Рэалізацыя плана пачнецца з надыходам дэмакратычных зменаў у нашай краіне. Рэформы створаць умовы для эканамічнага росту, устойлівасці эканомікі і стварэння працоўных месцаў.
Заяўлены аб'ём фінансавання становіцца першым публічна абвешчаным унёскам міжнароднай супольнасці ў пабудову Новай Беларусі. На пачатковым этапе і ў далейшым чакаецца ўдзел міжнародных фінансавых інстытутаў (перш за ўсё, МВФ, Сусветны банк, Міжнародная фінансавая карпарацыя), а таксама ўрадаў краін Захаду.
Паводле ацэнак Офіса Святланы Ціханоўскай, поўны аб'ём міжнароднага фінансавання – з улікам Плана ЕС, стабілізацыйнай праграмы МВФ, дапамогі ад Сусветнага банка і іншых МФІ – складзе каля 10 млрд даляраў на першыя 3 гады Новай Беларусі.
Асноўныя палажэнні плана ўключаюць:
– інвестыцыйны пакет на 3,6 мільярда даляраў ЗША (3 млрд еўра);
– доля грантаў (не падлягаюць вяртанню) ацэньваецца ў 500 мільёнаў даляраў;
– правядзенне Інвестыцыйнага форуму Беларусь-ЕС высокага ўзроўня пад магчымасці Новай Беларусі;
– правядзенне Сустрэчы донараў высокага ўзроўня ЕС для вылучэння грантаў для эканамічнай трансфармацыі Беларусі.
Сродкі будуць накіраваныя на падтрымку структурных рэформаў і павышэнне канкурэнтаздольнасці, уключаючы:
– кіраванне эканомікай і развіццё прыватнага сектара;
– вяршэнства права і незалежная судовая сістэма;
– развіццё чалавечага капіталу, уключаючы сферу адукацыі, сацыяльную абарону і ахову здароўя;
– празрыстае, падсправаздачнае, інклюзіўнае дзяржкіраванне пры ўдзеле грамадзянскай супольнасці і пад кантролем свабодных медыяў.
Мяркуюцца аб'ёмныя інвестыцыі ў сучасную інфраструктуру, а таксама ў «зялёную» і лічбавую трансфармацыю эканомікі.
Святлана Ціханоўская: «Я ўдзячная ЕС за рэалізацыю Плана. Гэта сапраўды ліст надзеі і падтрымкі для беларускага народа, як і напісала Урсула фон дэр Ляен».