Святлана Ціханоўская сустрэлася са спікерам Сената Чэхіі Мілашам Выстрчылам і выступіла перад Камітэтам па замежных справах Сената Чэшскай Рэспублікі. З нагоды візіту разам з чэшскім сцягам на будынку вывешаны наш бел-чырвона-белы сцяг.
Падчас дыскусіі ў Камітэце асноўная ўвага была прысвечаная сітуацыі ў Беларусі, украінска-беларускім адносінам і новаму этапу супрацоўніцтва паміж Украінай і беларускімі дэмакратычнымі сіламі пасля нядаўняга візіту Ціханоўскай у Кіеў. Ціханоўская распавяла пра сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і кіраўніцтвам краіны, падкрэсліўшы, што Украіна ўсё больш выразна адрознівае беларускі народ ад рэжыму Лукашэнкі і бачыць у дэмакратычнай Беларусі будучага партнёра.
Падчас сустрэчы са спікерам Сената абмеркавалі ваенна-палітычную сітуацыю ў рэгіёне, пагрозы з боку Расіі і рэжыму Лукашэнкі, падтрымку грамадзянскай супольнасці, незалежных медыя і праеўрапейскіх настрояў у беларускім грамадстве. Бакі таксама абмеркавалі магчымыя сцэнары развіцця падзей у постлукашэнкаўскай Беларусі і ролю Чэхіі ў падрыхтоўцы да дэмакратычных пераменаў.
Ціханоўская нагадала, што Сенат Чэхіі раней прыняў рэзалюцыю, якая прызнае КДБ і ГУБАЗіК арганізацыямі, што падтрымліваюць тэрарыстычную дзейнасць, і заклікала працягваць намаганні па прыцягненні да адказнасці ўсіх вінаватых у рэпрэсіях.
Асобна абмяркоўвалася супрацоўніцтва ў сферы адукацыі. Ціханоўская прапанавала пашырыць праграмы стажыровак для маладых беларусаў у чэшскіх дзяржаўных інстытуцыях, у тым ліку ў Сенаце. Бакі дамовіліся прапрацаваць запуск адпаведнай праграмы ўжо ў найбліжэйшы час.
Таксама гаворка ішла пра стварэнне ў Сенаце групы «За дэмакратычную Беларусь», развіццё інстытуцыйнага супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, а таксама пра праблемы беларусаў у Чэхіі, уключаючы пытанні легалізацыі, дакументаў, адукацыі і абароны ад транснацыянальных рэпрэсій.
У выступе перад сенатарамі Ціханоўская таксама заклікала Чэхію падтрымаць расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда супраць Лукашэнкі па злачынствах супраць чалавечнасці і далучыцца да міжнародных намаганняў па прыцягненні рэжыму да адказнасці за саўдзел у агрэсіі супраць Украіны.
«У нашай працы патрэбныя цярплівасць, інстытуты, адзінства і моцная маральная пазіцыя. Так, у нас цяпер пад нагамі няма сваёй дзяржавы — але ў нас ёсць народ, які хоча свабоды, падтрымлівае Украіну і еўрапейскую будучыню. Адрознівайце беларускі народ ад рэжыму, а Беларусь ад Расіі. Беларусы ніколі не мелі імперскіх амбіцыяў».
