.
Таксама лекары паведамляюць, што кожны дзень у кожнай з перапрафіляваных пад COVID-19 бальніц Мінска паміраюць ад 5 да 15 пацыентаў. Гэта сведчыць пра тое, што афіцыйная колькасць памерлых беларусаў ад COVID-19 заніжаная больш як у 10 разоў.
2. Тэставанне.
Цяпер лабараторнаму абследаванню на COVID-19 падлягаюць кантакты 1-га ўзроўня з клінічнымі праявамі, астатнія ў статыстыку не трапляюць. З нядаўняга часу пераважна сталі рабіць экспрэс-тэсты на антыген SARS-CoV2. Гэты падыход з аднаго боку скарачае час даследавання, але з іншага боку зніжае яго эфектыўнасць, паколькі экспрэс-тэст валодае меншай адчувальнасцю і спецыфічнасцю чым ПЦР, што можа прывесці да ілжыва адмоўных вынікаў і спрыяць распаўсюджванню інфекцыі.
3. Вакцынацыя.
На дадзены момант першую дозу вакцыны атрымалі 28% насельніцтва, цалкам вакцынаваныя – 20%. Відавочна, што такі паказчык не здольны забяспечыць папуляцыйны імунітэт, здольны спыніць распаўсюджванне віруса сярод насельніцтва і абараніць ад заражэння ўразлівых невакцынаваных людзей. Да таго ж варта ўлічваць, што частка з цалкам прышчэпленых завяршылі вакцынацыю паўгода таму і больш і, верагодна, напружанасць імунітэту да гэтага часу ўжо знізілася, і ім трэба разглядаць рэвакцынацыю ў найбліжэйшы час.
У Беларусі даступныя дзве вакцыны: Спутнік V (Гам-Кавід-Вак) і VeroCell (Sinopharm). З-за непаслядоўнасці ўладаў у сваім стаўленні да эпідэміі каранавіруса, недаацэнкі небяспекі захворвання, адсутнасці даступнай інфармацыі, дыскрэдытацыі расійскай вакцыны, давер да вакцынацыі ў многіх беларусаў, на жаль, падарваны. Асноўнай прычынай, па якой беларусы не вакцынуюцца, з'яўляецца нежаданне прышчапляцца даступнымі ў Беларусі вакцынамі. Калі б у краіне з'явіліся вакцыны іншых вытворцаў, беларусы вырашыліся б на вакцынацыю. Гэта падкрэслівае неабходнасць забяспечыць доступ беларусаў да вакцынаў замежнай вытворчасці, каб прывіць як мага больш насельніцтва.
4. Перапрафіляваныя стацыянары.
Большая частка лячэбных установаў перапрафіляваныя пад COVID-19. Толькі ў сталіцы для аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з COVID-19 перапрафіляваныя аддзяленні ў 12 бальніцах (гэта больш за палову арганізацый, якія аказваюць стацыянарную медыцынскую дапамогу). Гэта стварае сур'ёзныя праблемы для аказання не толькі планавай, але і экстранай медыцынскай дапамогі пацыентам без каранавіруснай інфекцыі. Многія зусім не атрымліваюць дапамогу.
Аддзяленні для лячэння пацыентаў з COVID-19 перагружаныя больш чым на 20%. Пад палаты абсталююць сталовыя, адсекі ў калідорах, аперацыйныя. Колькасць ставак лекараў і сярэдняга мед. персанала пры гэтым не павялічваюць, лекары працуюць з вялікімі перагрузкамі.
5. Медыцынскі кісларод.
Да гэтага часу не вырашаныя праблемы забеспячэння бальніц медыцынскім кіслародам. Існуючыя сістэмы размеркавання не разлічаныя на такую высокую нагрузку, з-за чаго рэгулярна адбываюцца перабоі ў падачы кіслароду, з'яўляючыся прычынай смерці пацыентаў. Акрамя гэтага, у пераабсталяваных пад палаты памяшканнях сталовых і калідораў наогул няма выходных кропак падачы кіслароду. Бракуе транспартных кіслародных балонаў, неабходных пры транспартаванні кісларод-залежных пацыентаў на абследаванні, таму неабходная дыягностыка часта не выконваецца.
6. Абсталяванне, рэактывы, медыкаменты.
У некаторых установах адзначаецца недахоп лабараторных рэактываў, неабходных для ацэнкі цяжару хваробы і прыняцця клінічных рашэнняў. Рэгулярна ёсць перабоі з такімі рэактывамі, як: Д-дымеры, інтэрлейкіны-6, пракальцытанін, трапанін і інш. У некаторых бальніцах ёсць праблемы нават са стандартнымі наборамі біяхімічных маркераў. Гэта ўскладняе вызначэнне цяжкасці стану і выбару тактыкі лячэння.
Па-ранейшаму адзначаецца недахоп прэпаратаў з даказанай эфектыўнасцю пры лячэнні пацыентаў з COVID-19: нізкамалекулярныя гепарыны (у асноўным выкарыстоўваецца нефракцыянаваны гепарын, які валодае горшымі паказчыкамі эфектыўнасці і бяспекі), метылпрэднізалон для сістэмнага прымянення, прэпараты біялагічнай тэрапіі, якія крытычна важныя для пацыентаў з цытакінавым штармам – тацылізумаб, супрацьвірусныя прэпараты – рэмдэсівір, які зніжае цяжар працягу хваробы і скарачае тэрміны, у многіх аддзяленнях анестэзіялогіі і рэанімацыі адсутнічае фентаніл (!) – надзвычай важны апіоід, неабходны для ўвядзення ў наркоз.
Існуе недахоп расходных матэрыялаў для рэанімацыйнага абсталявання (дыхальныя контуры, фільтры для апаратаў ШВЛ, катэтары і інш.). Бракуе пераносных апаратаў УГД (у адной з буйных клінік Мінска амаль на 1000 ложкаў такіх апаратаў усяго 2).
У некаторых бальніцах новае абсталяванне прастойвае, бо няма спецыялістаў, навучаных для працы з ім.
7. Дэфіцыт кадраў (лічбы).
За апошнія паўтары гады ў Беларусі павялічылася неабходнасць у медыцынскіх супрацоўніках з 3000 да 10000. Толькі за адзін летні месяц гэтага года не стала хапаць 1000 лекараў-спецыялістаў.
Беларуская медыцына губляе высакакласных спецыялістаў, якія ўжо валодаюць вопытам і яшчэ вельмі актыўныя і мэтанакіраваныя. Сярэдні заробак у ахове здароўя ў жніўні 2021 года склаў крыху больш за 500 $. Гэта прымушае лекараў і медсясцёр з'язджаць за мяжу, дзе для іх адкрываюцца перспектывы развіцця і дастойнай аплаты сваёй працы. Або яны сыходзяць з медыцыны ў іншыя сферы дзейнасці.
Даведацца падрабязную інфармацыю, атрымаць дапамогу, а таксама падтрымаць Фонд медыцынскай салідарнасці можна па гэтай спасылцы.