• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Падтрымка Ізраіля, удзел у Саміце еўрапейскай палітычнай супольнасці і Варшаўскім форуме па бяспецы. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 2-8 кастрычніка 2023

    08 кастрычніка, 2023

    ПАДТРЫМКА ІЗРАІЛЯ. 7 кастрычніка Ізраіль быў атакаваны з боку тэрарыстычнай арганізацыі ХАМАС. Святлана Ціханоўская выказала падтрымку народу Ізраіля, а таксама звярнулася да беларусаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі краіны: «Мы ўпэўненыя, што злачынцы, якія развязалі вайну і пасягнулі на ключавыя чалавечыя каштоўнасці, панясуць пакаранне. Мы выказваем спачуванні сем'ям і блізкім загінулых і смуткуем па шматлікіх ахвярах сярод мірнага насельніцтва. Беларусы, якія пражываюць у Ізраілю, уважліва слухайце паведамленні Камандавання тылу і выконвайце яго ўказанні. Беражыце сябе і сваіх блізкіх».

    УДЗЕЛ У САМІЦЕ. 5-6 кастрычніка Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у Саміце еўрапейскай палітычнай супольнасці, які сёлета праходзіў у Гранадзе (Іспанія). 47 кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў сабраліся, каб абмеркаваць пытанні бяспекі, эканамічнага ўзросту і сацыяльнай стабільнасці ў Еўропе. Беларуская лідарка прыбыла на Саміт па запрашэнні прэм'ер-міністра Іспаніі Педра Санчэса. Падчас Саміта яна правяла шэраг сустрэчаў з: кіраўніком еўрапейскай дыпламатыі Жазэпам Барэлем, прэм'ерам Іспаніі Педра Санчэсам, прэм'еркай Латвіі Эвікай Сіліняй, прэм’ерам Чэхіі Петрам Фіялам, прэм’ерам Нарвегіі Ёнасам Гар Сцёрэ, прэм’ерам Балгарыі Мікалаем Дэнкавым, прэм’ерам Арменіі Ніколам Пашынянам і міністрам замежных справаў Арменіі Араратам Мірзаянам.

    ВАРШАЎСКІ ФОРУМ. 3-4 кастрычніка Святлана Ціханоўская прымала ўдзел у Варшаўскім форуме па бяспецы. Падчас форума яна выступіла са зваротам да міжнароднай супольнасці: «Свет павінен перастаць думаць пра Беларусь як пра частку Расіі. Мы былі часткай Еўропы за шмат стагоддзяў да таго, як у Беларусь прыйшла Расія. Павага і абарона беларускага еўрапейскага выбару – вось што павінна быць неад’емнай часткай палітыкі Захаду. Часам гавораць, што Беларусь ужо прайграна Расіі. Але Украіна – а фактычна і ўся Еўропа – ніколі не будзе ў бяспецы, калі Беларусь застанецца ў кіпцюрах Расіі. Мы хочам пачуць ад вас, што дзверы Еўропы адчыненыя для беларусаў і наша краіна не будзе аддадзена Пуціну ў якасці суцяшальнага прыза».

    Упершыню падчас Варшаўскага форума прайшла дыскусія па сітуацыі ў Беларусі. Яна сабрала больш за 120 удзельнікаў, былі і прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. Святлана Ціханоўская выступіла перад удзельнікамі: «Зараз мы змагаемся за захаванне Беларусі як дзяржавы, што магчыма толькі ў тым выпадку, калі Беларусь стане часткай Еўрапейскага Саюза. Бо ў Беларусі, як і ў Украіны, у саюзе з Расіяй няма ніякай будучыні».

    Таксама беларуская лідарка правяла шэраг сустрэчаў: са старшынёй ПА АБСЕ  замежнымі міністрамі, амбасадарамі і парламентарыямі. Падрабязней пра сустрэчы чытайце па спасылцы.

    ВЫСТУП У КААРДЫНАЦЫЙНАЙ РАДЗЕ. 2 кастрычніка Святлана Ціханоўская выступіла з вялікай прамовай перад Каардынацыйнай Радай, дзе акрэсліла 7 асноўных прыярытэтаў працы дэмакратычных сілаў на бліжэйшы час: 1) візуалізацыя новай Беларусі; 2) падтрымка рэпрэсаваных; 3) прыцягненне вінаватых да адказнасці; 4) дапамога беларусам у выгнанні; 5) умацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў; 6) інфармацыйна-асветніцкая праца; 7) абарона незалежнасці Беларусі. Відэа выступ беларускай лідаркі можна паглядзець па спасылцы

    Падчас сваёй прамовы Ціханоўская выказалася наконт выбараў у Каардынацыйную Раду: «Яны могуць стаць альтэрнатывай выбарам у псеўдапарламент, якія праводзіць рэжым. Мы ў выбарах Лукашэнкі не ўдзельнічаем – яны незаконныя, але мы павінны скарыстацца гэтым як нагодай расказаць пра сваю альтэрнатыву».

    Таксама ў сваім выступе Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў унутры краіны: «Я толькі магу ўявіць, як цяжка працягваць працу ва ўмовах тэрору. Як жыць, калі кожную раніцу чакаеш візіт ГУБАЗіка. Але я прашу вас не апускаць рукі. Выкарыстоўвайце гэты час для самаразвіцця і захоўвайце баявы дух».

    БЕЛАРУСЬ-АБСЕ. Святлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і дарадцай па прававых пытаннях Крысцінай Рыхтэр, прыняла ўдзел у сайд-івэнце АБСЕ па Беларусі, які сёння прайшоў у Варшаве. На мерапрыемстве было абвешчана аб стварэнні групы «Сяброў дэмакратычнай Беларусі» з краін-удзельніц АБСЕ. Беларуская лідарка выказала свае чаканні ад работы групы: «Я заклікаю БДІПЧ і Сакратарыят АБСЕ запатрабаваць наведванні палітвязняў у Беларусі і публічна запытаць доступ да судовых працэсаў. Група сяброў у АБСЕ можа дапамагчы прыцягнуць рэжым Лукашэнкі і ягоных саўдзельнікаў да адказнасці за злачынствы супраць украінскіх дзяцей. Таксама БДІПЧ не павінна марнаваць свае рэсурсы на назіранне за рэжымнымі выбарамі ў 2024 годзе».

    КАМПЕНСАЦЫЯ ШКОДЫ. Офіс Святланы Ціханоўскай у супрацоўніцтве з беларускімі праваабарончымі арганізацыямі, НДА, юрыстамі і былымі адвакатамі, распрацаваў праект Канцэпцыі кампенсацыі шкоды. Хто і ў якой форме атрымае кампенсацыю шкоды згодна з праектам Канцэпцыі – чытайце па спасылцы. Самай прыярытэтнай задачай Канцэпцыі з'яўляецца сфармуляваць механізм, як будзе ажыццяўляцца вызваленне ўсіх, хто знаходзіцца ў месцах няволі па палітычных матывах. Падрабязней – глядзіце ў картках

    Цалкам з праектам можна азнаёміцца па спасылцы. Прапановы адносна дакументу прымаюцца праз тэлеграм-бот @AskOffice_Bot, электронную пошту transitionaljustice@tsikhanouskaya.org і гугл-форму.


    АКЦЫІ Ў БЕЛАРУСІ. 5 кастрычніка было тры гады як прайшоў першы марш пенсіянераў – Марш Мудрасці. З гэтай нагоды пенсіянеры зладзілі акцыю ў Беларусі і даслалі відэа з яе ў чат-бот Офіса. Святлана Ціханоўская пракаментавала: «Мае дарагія, тое, што нават у такіх умовах вы паказваеце сваю нязгоду з рэжымам, выступаеце супраць гвалту і хлусні, – сапраўды ўражвае і натхняе ўсіх нас. Сваімі дзеяннямі вы паказваеце ўсяму свету, што беларусы ўсё тыя ж, і мы не здаліся».

    ФОРУМ ЛЮБЛІНСКАЙ ЧАЦВЁРКІ. 6 кастрычніка прайшоў міжнародны Форум Люблінскай Чацвёркі. З 2021-га палітыкі, грамадскія дзеячы і журналісты Польшчы, Украіны і Літвы штогод праводзяць маштабны Форум, упершыню ў гісторыі на ім прагучаў голас беларусаў. Беларуская лідарка падкрэсліла, што ўсе ўдзельнікі Форума маюць агульную спадчыну і падзяляюць адныя і тыя ж каштоўнасці. «Калі Беларусь і Украіна стануць членамі Еўрасаюза, спробы Расіі аднавіць сваю імперыю будуць асуджаныя на правал. Менавіта таму Пуцін падтрымаў тэрор Лукашэнкі супраць беларусаў. Менавіта таму Пуцін развязаў вайну супраць Украіны. І менавіта таму так важна падтрымліваць дэмакратычную Беларусь і Украіну», – заявіла Ціханоўская.

    АДКАЗНАСЦЬ РЭЖЫМА. Беларуская лідарка прыняла ўдзел у сайд-івэнце ISANS аб прыцягненні да адказнасці вінаватых у злачынствах супраць беларусаў і ўкраінцаў. Таксама ў мерапрыемстве ўдзельнічалі дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр, беларускія юрысты і шэраг замежных экспертаў. Ціханоўская адзначыла: «Трэба збіраць інфармацыю аб парушэннях правоў чалавека, каб у нашых міжнародных партнёраў была магчымасць карыстацца сваімі мандатамі. Уся сабраная інфармацыя ляжа ў аснову магчымых судовых працэсаў у Міжнародным крымінальным судзе ці спецыяльных трыбуналах. Трэба, каб рэжым адказаў не толькі перад міжнароднай супольнасцю, але і перад народам Беларусі».

    СУСТРЭЧА З КАБІНЕТАМ. 2 кастрычніка ў Варшаве прайшло пасяджэнне Аб’яднанага Пераходнага Кабінета ў пашыраным складзе, прысутнічала і Святлана Ціханоўская. Падчас пасяджэння былі зацверджаныя 7 прыярытэтаў працы дэмакратычных сілаў на бліжэйшы час. 

    БЕЛАРУСЬ-ЛІТВА. Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька сустрэўся з кіраўніком дэлегацыі Сейма Літвы ў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Эмануэлісам Зінгерысам. Абмеркавалі бягучую сесію ПАРЕ, у якой прыме ўдзел дэлегацыя супольнасці беларускіх партый, што былі ліквідаваныя рэжымам. А таксама закранулі магчымасць павелічэння тэрміну дзеяння ВНЖ для беларусаў у Літве з аднаго года да трох.

    Таксама Святлана Ціханоўская выступіла на канферэнцыі па беларуска-літоўскіх адносінах у Сейме Літвы, якая адбылася 2 кастрычніка. У сваёй прамове яна выказалася наконт заяваў правакатараў у СМІ і інтэрнэце: «Такія заявы абуральныя і абсурдныя. Яны супярэчаць асноўным прынцыпам дэмакратыі і нацыянальным інтарэсам беларусаў». Ціханоўская падкрэсліла важнасць падзяляць беларусаў і рэжым, беларусаў і расіянаў, а таксама адзначыла неабходнасць захавання гуманітарнага калідора на мяжы Беларусі і Літвы: «Без такога калідора беларусы не змогуць выратаваць сваё жыццё і свабоду».

    МАГЧЫМАСЦІ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ. Выйшаў новы выпуск дайджэста Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі «Асвета». У ім вы можаце знайсці розныя адукацыйныя магчымасці, стыпендыі і стажыроўкі.

    Калі вы хочаце даведацца пра развіццё эканомікаў Еўропы пасля распаду СССР і шляхі трансфармацыі ў Беларусі, то гэты курс ад Вольнага Беларускага Ўніверсітэта для вас. Выкладчыкі курса – дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч і адзін з кіраўнікоў Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) Серж Наўродскі. Падрабязнасці пра курс чытайце па спасылцы.

    ВАЛАНЦЁРЫ ОФІСА. Валанцёры Офіса апублікавалі відэа з размовы з прадстаўніком Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па замежных справах Валерам Кавалеўскім. Размова ішла пра пашпарт новай Беларусі, адносіны з Украінай, Еўразвязам і іншымі партнёрамі, а таксама пра магчымае закрыццё межаў. Глядзіце відэа на You-Tube. 

    МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Politiken (Данія), AFP (Міжнароднае), American Purpose (ЗША), Voice of America (1, 2) (Міжнароднае).

    Апошнія навіны