• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларускія арганізацыі абмеркавалі з МЗС Аўстрыі падтрымку палітвязняў, грамадзянскай супольнасці і вырашэнне праблемаў дыяспары

    14 ліпеня, 2026

    Дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі і прадстаўнікі беларускіх арганізацый сустрэліся з дырэктарам дэпартамента Міністэрства замежных справаў Аўстрыі па справах Усходняй Еўропы Томасам Мюльманам.

    У сустрэчы ўдзельнічалі:

    Беларускі Хельсінскі Камітэт;
    Праваабарончы цэнтр «Вясна»;
    Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства;
    Беларуская Рада культуры.

    Гэта была першая сустрэча з новым кіраўніком дэпартамента. Удзельнікі пазнаёмілі яго з актуальнай сітуацыяй у Беларусі, распавялі пра працу беларускіх арганізацый і абмеркавалі, як працягваць супрацоўніцтва пасля папярэдніх візітаў Святланы Ціханоўскай у Аўстрыю.

    Сярод асноўных тэмаў сустрэчы:

    — становішча палітычных зняволеных і працяг рэпрэсій у Беларусі;
    — транснацыянальныя рэпрэсіі і пераслед беларусаў за межамі краіны;
    — падтрымка грамадзянскай супольнасці і культурных ініцыятываў;
    — праблемы беларусаў у Аўстрыі з легалізацыяй, пратэрмінаванымі пашпартамі і атрыманнем праязных дакументаў;
    — супрацоўніцтва беларускіх дэмакратычных сілаў з Украінай.

    Прадстаўнікі праваабарончых арганізацый распавялі пра колькасць палітычных зняволеных, сітуацыю ўнутры краіны і пераслед беларусаў за яе межамі. Яны падкрэслілі, што вызваленне асобных людзей не вырашае праблему цалкам: неабходныя сістэмныя змены, спыненне рэпрэсій і дапамога ўсім, хто прайшоў праз турмы і пераслед.

    Ад Праваабарончага цэнтра «Вясна» ў сустрэчы ўдзельнічаў былы палітвязень Уладзімір Лабковіч. Ён распавёў пра ўласны досвед зняволення і пра тое, з чым сутыкнуўся пасля вызвалення. Пераслед супраць яго працягваецца, у тым ліку – узбуджаюцца новыя крымінальныя справы.

    Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці расказалі, як беларускія арганізацыі працягваюць працаваць ва ўмовах рэпрэсій і выгнання, падтрымліваюць сувязь з людзьмі ўнутры краіны і якія формы дапамогі ім патрэбныя. Таксама гаварылі пра магчымасці супрацоўніцтва з аўстрыйскімі партнёрамі.

    Беларуская Рада культуры прадставіла актуальную сітуацыю ў культурнай сферы і распавяла пра беларускіх творцаў у еўрапейскім кантэксце. 

    Дзяніс Кучынскі падзякаваў Аўстрыі за далучэнне да Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі палітычным зняволеным і ўнёсак у памеры 20 тысяч еўра:

    «Для нас было важна наладзіць кантакт з новым кіраўніком дэпартамента і працягнуць працу па дамоўленасцях, дасягнутых падчас папярэдніх візітаў Святланы Ціханоўскай у Аўстрыю. Мы ўдзячныя Аўстрыі за падтрымку беларускіх палітвязняў, пацярпелых ад рэпрэсій і агульнай еўрапейскай палітыкі ціску на рэжым.

    Асобна мы гаварылі пра беларусаў, якія жывуць у Аўстрыі. Пратэрмінаваныя пашпарты, атрыманне праязных дакументаў і іншыя праблемы з легалізацыяй для многіх людзей сталі вельмі складанымі пытаннямі. Мы разумеем, што простых рашэнняў тут няма, але важна іх шукаць і заставацца ў пастаянным кантакце з беларускай дыяспарай.

    У Аўстрыі таксама жывуць і працуюць беларускія дзеячы культуры і прадстаўнікі іншых прафесій, якія пакуль не могуць вярнуцца дадому. Важна дапамагаць ім працягваць працу і захоўваць сувязь з Беларуссю».

    Бакі дамовіліся перавесці абмеркаваныя ініцыятывы ў практычную плоскасць і працягнуць каардынацыю на працоўным узроўні.

     

    Апошнія навіны