Сёння Святлана Ціханоўская сустрэлася з віцэ-прэм'ерам і міністрам замежных справаў Італіі Антоніа Таяні. Падчас сустрэчы абмяркоўвалі размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі і рэакцыю Захаду, сітуацыю з палітвязнямі, якіх трымаюць у ізаляцыі.
- Вынікі сустрэчы – коратка:
– Італія працягне выдаваць візы беларусам і стыпендыі беларускім студэнтам, а таксама прымаць дзяцей з рэпрэсаваных сем’яў на аздараўленне.
– Святлана Ціханоўская папрасіла Італію надаць дапамогу беларускім добраахвотнікам ва Украіне, падтрымаць беларускія культурныя ініцыятывы, якія ўмацоўваюць беларускую ідэнтычнасць. Міністр запэўніў у падтрымцы Італіяй дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці Беларусі.
– Беларуская лідарка прапанавала перадаць замарожаныя Італіяй на гэтым тыдні актывы звязаных з рэжымам людзей на падтрымку беларускіх палітвязняў.
– Італія гатовая падтрымаць расследаванне фактаў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь і саўдзел рэжыму ў гэтых злачынствах. Ціханоўская звярнула ўвагу, што група Вагнера прызнаная крымінальнай і тэрарыстычнай групоўкай, і прапанавала прызнаць рэжым Лукашэнкі спонсарам тэрарызму.
– У выніковай дэкларацыі саміту НАТА плануецца прысвяціць два параграфы Беларусі. Святлана Ціханоўская запрасіла міністра паўдзельнічаць у сайд-івэнтах па Беларусі падчас Саміту НАТА. А таксама супольна арганізаваць сайд-івэнт падчас Генасамблеі ААН.
– Італія не будзе пасылаць у Мінск пасла і зменшыць дыпламатычную прысутнасць да ўзроўню паверанага.