• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Ціханоўская ў Інсбруку: прамовы ў Management Center Innsbruck і на European Media Summit 

    07 снежня, 2025

    Пасля ўдзелу ў міністэрскай сустрэчы АБСЕ ў Вене Святлана Ціханоўская прыбыла з працоўным візітам у аўстрыйскі Інсбрук. Візіт адбыўся на фоне актывізацыі міжнародных дыскусіяў пра будучыню еўрапейскай бяспекі, становішча ў Беларусі і ролю медыя ў абароне дэмакратыі.

    Увечары 5 снежня Ціханоўская выступіла перад студэнтамі і выкладчыкамі прэстыжнага Management Center Innsbruck на дыскусіі “Europe in the World: What about Freedom & Democracy?”.

    Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета распавяла пра сітуацыю ў Беларусі, гуманітарны трэк па вызваленні палітвязняў і адзначыла, што вызваленні апошніх месяцаў — вынік супольных намаганняў ЗША і ЕС, але рэжым працягвае рэпрэсіі і ўтрымлівае больш за 1200 чалавек за кратамі.

    Ціханоўская заклікала еўрапейскія дзяржавы інвеставаць у незалежныя медыя, праваабарончыя і культурніцкія ініцыятывы, а таксама пашыраць адукацыйныя праграмы і стыпендыі для беларускай моладзі: «Інвестыцыі ў людзей — гэта найлепшая інвестыцыя ў будучыню дэмакратычнай Беларусі. Нам патрэбныя масты з Еўропай, бо рэжым робіць усё, каб адразаць беларусаў ад свету».

    Асобна яна распавяла пра важнасць беларускай мовы і ідэнтычнасці, адзначыўшы, што рэжым мэтанакіравана знішчае нацыянальную культуру, бо яна з’яўляецца крыніцай самапавагі і супраціву: «Беларуская мова і культура ўмацоўваюць нашае грамадства і дапамагае супрацьстаяць «рускаму міру».

    Ва ўніверсітэце MCI у Інсбруку ўжо два гады дзейнічае адмысловая стыпендыяльная праграма для беларусаў пад патранажам Святланы Ціханоўскай, якая дае беларускім студэнтам магчымасць бясплатнага навучання на многіх праграмах.

    Раніцай 6 снежня Ціханоўская выступіла на European Media Summit, які аб’яднаў журналістаў, палітыкаў, уладальнікаў медыя і экспертаў з краінаў Цэнтральнай і Заходняй Еўропы.

    У сваёй прамове яна падкрэсліла ролю свабодных медыя ў барацьбе з дыктатурай і адзначыла, што Беларусь — прыклад краіны, дзе знішчэнне незалежных медыя і альтэрнатыўных галасоў адкрыла шлях таталітарнай уладзе.

    Ціханоўская таксама распавяла пра ўмовы ўтрымання палітвязняў, масавую дэзынфармацыю і ролю тэхналогіяў, якія рэжым выкарыстоўвае для кантролю над грамадствам. Яна заклікала еўрапейскія краіны павялічыць падтрымку незалежных медыя, каб забяспечыць беларусам доступ да надзейнай інфармацыі.

    Падчас канферэнцыі Ціханоўскую спыталі і пра ролю Беларусі ў кантэксце перамоваў па Украіне. Ціханоўская адзначыла: «Мір ва Украіне можа адкрыць акно магчымасцяў і для Беларусі. Але толькі пры ўмове, што Беларусь не застанецца пад кантролем Расіі».

    Візіт у Інсбрук стаў працягам міжнароднай працы Ціханоўскай па працягненні ўвагі да Беларусі, развіцця праграмаў абменаў і падтрымкі для моладзі, і ўмацавання сувязяў з ЕС.

    Апошнія навіны