Дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі наведаў Парыж, дзе правёў шэраг сустрэчаў з высокапастаўленымі прадстаўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта Францыі ў Елісейскім палацы, міністэрства Еўропы і замежных справаў Францыі, а таксама Нацыянальнага сходу Францыі — ніжняй палаце парламента Францыі.
У межах візіту адбыліся сустрэчы з:
– дарадцам прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона па кантынентальнай Еўропе і Турцыі Бертранам Бухвальтэрам;
– дырэктарам Дэпартамента кантынентальнай Еўропы Міністэрства Еўропы і замежных справаў Францыі Брысам Ракфёем;
– дарадцам міністра Еўропы і замежных справаў Францыі Жана-Ноэля Баро па консульскіх пытаннях, кантынентальнай Еўропе і Балканах Патрыкам Рэнаром;
– кіраўніком групы «За дэмакратычную Беларусь» у Нацыянальным сходзе Францыі Фрэдэрыкам Пеці.
Падчас сустрэчаў бакі абмеркавалі беларуска-французскія адносіны, актуальную сітуацыю ў Беларусі, рэгіянальны кантэкст і каардынацыю дзеянняў у сувязі з працяглай палітычнай і бяспекавым крызісам у рэгіёне.
Асобная ўвага была нададзеная прыярытэтам французскага старшынства ў «Вялікай сямёрцы» і неабходнасці захавання беларускай тэматыкі ў міжнародным парадку дня. Дзяніс Кучынскі падкрэсліў важнасць таго, каб пытанні Беларусі, палітычных рэпрэсіяў, вызвалення палітвязняў заставаліся сярод прыярытэтаў дэмакратычных дзяржаў.
Бакі закранулі пытанне прыцягнення да адказнасці рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць беларускага народа, рэпрэсіі, удзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны і іншыя парушэнні міжнароднага права. Дзяніс Кучынскі адзначыў, што адказнасць павінна заставацца адным з ключавых элементаў міжнароднай палітыкі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.
На перамовах таксама абмяркоўваліся актуальныя падыходы Францыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку кантакты афіцыйнага Парыжа з беларускімі рэжымам. Дзяніс Кучынскі адзначыў важнасць захавання прыхільнасці агульнаеўрапейскай палітыцы ў дачыненні да Беларусі і падкрэсліў, што любыя магчымыя змены ў адносінах з рэжымам павінны быць звязаныя з канкрэтнымі і вымяральнымі крокамі з яго боку.
Важнай тэмай сталі візавыя пытанні. Дзяніс Кучынскі падзякаваў французскаму боку за працу амбасады Францыі ў Мінску і за тысячы візаў, выдадзеных беларускім грамадзянам. Ён падкрэсліў важнасць захавання магчымасцяў для беларусаў атрымліваць візы, падтрымліваць сувязі з Еўропай і карыстацца законнымі шляхамі мабільнасці.
Падчас сустрэчаў асобна абмеркавалі:
– захаванне і ўмацаванне мандата Спецыяльнага прадстаўніка Францыі па сувязях з беларускімі дэмакратычнымі сіламі як важнага механізму пастаяннага палітычнага дыялогу;
– магчымае далучэнне Францыі да Міжнароднага гуманітарнага фонду падтрымкі беларускіх палітычных вязняў і рэпрэсаваных;
– дадатковыя механізмы дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсіяў і іх сем’ям;
– развіццё беларуска-ўкраінскіх адносінаў пасля нядаўняга візіту Святланы Ціханоўскай у Кіеў;
– перспектывы далейшага дыялогу паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі і Украінай;
– супольныя намаганні па супрацьдзеянні расійскай агрэсіі і пагрозам, якія зыходзяць ад саюзу рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна;
– умацаванне парламенцкага супрацоўніцтва паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі і Нацыянальным сходам Францыі.
У межах абмеркавання парламенцкага вымярэння Дзяніс Кучынскі і кіраўнік групы «За дэмакратычную Беларусь» у Нацыянальным сходзе Францыі Фрэдэрык Пеці дамовіліся развіваць рэгулярную публічную камунікацыю з беларускімі медыя. Паводле дамоўленасці, Фрэдэрык Пеці гатовы штомесяц выходзіць да беларускіх медыя ў фармаце «Гадзіна Шагала — беларуска-французскія стасункі», каб каментаваць актуальны стан беларуска-французскіх адносінаў, парламенцкае супрацоўніцтва і пазіцыю Францыі па беларускім пытанні.
Асобна закраналася санкцыйная палітыка Еўрапейскага Саюза. Дзяніс Кучынскі заклікаў працягваць каардынацыю санкцыйнага ціску на Расію і рэжым Лукашэнкі, у тым ліку ў межах падрыхтоўкі наступных санкцыйных пакетаў, а таксама ўзмацняць працу па выяўленні і спыненні абыходу ўжо дзейных абмежаванняў.
Бакі таксама абмеркавалі неабходнасць захавання цеснай каардынацыі паміж Францыяй і беларускімі дэмакратычнымі сіламі па ключавых пытаннях, якія датычацца Беларусі:
– падтрымка грамадзянскай супольнасці;
– дапамога незалежным медыя;
– падтрымка праваабаронцаў;
– дапамога палітвязням, рэпрэсаваным і іх сем’ям;
– захаванне міжнароднай увагі да Беларусі.
Асобнае месца ў перамовах заняла тэма падрыхтоўкі ўмоваў для інклюзіўнага нацыянальнага дыялогу ў Беларусі. Дзяніс Кучынскі адзначыў, што вызваленне палітвязняў і спыненне рэпрэсіяў павінны стаць першым неабходным крокам да ўрэгулявання палітычнага крызісу. У гэтым кантэксце абмяркоўвалася падрыхтоўка да будучага Агульнанацыянальнага круглага стала як магчымай перамоўнай пляцоўкі з удзелам прадстаўнікоў беларускага грамадства, дэмакратычных сілаў і прадстаўнікоў дзяржаўнай сістэмы, якія падтрымліваюць незалежнасць Беларусі.
Падчас абмеркавання была падкрэсленая патэнцыйная роля Францыі і Еўрапейскага Саюза як міжнародных партнёраў, якія могуць садзейнічаць будучаму дыялогу, выступаць у якасці пасярэднікаў і гарантаў выканання магчымых дамоўленасцяў у межах мірнага пераходу да дэмакратычных зменаў у Беларусі.
Французскі бок пацвердзіў падтрымку дэмакратычных памкненняў беларускага народа, а таксама гатоўнасць працягваць цеснае супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
