У Вашынгтоне Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі правёў перамовы з Эндзі Бэйкерам, намеснікам дарадцы па бяспецы прэзідэнта Дональда Трампа.
Кучынскі адзначыў выбітную дыпламатычную працу амерыканскага боку і выказаў спадзяванне, што гуманітарны працэс вызваленняў працягнецца і ўсе выйдуць на свабоду. Ад імя Святланы Ціханоўскай, Кучынскі перадаў падзякі прэзідэнту за вызваленне больш за 100 закладнікаў рэжыму і за прызначэнне Джона Коўла на пасаду спецпрадстаўніка па Беларусі, бо такія дзеянні паказваюць, што Беларусь з’яўляецца прыярытэтам для прэзідэнта Трампа. Кучынскі адзначыў, што першым званком пасля прызначэння Коўла быў званок Ціханоўскай.
Падчас сустрэчы абмеркавалі:
1. Гуманітарны працэс вызвалення беларускіх палітзняволеных.
2. Працэс перамоваў па Украіне і як яны закрануць лёс Беларусі.
3. Важнасць аднаўлення і ўмацавання суверэнітэту Беларусі і запуску працэсу дэмакратычных пераўтварэнняў.
4. Працяг Стратэгічнага дыялогу паміж Злучанымі Штатамі і беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
5. Цяперашнія гібрыдныя атакі супраць краінаў ЕС, у тым ліку Польшчы і Літвы, і неабходнасць пастаяннага ціску на рэжым.
Дзяніс Кучынскі:
«Будучыня свету фарміруецца на гэтым тыдні. Вось чаму сёння я знаходжуся ў Белым доме ад імя Святланы Ціханоўскай. Гэта мой трэці візіт у Белы дом за апошнія 5 месяцаў. Для дэмакратычных сілаў важна, каб Беларусь змагла аднавіць незалежнасць і распачаўся дэмакратычны транзіт. Я падзякаваў за выбітную дыпламатычную працу амерыканскага боку па вызваленні закладнікаў рэжыму дзякуючы Дональду Трампу і нястомным намаганням Джона Коўла і яго каманды. І выказаў спадзяванні, што гуманітарны працэс вызваленняў будзе працягвацца і ўсе палітвязні выйдуць на свабоду».
