САМІТ НАТА. 11-12 ліпеня ў Вільні адбудзецца Саміт НАТА. Святлана Ціханоўская возьме ўдзел у некалькіх мерапрыемствах Саміту. З ініцыятывы Святланы Ціханоўскай у дні Саміту адбудуцца два сайд-івэнты па Беларусі, на якіх абмяркуюць ролю Беларусі для трансатлантычнай бяспекі і размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі.
ВІЗІТ У ІТАЛІЮ. 5-7 ліпеня Святлана Ціханоўская наведвала Рым, дзе сустрэлася з прэм’ер-міністаркай, міністрам замежных справаў, дэпутатамі і віцэ-спікерамі Парламента, прафсаюзамі, прадстаўніцамі асацыяцыі Жанчын у міжнароднай бяспецы, экспертнай супольнасцю і медыя. Беларуская лідарка выступіла на слуханнях у італьянскім Сенаце, Камітэце па міжнародных справах Парламента Італіі, а таксама дала брыфінг для паслоў і дыпламатаў больш чым з 40 краінаў. Адным з галоўных вынікаў візіту стала стварэнне группы «За дэмакратычную Беларусь» у Парламенце Італіі. Ціханоўская ўзяла ўдзел у адкрыцці группы і падзякавала дэпутатам, якія ў яе ўвайшлі. Італьянская група – самая шматлікая (38 парламентароў). Пра астатнія вынікі візіту чытайце па спасылцы.
РЭЗАЛЮЦЫЯ ПА АБСЕ. Парламенцкая Асамблея АБСЕ прыняла рэзалюцыю ў справе Беларусі, у якой рашуча асуджае ўлады Беларусі за падтрыманне і дазвол будаўніцтва вайсковай базы для ПВК Вагнера на тэрыторыі Беларусі, што «стварае пагрозу для ўсіх краінаў Балтыі». Гэтая рэзалюцыя – у тым ліку вынік міжнароднай працы Офіса Святланы Ціханоўскай.
САЛІДАРНАСЦЬ З ПАЛІТВЯЗНЯМІ. Святлана Ціханоўская пракаментавала прысуд Эдуарду Бабарыку: «Гэта прысуд за бацьку, пра якога Эдуард нічога не чуў з 26 красавіка і не ведае, жывы ён ці не. Эдуард Бабарыка, як і яго бацька, хоча змяніць Беларусь і зрабіць яе лепшай. Я ўпэўненая, што такія маладыя і таленавітыя людзі, як Эдуард Бабарыка, – будучыня новай Беларусі».
У сеціве з’явілася відэа з Сяргеем Ціханоўскім, пра якога Святлане Ціханоўскай не было нічога вядома з 9 сакавіка. Яна пракаментавала: «Сэрца цешыцца бачыць Сяргея. Жывым. І моцным». Таксама яна заклікала рэжым паказаць Віктара Бабарыку, Марыю Калеснікаву, Мікалая Статкевіча, Максіма Знака, Паўла Севярынца, Ігара Лосіка, Вольгу Маёраву і ўсіх, з кім цяпер няма сувязі. І дапусціць адвакатаў да ўсіх палітвязняў».
БЕЛАРУСЬ-ПОЛЬШЧА. З ліпеня 2023 года Беларусы ў Польшчы могуць атрымаць праязны дакумент па спрошчанай працэдуры. Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр пракаментавала і растлумачыла, што менавіта змяняецца – чытайце па спасылцы.
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА. У Вільні Святлана Ціханоўская наведала прэм'еру пастаноўкі «Ціхары» па п'есе аднаго з сучасных беларускіх пісьменнікаў Сашы Філіпенкі. Беларуская лідарка падзякавала акторам, рэжысёрцы, прадзюсарцы, Літоўскаму Старому Тэатру і ўсёй камандзе за вытанчаную працу. Таксама яна выказала надзею, што гэты спектакль з'явіцца яшчэ не ў адным тэатры свету і абавязкова – у вольнай Беларусі.
7 ліпеня Святлана Ціханоўская далучылася да Дзён беларускай культуры-23. Яна запісала відэа, у якім заклікала беларусаў чытаць і слухаць беларускае, ганарыцца сваёй краінай і сваёй культурай, а таксама расказваць пра Беларусь свету. Больш інфармацыі пра Дні беларускай культуры, што сёлета праходзяць пад слоганам «Расказаць Беларусь», вы знойдзеце на сайце belarusis.art і праз дадатак «Новая Беларусь».
ВЫСТУП У АТЛАНТЫЧНАЙ РАДЗЕ. 5 ліпеня Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай на абмеркаванні Беларусі ў Атлантычнай радзе. У сваім выступе яна адзначыла, якія крокі хочуць бачыць беларусы ад міжнароднай супольнасці: «Мы хочам пачуць ад Захаду: свет падтрымлівае незалежную і дэмакратычную Беларусь. Беларусь – гэта Еўропа. Мы не дазволім Расіі акупаваць Беларусь. Расійская ядзерная зброя павінна быць неадкладна вывезеная з Беларусі. Вось што мы хацелі б пачуць». Відэатрансляцыя з абмеркаванняў у Атлантычнай радзе – па спасылцы.
МАГЧЫМАСЦІ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ. Выйшаў новы выпуск дайджэсту «Асвета», дзе сабраныя міжнародныя магчымасці для беларускіх студэнтаў і даследчыкаў.
АДУКАЦЫЯ Ў БЕЛАРУСІ. «Банк Ідэй» апублікаваў аналіз вынікаў маніторынгавага даследавання PISA 2018 і рэкамендацыі на базе вынікаў. Рэкамендацыі падрыхтаваў Ігар Варакса, экс-дырэктар ліцэя БДУ, кансультант Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях школьнай адукацыі. Поўны тэкст аналізу можна прачытаць тут – https://www.ideasbank.vision/projects/24
ВАЛАНЦЁРЫ ОФІСА. Выйшла відэа размовы Валанцёраў Офіса з прэс-сакратаркай Святланы Ціханоўскай Ганнай Красулінай. Там яна расказвае пра працу з медыя, інтэрв’ю Ціханоўскай, а таксама пра тое, як у Офісе фармулююцца пазіцыі. Паглядзець відэа можна па спасылцы.
ПОЛІСІ-БРЫФЫ. Оксфардская абсерваторыя па Беларусі пры дапамозе Даследчага цэнтра Офіса Святланы Ціханоўскай ды Інстытута глабальнага ўстойлівага развіцця Уорыцкага ўніверсітэта склала полісі-брыфы на тэмы: 1) «Устойлівыя аўтакратыі: чаму мы можам навучыцца з іх паразаў?»; 2) «Кітай, Беларусь і Расія: геапалітычны трыкутнік»; 3) «Падыход ЕС да Беларусі ў кантэксце шырокага суседства: ці існуе ў ЕС стратэгія?».
МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Washington Post (ЗША), Times Radio (Вялікабрытанія, міжнароднае), NBC (ЗША), Semafor Outlet (Міжнароднае), Helsingin Sanomat (Фінляндыя), Belsat (Беларусь), DW (1, 2) (Германія), Channel 4 (Вялікабрытанія), LBC's flagship political programme Tonight with Andrew Marr (1, 2) (Вялікабрытанія), TBS (Японія).