Чэрвень 2026 года адзначыўся далейшым узмацненнем ціску на беларускую акадэмічную супольнасць, пашырэннем мілітарызацыі школьнай адукацыі і новымі спробамі ізаляваць беларускіх абітурыентаў ад замежнай адукацыі. Адначасова па-за межамі краіны працягвалася праца над канцэпцыяй рэформы беларускай адукацыі, развівалася міжнароднае акадэмічнае супрацоўніцтва і адбываліся ключавыя экспертныя дыскусіі пра будучыню беларускай навукі, культуры і ўніверсітэтаў у выгнанні.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па навуцы і адукацыі падрыхтаваў падрабязны агляд падзей у Беларусі і па-за яе межамі.
Падзеі ў Беларусі:
- Працяг рэпрэсій у акадэмічным асяроддзі
У чэрвені па ўсёй краіне пракацілася хваля ператрусаў у сувязі з абвяшчэннем Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта экстрэмісцкай арганізацыяй. Толькі ў першай палове месяца іх колькасць дасягнула 60. Яны праводзіліся ў выпускнікоў, цяперашніх студэнтаў і іх родных. У шэрагу выпадкаў бацькам студэнтаў пагражалі крымінальным пераследам, калі іх дзеці не адлічацца з ЕГУ на працягу 10 дзён. Вядомы выпадак узбуджэння крымінальнай справы за аплату навучання, здзейсненую ў 2016 г.
Аляксандр Пархоменка, настаўнік працоўнага навучання сярэдняй школы школы №6 г. Мазыра, быў асуджаны Гомельскім абласным судом за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» у чэрвені 2026 г. Дакладны прысуд невядомы, але па звестках праваабаронцаў гэта ці папраўчыя работы («хімія») ці зняволенне ў калоніі.
Па падобнаму абвінавачванні Мінскім гарадскім судом быў асуджаны студэнт факультэта камп’ютарных сістэм і сетак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Данііл Брыкун. Яму прысудзілі папраўчыя работы па месцы жыхарства («хатнюю хімію»).
Асуджаныя за «садзейнічанне экстрэмізму» пажыццёва пазбаўляюцца права на педагагічную дзейнасць.
- Мілітарызацыя летняга адпачынку школьнікаў
Мілітарысцкая рыторыка шырока выкарыстоўваецца для правядзення летняй кампаніі аздараўлення дзяцей. Яе дэвізам стаў лозунг «Лаві момант – падаруе лета сто перамог». Падкрэсліваецца, што ключавым вектарам аздараўлення з’яўляецца «грамадзянска-патрыятычнае выхаванне», якое ўключае ўключае ўрачыстыя лінейкі з вынасам сцяга і выкананнем гімна, паказы тэматычных фільмаў.
10–16 чэрвеня 2026 г. на вайсковым палігоне «Брэсцкі» быў праведзены рэспубліканскі фінал дзіцячых гульняў «Зарнічкі», «Зарніцы» і «Арляня». Гэта мілітарысцкія практыкаванні, разлічаныя на ўсе ўзроставыя групы школьнікаў. Маштаб ахопу дзяцей, у тым ліку аб’яднанне гульняў у адзіны цыкл, значна пераўзыходзіць памеры мілітарызацыі ў познім Савецкім Саюзе.
- Кампанія запалохвання жадаючых навучацца за мяжой
У чэрвені 2026 г. разгарнулася кампанія пад назвай «Пяць нагод сказаць “не” замежнай ВНУ». Першай з іх стала сцвярджэнне, што «шэраг замежных навучальных устаноў і фондаў афіцыйна прызнаны экстрэмісцкімі фарміраваннямі, іх дыплом у Беларусі стане «воўчым білетам», а вяртанне дадому ператворыцца ў вялізную праблему». Сярод іншых узгаданы «нулявыя шанцы на добрую працу», тое, што нібыта дыпламаваныя выпускнікі гадамі працуюць афіцыянтамі, кур’ерамі, сядзелкамі, проста каб зачапіцца за ВНЖ.
- Нарада міністраў адукацыі дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва
10-я нарада міністраў адукацыі дзяржаў — членаў ШАС адбылася 16–17 чэрвеня 2026 года ў Мінску. У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі профільных ведамстваў і дэлегацыі краін арганізацыі (Індыя, Іран, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Пакістан, Расія, Таджыкістан і Узбекістан). Па выніках нарады падпісаны Пратакол, які вызначыў прыярытэты супрацоўніцтва на 2027–2029 гады. На сустрэчы была прэзентаваная «Мінская ініцыятыва», якая прапануе стварыць навукова-адукацыйны кансорцыум ВНУ і высокатэхналагічных карпарацый ШАС. Асобная ўвага была нададзеная трансфармацыі сеткавага Універсітэта ШАС.
Вядома, што падобныя нарады збольшага носяць цырыманіяльны характар. Больш актыўна супрацоўніцтва развіваецца ў двухбаковым фармаце.
- Міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне адукацыі
У чэрвені 2026 г. міністр адукацыі А. Іванец правёў шэраг сустрэч з замежнымі партнерамі, у тым ліку з намеснікам міністра адукацыі КНДР Ры Чхан Сікам, намеснікам міністра навукі і адукацыі Азербайджана Фірудзінам Гурбанавым, амбасадарам Кітая ў Беларусі Чжанам Вэньчуанем.
Надзвычай абмежаваная інфармацыя аб сустрэчы з калегам з КНДР укосна сведчыць аб тым, што афіцыйны Мінск не хацеў бы празмерна дэманстраваць развіццё адносінаў з гэтай краінай. Разам з тым, Кітай становіцца партнерам нумар адзін у сферы міжнароднага супрацоўніцтва Беларусі ў сферы адукацыі і навукі. Пра гэта сведчаць прамыя кітайскія інвестыцыі ў адукацыйныя праекты (праграмы па біятэхналогіі, ліцейных і адытыўных тэхналогіях), павелічэнне ў 3 разы колькасці кітайскіх студэнтаў у Беларусі, пашырэнне сеткі (да 6) інстытутаў Канфуцыя.
Падзеі па-за межамі Беларусі:
- Семінар па праекце рэформы адукацыі ў Беларусі
Першы семінар у межах праекта «Форум Беларусь: адукацыйныя рэформы для дэмакратычнай Беларусі» адбыўся 11—14 чэрвеня 2026 г. у Крыжовай пад Уроцлавам. Арганізатарам семінара і праекта ў цэлым стала Нямецкае таварыства па даследаванні Ўсходняй Еўропы (DGO e. V.) у партнёрстве з Фондам для еўрапейскага паразумення «Кшыжова». Мэта праекта – распрацоўка кірункаў рэфармавання беларускай сістэмы адукацыі з улікам досведу Польшчы і Германіі. Удзельнікамі імпрэзы сталі беларускія эксперты, выкладчыкі і настаўнікі, грамадзянскія актывісты, а таксама запрошаныя даследчыкі адукацыі з Польшчы. Разам яны абмеркавалі шырокае кола пытанняў, у тым ліку: шляхі дэідэалагізацыі школьнай адукацыі, кадравую палітыку і люстрацыю, акадэмічныя свабоды і аўтаномію ўніверсітэтаў, інтэрнацыяналізацыю і становішча беларускай адукацыі ў выгнанні.
- Канферэнцыя «Культура ў палоне мінулага»
Міждысцыплінарная навуковая канферэнцыя «Культура ў палоне мінулага» прайшла 11-13 чэрвеня 2026 г. у Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча. Яна адбылася дзякуючы падтрымцы Scholars for Belarus by akno e.V. У канферэнцыі прыняло ўдзел больш за 40 даследчыкаў у галінах гісторыі, этналогіі, сацыялогіі, спадчыны, літаратуразнаўства, мастацтвазнаўства. Дыскусіі тычыліся ролі канонаў у беларускай культуры, гісторыі і спадчыны, іх пераасэнсавання і трансфармацыі.
- Форум імя Рамана Скірмунта
4-ы Беларуска-польскі экспертны форум імя Р. Скірмунта адбыўся 18—19 чэрвеня 2026 г. у Варшаве. Публічная частка форуму ўключала ў сябе некалькі прэзентацый даследаванняў. У тым ліку: маніторынгу ўплываў ідэалогіі «Рускага міру» і інстытутаў мяккай сілы Расіі ў Беларусі, сацыялагічнага апытання стаўлення грамадскай думкі да беларусаў у Польшчы ў параўнанні з Літвой, Латвіяй і Украінай, сцэнараў магчымага развіцця падзей у Беларусі пасля патэнцыйнага мірнага ўрэгулявання ва Украіне.
- Прэзентацыя манаграфіі Ганны Энгелькінг
Прэзентацыя беларускамоўнага выдання манаграфіі «Калгаснікі. Антрапалагічнае даследаванне ідэнтычнасці жыхароў беларускай вёскі на мяжы XX і XXI стагоддзяў» польскай даследчыцы Ганны Энгелькінг адбылася 18 чэрвеня 2026 г. у Варшаве падчас публічнай праграмы 4-га Беларуска-польскага экспертнага форуму імя Р. Скірмунта. Гэта фундаментальная праца, заснаваная на шматгадовых палявых даследаваннях у беларускіх вёсках у 1993–2011 гг. Яна дэманструе, якім чынам савецкі досвед калектывізацыі і атэізацыі, рэпрэсій і вайны сфармаваў унікальны менталітэт і ідэнтычнасць, якія дагэтуль уплываюць на сучаснае беларускае грамадства.
- Канферэнцыя «Па-за межамі перамяшчэння: будучыня ўніверсітэтаў і даследчыкаў у выгнанні»
Канферэнцыя «Па-за межамі перамяшчэння: будучыня ўніверсітэтаў і даследчыкаў у выгнанні» адбылася 8—10 чэрвеня 2026 г. у Вене. Арганізатарамі яе выступілі Цэнтральнае агенцтва па кіраванні праектамі (CPVA), праграма EU4Belarus і Цэнтральна-Еўрапейскі ўніверсітэт. У фокусе ўвагі ўдзельнікаў апынуліся праблемы захавання акадэмічных свабод перад выклікамі аўтарытарызму, умацвання ўстойлівасці і выканання місіі ўніверсітэтаў у выгнанні, інавацыйныя мадэлі выкладання, даследаванняў і грамадзянскай актыўнасці ва ўмовах вымушанай эміграцыі. Беларускія даследчыкі прадставілі вынікі даследаванняў у галіне гісторыі, гістарычнай памяці, рэлігіі, ідэнтычнасці, культуры і супраціву. Праграма канферэнцыі ўключала семінары па падрыхтоўцы публікацый у міжнародных выданнях, па напісанні праектных прапаноў і будаванню акадэмічнай кар’еры.
