10 чэрвеня прэзідэнт Чэхіі Петр Павел прыняў кіраўніцу Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святлану Ціханоўскую ў Празе. Ціханоўская падзякавала прэзідэнту за цвёрдую пазіцыю Чэхіі па Беларусі. Падчас сустрэчы абмеркавалі ваенна-палітычную сітуацыю ў рэгіёне, працэс вызвалення палітвязняў, санкцыйную палітыку, падтрымку Чэхіяй беларусаў у выгнанні, а таксама дапамогу рэпрэсаваным.
Ціханоўская распавяла пра свой нядаўні візіт у Кіеў, сустрэчы з прэзідэнтам Зяленскім і развіццё супрацоўніцтва з Украінай. Яна адзначыла, што Украіна займае прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да Беларусі і беларускіх дэмакратычных сілаў. Таксама абмеркавалі пагрозы з боку рэжыму Лукашэнкі, мілітарызацыю Беларусі і яе выкарыстанне Расіяй у ваенных мэтах. Ціханоўская падкрэсліла, што адна з галоўных задач дэмакратычных сілаў — не дапусціць уцягвання Беларусі ў вайну, і ў гэтым інтарэсы Беларусі і Украіны супадаюць.
Асобную ўвагу надалі зменам у рэгіянальнай палітычнай сітуацыі, вынікам выбараў у Арменіі і ўплыву Расіі на падзеі ў Беларусі і іншых краінах рэгіёну.
Бакі абмеркавалі магчымыя сцэнары развіцця падзеяў у Беларусі, перспектывы постлукашэнкаўскай Беларусі, а таксама крокі, якія Еўрапейскі Саюз можа зрабіць для падтрымкі дэмакратычнай часткі беларускага грамадства. Ціханоўская і Павел таксама закранулі пытанне санкцыйнай палітыкі. Яны адзначылі, што няма прыкметаў таго, што рэжым змяняе сваю палітыку: нават вызваляючы асобных людзей, ён працягвае браць новых закладнікаў. Ціханоўская падкрэсліла неабходнасць падтрымліваць дыпламатычныя намаганні адміністрацыі Трампа па вызваленні палітвязняў, але адначасова дамагацца поўнага спынення рэпрэсіяў.
Ціханоўская распавяла пра супрацоўніцтва з чэшскім урадам і міжнароднымі арганізацыямі, пра працу Місіі дэмакратычных сіл у Чэхіі, а таксама пра апошнія дасягненні ў прыцягненні рэжыму да адказнасці. У прыватнасці, гаворка ішла пра пачатак расследавання Міжнародным крымінальным судом злачынстваў супраць чалавечнасці, а таксама пра ўключэнне Лукашэнкі ў працэс стварэння Спецыяльнага трыбунала па агрэсіі супраць Украіны. Ціханоўская выказала спадзяванне, што Чэхія працягне падтрымліваць гэтыя намаганні.
Напрыканцы сустрэчы Ціханоўская падарыла прэзідэнту кнігу «Руіны Беларусі», якая была прызнаная адной з найпрыгажэйшых кніг у Польшчы. Падпісваючы кнігу, яна адзначыла, што Беларусь заўсёды была і будзе часткай еўрапейскай гісторыі і культурнай прасторы.
Святлана Ціханоўская:
«Я падзякавала прэзідэнту Павелу не толькі за яго прынцыповую пазіцыю па Беларусі, але і найперш за падтрымку Украіны. Бо ад Украіны сёння залежыць у тым ліку і лёс Беларусі. Мы шчыра гаварылі пра сітуацыю ўнутры Беларусі, пра пагрозы вакол нашай краіны і магчымыя сцэнары развіцця падзеяў. Абмеркавалі, што можа быць пасля Лукашэнкі і як захаваць і ўмацаваць беларускую незалежнасць. Пагаварылі і пра санкцыі — як зрабіць іх больш эфектыўнымі і як прымусіць рэжым вызваліць людзей. Я ведаю, што беларусы могуць разлічваць на падтрымку і прэзідэнта Павела, і чэшскага ўрада, і чэшскага грамадства».
Падчас візіту ў Прагу Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Петрам Мацінкам, спікерам Сената Мілашам Выстрчілам, беларускімі арганізацыямі ў Празе.
