УДЗЕЛ У ПАНЭЛЬНАЙ ДЫСКУСІІ НА ФОРУМЕ ПА БЯСПЕЦЫ Ў АМЕРЫКАНСКІМ АСПЕНЕ
16 ліпеня, падчас Аспенскага форуму па бяспецы Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у панэльнай дыскусіі «Дрэйф: Еўропа ў перыяд пераменаў». Разам з беларускай лідаркай у размове ўдзельнічалі генеральная сакратарка Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Белен Марцінес Карбанэль, міністр абароны і знешняга гандлю Бельгіі Тэа Франкен, міністр юстыцыі і бяспекі Нідэрландаў Давід ван Вэл. Мадэратарам дыскусіі выступіў журналіст The Washington Post Пітэр Шпігель.
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ ДАЛУЧЫЛАСЯ ДА ФЕСТЫВАЛЮ ТУТАКА
17–19 ліпеня фестываль ТУТАКА сабраў беларусаў і беларусак з розных краінаў. Тут размаўлялі пра тое, што хвалюе нашую супольнасць, спрачаліся пра будучыню Беларусі, знаёміліся з беларускімі праектамі, слухалі музыку і проста радаваліся магчымасці пабыць сярод сваіх. Адным з пунктаў праграмы стала сустрэча са Святланай Ціханоўскай у фармаце «пытанне-адказ», дзе кожны ахвотны мог задаць сваё пытанне.
ЦІХАНОЎСКАЯ ПАДТРЫМАЛА ГРАМАДСКУЮ ІНІЦЫЯТЫВУ ПА ЎСТАЛЯВАННІ БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛАГА СЦЯГА НА ГРУНВАЛЬДСКІМ ПОЛІ
14 ліпеня Святлана Ціханоўская накіравала лісты Маршалку Вармінска-Мазурскага ваяводства і кіраўніцтву Музея Грунвальдскай бітвы з просьбай разгледзець магчымасць усталявання на Грунвальдскім полі гістарычнага бел-чырвона-белага сцяга. Такім чынам яна падтрымала грамадскую ініцыятыву беларусаў, пад якой ужо сабрана больш за тысячу подпісаў беларускіх палітыкаў, культурных і грамадскіх дзеячаў, гісторыкаў і актывістаў.
СУСТРЭЧА З МЗС АЎСТРЫІ
15 ліпеня дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі і прадстаўнікі беларускіх арганізацый сустрэліся з дырэктарам дэпартамента Міністэрства замежных справаў Аўстрыі па справах Усходняй Еўропы Томасам Мюльманам. У сустрэчы ўдзельнічалі: Беларускі Хельсінскі Камітэт, Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, Беларуская Рада культуры. Удзельнікі пазнаёмілі кіраўніка дэпартамента з актуальнай сітуацыяй у Беларусі, распавялі пра працу беларускіх арганізацый і абмеркавалі, як працягваць супрацоўніцтва пасля папярэдніх візітаў Святланы Ціханоўскай у Аўстрыю.
РЭПРЭСІІ СУПРАЦЬ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ
У Беларусі зачыніліся крамы Honar, LSTR Adzenne і Ragna. Было адменена святкаванне Купалля ў «Дукорскім маёнтке» пад Мінскам і фестываль «Наш Грунвальд». Святлана Ціханоўская адрэагавала на ціск на беларускія брэнды і фестывалі: «Нашую культуру нельга проста адмяніць, бо яна жыве ў кожным з нас. Мы заўсёды захоўваем яе ў нашым сэрцы. Беларускасць можа быць рознай: ціхай і гучнай, традыцыйнай і вельмі сучаснай, у вышыванцы і ў худзі, у народным спеве і ў новай песні. Гэта тое, кім мы ёсць. І ніякія забароны не змогуць гэта змяніць».
АГЛЯД ПАДЗЕЙ У СФЕРЫ АДУКАЦЫІ І НАВУКІ ЗА ЧЭРВЕНЬ 2026
Чэрвень 2026 года адзначыўся далейшым узмацненнем ціску на беларускую акадэмічную супольнасць, пашырэннем мілітарызацыі школьнай адукацыі і новымі спробамі ізаляваць беларускіх абітурыентаў ад замежнай адукацыі. Адначасова па-за межамі краіны працягвалася праца над канцэпцыяй рэформы беларускай адукацыі, развівалася міжнароднае акадэмічнае супрацоўніцтва і адбываліся ключавыя экспертныя дыскусіі пра будучыню беларускай навукі, культуры і ўніверсітэтаў у выгнанні. Дарадца Святланы Ціханоўскай па навуцы і адукацыі падрыхтаваў падрабязны агляд падзей у Беларусі і па-за яе межамі.
АПУБЛІКАВАНА ПРАГРАМА КАНФЕРЭНЦЫІ «НОВАЯ БЕЛАРУСЬ»
8–9 жніўня ў Варшаве пройдзе Канферэнцыя Новая Беларусь, дзе збяруцца беларусы і беларускі з розных краін, каб абмеркаваць галоўныя выклікі, магчымасці і крокі для дэмакратычных сілаў. У праграме — дэбаты, прэзентацыі праектаў, кадравыя прызначэнні, цырымонія ўзнагароджанняў і шэсць асноўных панэляў.
МЕДЫЯ
На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю: Наша Ніва (Беларусь), De Volkskrant (Нідэрланды), The Sun (Вялікабрытанія), Avvenire (Італія)
