Паважаны Бартэк, дзякуй за ласкавае прадстаўленне! І дзякуй Вам за арганізацыю форума ў гэтым годзе.
Мабыць, упершыню ў гісторыі Варшаўскага форуму па бяспецы праводзіцца асобная панэльная дыскусія па Беларусі. І я рада, што тут выступяць такія паважаныя дакладчыкі, як амбасадар Карпентэр, спадар Доўці і прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Аліна Коўшык.
Мы стваралі Абʼяднаны Пераходны Кабінет, каб прывесці Беларусь да дэмакратыі. І ў ім прадстаўлены ўсе асноўныя дэмакратычныя сілы Беларусі. Кабінет прадстаўляе інтарэсы беларусаў як у краіне, так і ў эміграцыі.
Калі пачалася паўнамаштабная вайна, а Лукашэнка стаў саўдзельнікам Пуціна, неабходнасць стварэння Кабінета стала відавочнай. Гэта інстытуцыйная структура, якая ўяўляе сабой альтэрнатыву рэжыму ў Мінску і наглядна паказвае, што беларускі народ і Лукашэнка – не адно і тое ж.
Часамі я чую ад замежных палітыкаў, што Беларусь канчаткова прайграная Расіі, а таму сканцэнтроўваць сілы трэба толькі ва Украіне. Гэта памылка. Будучыня Беларусі і Украіны пераплецена. Без Беларусі вайна Расіі супраць Украіны была б бессэнсоўнай. Калі б нашая рэвалюцыя ў 2020 годзе перамагла, то вайна, магчыма, ніколі б і не пачалася. Менавіта таму Пуцін так моцна трымае Беларусь, і менавіта таму ён так падтрымлівае Лукашэнку.
Але Беларусь – гэта яшчэ і самае слабае звяно Пуціна. Рэжым у Мінску ўразлівы, крохкі і не вытрымае колькі-небудзь значнага хвалявання. Беларускае грамадства ў абсалютнай большасці не падтрымлівае вайну. Мы бачылі гэта летась, калі беларускія партызаны ладзілі дыверсіі супраць расійскіх вайскоўцаў, а Лукашэнка не змог правесці мабілізацыю. Калі беларускім войскам будзе адданы загад уступіць у вайну, яны апалчацца супраць самога Лукашэнкі. За любымі хваляваннямі ў Беларусі могуць адбыцца хваляванні і ў Расіі – так ужо было ў 2020 годзе. Таму давайце глядзець на Беларусь не толькі як на праблему, але і як на магчымасць.
У 2020 годзе для беларусаў геапалітычны выбар не стаяў на парадку дня. Людзі пратэставалі супраць тыраніі. Мы змагаліся за дэмакратыю. Цяпер мы таксама змагаемся за сваю незалежнасць, за захаванне Беларусі як дзяржавы. А гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі Беларусь стане часткай Еўрапейскага Саюза. У Беларусі, як і ў Украіны, у саюзе з Расіяй няма ніякай будучыні.
Таму ў жніўні беларускія дэмакратычныя сілы зрабілі супольную заяву аб еўрапейскім выбары Беларусі. Сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе – вось нашая канчатковая мэта. Мы падзяляем усе тыя каштоўнасці, якія адстойвае Еўрапейскі Саюз, – вяршэнства закона, павага да кожнага чалавека, да чалавечага жыцця і правоў чалавека, свабода слова.
Тое бачанне будучыні, якое беларусы ўнутры краіны звязваюць з Еўропай, – страшны сон Лукашэнкі. Ён выкарыстоўвае тактыку выпаленай зямлі, каб цалкам вытруціць гэтае бачанне з галоў і сэрцаў беларусаў. Антызаходняя і антыўкраінская прапаганда, новая хваля русіфікацыі, абвяшчэнне ўсяго беларускага «экстрэмісцкім» і судовыя прысуды ўсім, хто асмеліцца аспрэчыць мару дыктатара пра Беларусь у якасці расійскай калоніі. Вось што адбываецца ў Беларусі. Мінулае змагаецца за тое, каб не настала будучыня.
Акрамя расійскай экспансіі ў Беларусі адбываюцца масавыя рэпрэсіі. У краіне ўжо не менш за паўтары тысячы палітычных зняволеных, а штодня арыштоўваюць па 20 чалавек. Іх утрымліваюць у нечалавечых умовах, катуюць, пазбаўляюць належнай медыцынскай дапамогі і ствараюць для іх умовы, якія пагражаюць іх жыццю. З-за гэтага ўжо загінуў не адзін чалавек.
Рэжым паранаідальна ставіцца да найменшых праяваў іншадумства. ГУБАЗіК і іншыя тэрарыстычныя групы фактычна выконваюць функцыі палітычнай паліцыі. Закон ім не пісаны – яны вольныя рабіць усё, што ім уздумаецца. Рэжым ператвараецца з аўтарытарнага ў таталітарны.
Рэпрэсіі закранулі не толькі людзей унутры краіны, але і ў эміграцыі. Спачатку беларусаў за мяжой пазбавілі выбарчых правоў. Цяпер рэжым адмаўляецца падаўжаць пашпарты ў консульствах. Пры гэтым людзі не могуць вярнуцца з-за рэпрэсій. Неўзабаве сотні тысяч беларусаў могуць застацца без легальных дакументаў і сутыкнуцца з пагрозай дэпартацыі. Каб вырашыць гэтую праблему, у наступным годзе мы збіраемся выпусціць пашпарты свайго ўзору і будзем дабівацца іх міжнароднага прызнання.
Мы працягваем працаваць па некалькіх ключавых напрамках: санкцыйны ціск на рэжым, прыцягненне да адказнасці яго прадстаўнікоў, барацьба з прапагандай, падтрымка беларускага грамадства і палітвязняў, фармаванне ўстойлівага дэмакратычнага руху, умацаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, падрыхтоўка да пераходу ўлады і стварэнне працуючай альтэрнатывы цяперашняй недзеяздольнай сістэме.
Мы імкнёмся паказаць беларусам, што ёсць альтэрнатыва гэтаму прадажнаму рэжыму, паказаць, што Беларусь можа быць іншай – мірнай, дэмакратычнай і квітнеючай.
Мы робім усё магчымае, каб наблізіцца да гэтай мэты і дайсці да еўрапейскай будучыні для Беларусі. І калі Еўрапейскі Саюз і дэмакратычныя краіны падтрымаюць нас на гэтым шляху, я ўпэўнена, што ў нас атрымаецца. Давайце разам працаваць над тым, каб наблізіць гэты момант.
Гэта не толькі для нашай карысці. Я лічу, што дэмакратычная Беларусь можа шмат чаго прапанаваць Еўропе, бо мы рабілі свой унёсак у еўрапейскую цывілізацыю на працягу стагоддзяў. Для аднаўлення міру і гарантавання бяспекі нам трэба не толькі каб Украіна перамагла, але і каб Беларусь стала вольнай.
Еўропа не будзе Еўропай без народу Беларусі.
Дзякуй.