• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Вынікі працы Офіса Ціханоўскай за тыдзень 31 траўня – 6 чэрвеня

    06 чэрвеня, 2021

    Справа Пратасевіча:

    – Святлана Ціханоўская сустрэлася з бацькамі Рамана Пратасевіча, правяла з імі сумесную прэс-канферэнцыю і заявіла: «Мы не маем права казаць пра змест ролікаў з Раманам. Мы павінны гаварыць пра тое, як вызваліць яго і ўсіх палітвязняў».

    – Ціханоўская звярнулася да ААН, БДІПЧ, АБСЕ і заклікала забяспечыць маніторынг турмаў у Беларусі і патрабаваць наведвання палітвязняў.

    Міжнародны ціск і санкцыі:

    – Пасля сустрэчы з сенатарамі ЗША Ціханоўская атрымала афіцыйнае запрашэнне выступіць у Камітэце па замежных справах Сената ЗША 9 чэрвеня. Слуханні адбудуцца перад самітам G7 і сустрэчай прэзідэнтаў ЗША і Расіі, таму Ціханоўская сваім выступам заявіць пазіцыю беларускіх дэмсілаў. З 3 чэрвеня ў дзеянне ўступілі санкцыі ЗША супраць нафтахімічнага комплексу.

    – Святлана Ціханоўская прыехала з візітам у Чэхію, дзе сустрэнецца з прэзідэнтам, прэм'ер-міністрам, кіраўніком МЗС і выступіць у Сенаце. Раней яна наведала Эстонію і Польшчу, дзе правяла сустрэчы з прэзідэнтамі. Эстонія паставіць Беларусь у прыярытэт на Радзе бяспекі ААН, дзе з 1 чэрвеня стала старшынёй, і выдзеліць 1 млн еўра на падтрымку грамадзянскай супольнасці, медыя і студэнтаў у Беларусі.

    – Па запрашэнні Літвы і Грэцыі Ціханоўская выступіць на пасяджэнні міністраў замежных спраў ЕС 21 чэрвеня ў Люксембургу, дзе абмяркуе рэалізацыю Плана дапамогі Беларусі, а таксама 4-ты і 5-ты пакеты санкцыяў.

    – Ціханоўская правяла тэлефанаванне з канцлерам Аўстрыі Курцам пасля інцыдэнту з Латыпавым і прапанавала Аўстрыі ўзяць ініцыятыву правесці міжнародную канферэнцыю высокага ўзроўня па тэме вырашэння крызісу ў Беларусі. Таксама стэлефанавалася з прэзідэнтам ПАРЕ Рыкам Дамсам, кіраўніком МЗС Кіпра Нікасам Хрыстадулідзісам і кіраўніком МЗС Вялікабрытаніі Дамінікам Раабам, каб абмеркаваць рычагі ціску на рэжым, запуск расследаванняў злачынстваў супраць беларусаў і больш шырокія санкцыі.

    – Славенія афіцыйна адклікала сваю згоду на працу беларускага ганаровага консульства ў Любляне. Італія адмовілася акрэдытаваць пасла Беларусі, прызначанага Лукашэнкам.

    Салідарнасць і дапамога:

    – Ціханоўская заклікала падтрымаць план «Перамога», распрацаваны Сітуацыйна-Аналітычным Цэнтрам для мабілізацыі пратэстнага актыву. Далучыцца можа кожны, дэталі плана – на сайце (даступны праз VPN).

    – У Варшаве Святлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі КР і НАК, ByPol і з лідарамі рабочага руху ў Беларусі – Юрыем Рававым, Дзмітрыем Цітам, Сяргеем Дылеўскім. З рабочымі правялі сумесную прэс-канферэнцыю, дзе разам з прадстаўніком Ціханоўскай па эканоміцы Аляхновічам распавялі пра Праграму падтрымкі ўдзельнікаў стачачнага руху, людзей і бізнесаў, што пацярпелі ад рэжыму.

    – Ціханоўская падтрымала актывістаў са Жлобіна. На тэлефанаванні яны расказалі ёй, што адбываецца ў іх горадзе: больш за 20 палітвязняў, дзясяткі сем'яў выехалі з-за рэпрэсій. Праца актывістаў заключаецца ў падтрымцы палітвязняў і іх сем'яў. У горадзе ёсць закрытыя супольнасці, свой незалежны тэлеграм-канал @free_zhlobin, выдаецца незалежная газета.

    – Дарадца Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі і кіраўнік Кабінета Валер Кавалеўскі прынялі ўдзел у тэлефанаванні са студэнтамі. Яны абмеркавалі гісторыю з самалётам Ryanair, бяспечныя формы пратэсту і падтрымку адукацыйных праектаў. Таксама Валер Кавалеўскі стэлефанаваўся з валанцёрамі Офіса. Стаць валанцёрам можна, запоўніўшы анкету на сайце.

    – Валанцёры Офіса адправілі 1000 паштовак палітвязням. Таксама яны распаўсюджваюць па ўсёй Беларусі ўлёткі і налепкі пра план «Перамога».

    – Адбылася Міжнародная канферэнцыя «Дэмакратычныя выбары для вырашэння крызісу ў Беларусі», у якой прынялі ўдзел беларускія і замежныя эксперты. На канферэнцыі абмеркавалі, як рэфармаваць выбарчы кодэкс і правесці сумленныя выбары.

    – Ціханоўская ў інтэрв'ю беларускім і замежным выданням распавяла пра сітуацыю ў Беларусі: SVT (Швецыя), Le Figaro (Францыя), ZDF (Германія), Foreign Policy, Frankfurter Allgrmeine (Германія), Reuters, TUT.by, РАР (Польшча), Opinio Juris (Італія).

    Апошнія навіны